Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

прайшло ўрачыстае адкрыццё ІІ літаратурна-музычнага фестывалю “ Светлае слова”

У суботу, 21 верасня, у Вілейскім Палацы культуры прайшло ўрачыстае адкрыццё ІІ літаратурна-музычнага фестывалю “ Светлае слова”, які стаў знакавым мерапрыемствам гэтай восені.

Адкрыццё ІІ літаратурна-музычнага фестывалю “Светлае слова” дало старт шэрагу цікавых мерапрыемстваў, якімі насычаны кожны тыдзень яго правядзення. Віляйчане і госці горада, а асабліва моладзь, змогуць наведаць шэраг сустрэч, круглых сталоў, цікавых імпрэз, якія пройдуць у рамках тыдня кнігі, беларускага слова і краязнаўства, тыдня музыкі, тэатра і кіно, тыдня друкаванага, радыёслова і моўнай культуры, а таксама ў дзень беларускага слова. Праграмма фестывалю, які працягнецца па 12 кастрычніка, вельмі насычаная і знойдзе свайго гледача і слухача на мерапрыемствах на любы густ. Адным словам, Вілейшчыну асвятляе Слова роднае мовы.

Аб гэтым гаварылася і на адкрыцці фестывалю, які па адзнаках наведвальнікаў мінулага года стаў знакавай падзеяй у культурным жыцці нашага раёна.

– Гэта адметная падзея, якая насычае культурнае жыццё раёна знакавымі імпрэзамі, – адзначыла на адкрыцці фестывалю Святлана Дзяруга, намеснік старшыні райвыканкама. – Віляйчане заўжды з вялікай павагай адносіліся да свайго роднага слова, і гэтаму доказ  – творчасць нашых выбітных паэтаў: Івана Лашуткі, Ганны Новік, а таксама цэлага шэрагу маладзейшых паэтаў і пісьменнікаў. Я жадаю ўсім удзельнікам фестывалю новых творчых адкрыццяў і здзяйсненняў, а “Светлае слова” няхай крочыць яшчэ доўгія гады па культурным полі Вілейшчыны.

Справа нашых першадрукароў і асветнікаў Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага жыве і працягваецца. Гэтаму ёсць доказ і на Вілейшчыне, з якой звязана жыццё і дзейнасць першадрукара Івана Фёдарава і асветніка Васіля Цяпінскага. Сотні людзей наведвае і ўнікальны музей кнігадрукавання, які адкрыў у нашым горадзе беларускі калекцыянер і аўтар шматлікіх гістарычных выданняў Уладзімір Ліхадзедаў. Дарэчы, цікавую літаратурную кампазіцыю ў выкананні артыстаў народнага тэатра Палаца культуры Вадзіма Шырочына і Марыны Заяц змаглі ўбачыць прысутныя на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства. Пастаноўка сімвалізавала сабой вечнае слова, сказанае і надрукаванае нашымі выбітнымі беларусамі-асветнікамі, сярод якіх і Еўфрасіння Полацкая, і Францыск Скарына.

Матчына слова дае моц і жыватворную сілу душы кожнага беларуса. На ім стваралі і ствараюць адметныя нацыянальныя творы, песні, пішуць вершы і паэмы, па ім пазнаюць нас ва ўсім свеце. Цудоўнай візітнай карткай фестывалю стала песня на словы беларускай паэткі Іны Фраловай “Светлае слова” ў выкананні мастацкага кіраўніка фестывалю, аўтара і выканаўцы Таццяны Захарыч сумесна з народным калектывам аўтарскай песні “Элегія”.

Спецыяльным госцем адкрыцця фестывалю стаў пераможца конкурсу мастацкага чытання, што праходзіў у рамках мінулага фестывалю, Амраан Аль-Хлейфат, які прачытаў урывак з паэмы беларускага класіка Якуба Коласа “Новая зямля”. Амраан таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад мінулага фестывалю, адзначыўшы велізарны ўнёсак у скарбонку вопыту для любога прыхільніка мастацкага слова.

– Для мяне Слова – гэта моц, якая можа як дапамагчы, так і параніць. Слова – гэта наша гісторыя, наш здабытак, гэта цэлы сусвет.

Дарэчы перад пачаткам мерапрыемства кожны з наведвальнікаў мог убачыць выставу з фондаў мінскага літаратурнага музея Якуба Коласа, дзе былі прадстаўлена графіка Васіля Шаранговіча – ілюстрацыі да паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, а таксама работы Георгія Паплаўскага з прыватнай калекцыі.

Вядучыя мерапрыемства Леанід Курц і Святлана Мацукевіч правялі з залай віктарыну “Беларускае слова”, якая паказала нядрэннае веданне роднай мовы навучэнцамі школ і каледжа нашага горада. Напрыканцы мерапрыемства свае цудоўныя беларускія песні падараваў залу народны хор “Любанія”.

Фестываль распачаты, чакаем віляйчан на мерапрыемствах!

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара


У ТЭМУ

Цэлую гаму пачуццяў можа выклікаць у чалавечай душы слова, дадзена нам для зносін, для магчымасці звацца людзьмі. – У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся, пабыўшы на ўрачыстым адкрыцці другога раённага фестывалю «Светлае слова».

Прыемнае гучанне роднай мовы… Вядучыя мерапрыемства Святлана Мацукевіч і Леанід Курц зрабілі ўсё магчымае, каб кожны з прысутных адчуў мілагучнасць слова, вымаўленага па-беларуску.

Кадры відэасюжэта пра айчыннага першадрукара Францыска Скарыну… Яго бескарыслівае жаданне служыць Беларусі. Новаспечаны доктар медыцыны, які бліскуча вытрымаў выпускныя іспыты ў Падуанскім універсітэце, адхіліў самыя спакуслівыя прапановы наконт працы ў адной з лепшых навучальных устаноў Еўропы. Францыск вярнуўся на Радзіму і многае зрабіў для таго, каб узняць яе імідж у вачах свету. Ён вынайшаў дукарскі станок, выдаў «Біблію» на беларускай мове, тым самым зацвердзіўшы ў зносінах людзей роднае слова. Мы з задавальненнем праслухалі выступленне аўтарскага калектыву народнай песні «Элегія»,а паэт і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Цанунін уручыў пасля пераможцу віктарыны, навучэнцу нашага каледжу Данілу Юдзіцкаму, сваю кнігу «Пушчанскія галасы». Гэта ў якасці прыза. Каб глыбей пранікнуцца пашанай да роднай мовы, трэба часцей бываць на падобных мерапрыемствах, часцей слухаць чыстае гучанне роднага слова, «вобразнага, вольнага, пявучага», як сказаў нехта з вядучых свята.

Клуб «Юны журналіст» Вілейскага дзяржаўнага каледжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries