Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Раённая цэнтральная бібліятэка прэзентавала зборнік нарысаў «На дарогах жыцця»

На дарогах жыцця… Зборнік нарысаў пад такой назвай выдадзены ў мінулым годзе – Годзе малой радзімы – раённай цэнтральнай бібліятэкай імя Ганны Новік. У ім сабраны матэрыялы нашай зямлячкі Галіны Капцюг, а таксама іншых аўтараў пра гэту вядомую не толькі ў нас жанчыну.

Яна нарадзілася і вырасла на Мядзельшчыне, там (пасля вучобы ў культпрасветвучылішчы і БДУ) працавала піянерважатай у школе, затым – інструктарам райкама камсамола, дырэктарам Дома піянераў. З 1968 года Галіна Ігнацьеўна жыве ў Вілейцы, якую, як і сваю родную Мядзельшчыну, любіць усёй душой. Настаўнічала, выкладала рускую мову і літаратуру, а на пенсію выйшла з пасады намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1. Сумленная праца настаўніцы адзначана граматамі раённага і абласнога ўпраўленняў адукацыі, Міністэрства асветы БССР, а яшчэ – медалём «За працоўную доблесць». Галіна Ігнацьеўна – выдатнік народнай асветы БССР.

З 2002 года гераіня гэтай публікацыі на заслужаным адпачынку, але, як і раней, жыве цікава, напоўнена. Свой вольны час яна штодня распланоўвае. Рэпетыцыі (яна спявае ў народным хоры ветэранаў), выступленні на розных мерапрыемствах, экскурсіі, паездкі, наведанне шматлікіх культурных мерапрыемстваў, што адбываюцца на Вілейшчыне… А яшчэ – сустрэчы з цікавымі людзьмі, любімая справа – вышыванне, праведванне нямоглых сяброў, тэлефонныя размовы з імі – усё гэта заўсёды ёсць у штодзённым раскладзе Галіны Ігнацьеўны. Як, дарэчы, і сустрэчы з дзецьмі і ўнукамі, якімі яна ганарыцца і вельмі іх любіць.

Кніга «На дарогах жыцця» падзелена на часткі, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Асабістае», «Лёсы дзяцей вайны», «Аб настаўніку», «З песняй па жыцці», «Залатая пара жыцця», «Падарожжа», «Рознае». У нарысах гэтых раздзелаў – усё жыццё Галіны Ігнацьеўны Капцюг: ад нялёгкага дзяцінства (дзяўчынка ўбачыла свет у сорак першым), трывожнага юнацтва, поўнай выпрабаванняў маладосці – да годнага сёння моцнай духам жанчыны. У жыцці ёй выпала пераадолець нямала, аднак ні аб чым яна не шкадуе, а адказвае вершаванымі радкамі:»А если б можно было повернуть, просила б только этот путь…»

Галіна Ігнацьеўна – чалавек творчы. Яна піша не толькі прозу, але і вершы, з якімі друкавалася ў раённай газеце, у газеце «Друг пенсионера», у часопісе «Я на пенсии». Пра цікавых людзей, свае захапленні, сустрэчы і новыя знаёмствы, пра свой родны край і высакародную настаўніцкую працу, душэўную маладосць. Чытаеш нарысы Галіны Ігнацьеўны і нібыта спасцігаеш вельмі важную жыццёвую навуку, як не пасаваць перад узростам, перамагаць адзіноту, заўсёды заставацца маладым душой. Літаральна кожны нарыс кніжкі вучыць гэтаму, тым і каштоўны.

Настаўніца па жыцці, паэт, рукадзельніца, актывістка, творчая і надзвычай артыстычная жанчына. Гэта ўсё пра яе, Галіну Ігнацьеўну Капцюг. Але найперш, як прызнаецца аўтар кнігі сама, яна – клапатлівая і любячая матуля, бабуля і ўжо нават прабабуля. Удала сумяшчае жанчына грамадскае з асабістым, з усім спраўляецца, напаўняючы жыццё цікавымі ўражаннямі, глыбокім сэнсам. А ў вольную хвіліну абавязкова стараецца занатаваць ўсё гэта на паперы. І атрымліваецца хораша і пазнавальна. Жадаеце ўпэўніцца самі? Пачытайце «На дарогах жыцця» Галіны Капцюг.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries