Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Празднование 154-летия со дня освящения храма преподобной Марии Египетской прошло в Вилейке

У мінулую сераду, 4 верасня, адбылося святочнае набажэнства ў храме прападобнай Марыі Егіпецкай г. Вілейкі, прымеркаванае да 154-годдзя з дня яго асвячэння.

Вілейская царква прападобнай Марыі Егіпецкай займае асаблівае месца сярод святынь Вілейшчыны. Пабудаваная ў 1865 годзе, яна ні аднаго дня не зачыняла свае дзверы для прыхаджан. Тут ніколі не спынялася еўхарыстычная малітва. Для нашага горада храм з’яўляецца тым самым намоленым вякамі месцам, дзе кожны зможа знайсці для сябе свой уласны асяродак духоўнага прыстанішча і падтрымкі.

Ужо колькі год па прапанове паствы і настаяцеля храма, благачыннага Вілейскай царкоўнай акругі іераманаха Аляксандра (Шмырко), 4 верасня адзначаецца як другое прастольнае свята, што прымеркавана да дня асвячэння храма. Больш за паўтара стагоддзя таму, у 1863 годзе, камерюнкер Апалон Міхайлавіч Рэдкін з Арлоўскай губерніі ахвяраваў грошы на ўзвядзенне на беларускіх землях царквы на ўспамін аб загінуўшых воінах. З блаславення мітрапаліта Іосіфа Сямашкі месцам для будаўніцтва царквы быў выбраны павятовы горад Вілейка, бо на той час тут не было каменнага храма, меліся толькі драўляныя. 4 верасня па новым стылі (22 жніўня – па старым стылі) 1865 года новапабудаваная царква ў Вілейцы была асвечана ў гонар прападобнай Марыі Егіпецкай і застаецца да нашага часу адзінай на Беларусі, што асвечана ў гонар хрысціянскай святой 5 стагоддзя.

Царква будавалася вельмі хутка па праекту архітэктара Аляксея Полазава. Каменны пяцікупальны храм са званіцай быў разлічаны на 450 чалавек. Гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. На вялікіх гранях шатра званіцы размяшчаюцца гадзіннікі, грошы на якія ахвяравала мясцовае насельніцтва. Разны іканастас у два з паловай ярусы выкананы разьбяром Фэндэрам, а абразы напісаны мастаком, прафесарам гістарычнага жывапісу Санкт-Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў Міхаілам Васільевым («Тайная вячэра», «Багародзіца», «Марыя Егіпецкая», «Аляксандр Неўскі», «Збавіцель», «Тройца»). Акрамя Вілейкі, абразы пэндзля мастака Васільева ўпрыгожваюць саборы Рыгі і Жытоміра, польскую царкву ў Парыжы, Мікалаеўскую могілкавую царкву ў Севастопалі. Ён прымаў удзел у роспісе і мастацкім афармленні сабора Хрыста Збавіцеля ў Маскве.

У сваім звароце да прыхаджан падчас святочнага набажэнства настаяцель храма прападобнай Марыі Егіпецкай, благачынны Вілейскай царкоўнай акругі, іераманах Аляксандр (Шмырко) адзначыў:

– Гасподзь дараваў нам святыню, у якой 154 гады адбываецца малітва. Тут служылі дастойныя пастыры і святыя, што шануюцца праваслаўнай царквой. У 1914-1916 гадах у нашым храме здзяйсняў багаслужэнні свяціцель Ціхан, будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Таксама Вілейку ў 1915 годзе наведваў імператар Мікалай ІІ, які знаёміўся з царкоўным сястрынствам і, канешне, з царквой. Зараз Мікалай ІІ і яго сям’я праслаўлены праваслаўнай царквой як святыя пакутнікі. Дарэчы, яшчэ імператрыца Марыя Аляксандраўна апекавалася будаўніцтвам храма, а будучы імператар Аляксандр ІІІ даслаў срэбраную даразахавальніцу для вілейскага храма. Мы памятаем і шануем усіх ахвяравальнікаў нашага храма. Я сярдэчна дзякую і ўсім прыхаджанам, сённяшнім фундатарам, бо наша святыня становіцца прыгажэйшай з кожным днём.

Сапраўды вілейскі храм настолькі абнавіўся за апошні час, дзякуючы намаганням настаяцеля айца Аляксандра, яго паплечнікам айцам Дзмітрыю і Уладзіміру, а таксама ўсім прыхаджанам. Падчас святочнага набажэнства сэрца напаўняла радасць, як і свет з промнямі сонца азараў зусім нанова абноўлены храм, граючы на светла-сонечным колеры сцен. «Такога росквіту, напэўна, і ў першыя гады пасля асвячэння храма не было», – дзяліліся сваімі ўражаннямі госці свята. А святочнае набажэнства разам з настаяцелем храма адпраўлялі дзевяць свяшчэннаслужыцеляў. Сярод запрошаных гасцей былі даўнія сябры храма: іерэй Іаан Ясюкевіч, благачынны цэркваў Смалявіцкай акругі, наш зямляк, які таксама служыў у вілейскім храме; протаіерэй Міхаіл Мардвінаў, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца в. Цімкавічы Капыльскага раёна, таксама наш зямляк, ураджэнец Куранца; протаіерэй Сергій Маслаў, настаяцель храма ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці Магілёўскай епархіі; протаіерэй Георгій Цюхлоў, настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы г.Барысава; протаіерэй Фама Шаплыка, благачынны цэркваў Радашковіцкай акругі; протаіерэй Іаан Ганчарук, благачынны цэркваў Гарадзілаўскай акругі Маладзечанскай епархіі; іерэй Віталь Ратнікаў, настаяцель прыхода храма святога Архангела Міхаіла ў пас. Праўдзінскі Пухавіцкага раёна і, канешне, клірыкі вілейскага храма іярэі Уладзімір Ганчарук і Дзмітрый Уласенка. Кожны з запрошаных гасцей адзначыў непаўторнасць храма і адчуванне намоленасці святыні, а таксама адметную аўру веруючых прыхода. Усё ў гэты дзень было па-святочнаму ўзнёсла, асабліва цудоўнымі былі спевы хора царквы прападобнай Марыі Егіпецкай, якія гучалі ў гэты дзень як ніколі з узнёслымі пачуццямі.

Гісторыя вілейскай царквы прападобнай Марыі Егіпецкай – гэта і гісторыя ўсяго нашага горада, бо каля дзясятка пакаленняў віляйчанін сталелі разам з храмам. Наш храм – гэта аплот духоўнасці для ўсіх віляйчан. А духоўнасць – вышэйшы стан чалавека, вышэйшая ступень яго сталасці. Чалавек духоўны арыентуецца не на патрэбы сённяшняга дня, а на маральныя каштоўнасці, на тое, што нязменна, на тое, што нам завяшчаў Гасподзь, на тое, што мы ведаем, як законы Божыя. Усё гэта ўласціва прыхаджанам вілейскага храма, бо мы маем стагоддзямі намоленае нашымі продкамі месца, куды прыходзяць толькі з чыстымі думкамі і памкненнямі. Мы маем храм, падараваны нам Богам.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries