Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Працягваецца раённы флэшмоб #чытаем_ вершы_ на_ роднай_ мове

Дзень роднай мовы вілейскія актывісты ГА «БРСМ» спачатку ператварылі ў тыдзень, пасля – ў дэкаду. А ўрэшце запрасілі вілейчан дзяліцца сваімі відэа і фота з хэштэгам #святамовы2019 на працягу года, маючы на ўвазе, што такія посты павінны стаць звычкай.

Аднак, па парадку. З Дня закаханых і да 21 лютага – Міжнароднага дня роднай мовы доўжылася акцыя «Сэлфі з любімай кнігай». Моладзь паказала і расказала пра сваіх любімых аўтараў і іх творы. Так, «таленавітым, незвычайным, захапляльным, неверагодным» называе Аляксей Зубель Уладзіміра Караткевіча і прызнаецца, што нават выконваў песню «Дзе мой край?» перад аднакласнікамі. Згодна з ім і Анастасія Бобрык, якая канстатуе, што светам казак Караткевіча захоплена яшчэ з самага маленства. Любіць чытаць творы Янкі Брыля Глен Суднікоўскі і лічыць, што яго апавяданне «Маці» застаўляе (!) нас памятаць пра цяпло, якое дораць нашы матулі. Вікторыя Качан зазначае, што ў кожнага свой Купала, а ў сэрцы самой дзяўчыны гучаць радкі неўміручай «Спадчыны».

Непасрэдна на Дзень роднай мовы дзясятка лепшых знаўцаў мовы сабралася ў Доме рамёстваў, каб прадэманстраваць гэта. Пісалі дыктоўку, а пакуль тэксты правяраліся, прайшліся з экскурсіяй па Доме рамёстваў, наведалі Музей яйка, пачулі пра народныя рамёствы і абрады. Майстар Святлана Лучнікоўская правяла для дзяўчат майстар-клас па распісванні велікоднага яйка, што ўжо актуальна – Вялікдзень не за гарамі.

Лепш за ўсіх, а дакладней, безпамылкоўна, напісала абраны тэкст Ганна Круглік, гімназістка «Логаса». Пяцёрцы лепшых падаравалі сувеніры ад РК ГА «БРСМ», а таксама шакалад «Беларускі народны касцюм».

Як расказала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Анастасія Чарняўская, на гэтым тыдні працягваецца раённы флэшмоб #чытаем_ вершы_ на_ роднай_ мове. Вілейчанам прапаноўваецца запісаць відэа і даслаць на старонку суполкі ВК Моладзь Вілейшчыны. Яна таксама нагадала, што да 28 лютага доўжыцца конкурс Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» на лепшае чытанне вершаў і выкананне песень на роднай мове «Беларуская мова – крыніца натхнення» у сацыяльнай сетцы Instagram з хэштэгам #святамовы2019.

«Па колькі гэта ўсё ж конкурсы, то ў іх павінен быць дэдлайн, каб можна было падвесці вынікі і ўзнагародзіць самых творчых, – зазначыла Анастасія Чарняўская і дабавіла, што Вілейскі райкам прапаноўвае не абмяжоўвацца датамі, а падобныя посты рабіць і надалей.

Ірына ТРУБАЧ.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries