Ён справядліва лічыць, што дзеткам падчас знаёмства з гісторыяй неабходна не толькі пачуць інфармацыю, але і ўбачыць альбо нават дакрануцца да таго, пра што апавядае настаўнік. А ад першага ўражання, як вядома, залежаць і далейшыя адносіны з цікавым і адначасова складаным прадметам.
Задума стварыць этнаграфічны музей узнікла ў Валерыя Мікалаевіча сем год таму, калі ён прыехаў выкладаць гісторыю ў Асіпавіцкую школу. Настаўнік разумеў, што сёння здзівіць кагосьці школьным музеем складана, але ўсё ж такі магчыма, калі зрабіць яго ў нечым адметным. Звычайна пры школах працуюць музеі культуралагічнага або краязнаўчага накірунку, Валерый Рогач вырашыў пайсці крыху іншым шляхам і сабраць матэрыял, які характарызаваў бы жыццёвы ўклад і побыт менавіта жыхароў Асіпавіч і навакольных вёсак.
Калі чалавек сапраўды апантаны пэўнай ідэяй, у яго ў хуткім часе з’яўляюцца аднадумцы. Да Валерыя Мікалаевіча пацягнуліся вучні, сярод іх – Генадзь Саламонаў, Аляксандр Каркотка, Глеб Маскоўскі і іншыя нераўнадушныя да гісторыі роднага краю хлопчыкі і дзяўчынкі. З іх дапамогай настаўнік пачаў збіраць матэрыял для свайго музея, і за параўнальна невялікі час – нейкія два гады – было сабрана больш за сто экспанатаў.
– Мясцовыя жыхары да нас адносіліся па-рознаму, – успамінае Валерый Рогач. – Іншыя ішлі насустрач, гаварылі: «Калі ласка, забірайце ўсё, што патрэбна, – у мяне зваляецца, пакуль як-небудзь у яму не выкіну». А з другімі дамовіцца так і не атрымалася. Многія нам адказвалі, маўляў, а раптам дзесьці штосьці ды і спатрэбіцца дзецям або ўнукам. Таму, на жаль, многія рэчы, якія маглі б стаць выдатнымі экспанатамі музея, так і засталіся ляжаць на печы ці на гарышчы.
Здаралася, што людзі не супраць былі і атрымаць грашовы эквівалент за нейкую рэч. Сродкаў, каб купляць экспанаты, у настаўніка і яго вучняў, вядома, не было. Аднойчы толькі Валерый Мікалаевіч дастаў пэўную суму з уласнай кішэні, каб разлічыцца з гаспадаром за рала. Бо, як цяпер кажа, убачыў рэдкую рэч – і нібы нешта затрымцела. Урэшце дамовіліся, і цяпер рала займае пачэснае месца ў музеі.
Творчых людзей звычайна мала турбуюць зямныя клопаты, жывучы духоўнай ідэяй, яны не звяртаюць увагу на моманты, без якіх немагчыма ажыццявіць пэўную задуму. Здавалася, галоўнае – цікавыя экспанаты – знойдзена,і няма ніякіх перашкод, каб у хуткім часе музей запрасіў сваіх першых наведвальнікаў. Але нечакана паўсталі бытавыя пытанні – наконт зашторвання, стэндаў, сігналізацыі… Дзе на ўсё ўзяць сродкі? У стваральнікаў музея амаль што апусціліся рукі, але на дапамогу прыйшла сама школа, Асіпавіцкі сельвыканкам і індывідуальныя прадпрымальнікі з Вілейкі. Урэшце, пасля ўсіх намаганняў, у 2008 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё.
Сёння гэтыя два ўтульныя пакойчыкі з агульнай плошчай каля сарака двух квадратных метраў змяшчаюць сто сорак шэсць экспанатаў, яшчэ трыццаць дубліруючых знаходзяцца ў запасніку.
– Акрамя таго, што тут часта праходзяць заняткі і экскурсіі, вучні старэйшых класаў на базе музея займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, – расказвае Валерый Мікалаевіч. – Пачалося ўсё з лёгкай рукі ўжо названых Аляксандра Каркоткі і Генадзя Саламонава, якія атрымалі абласную ўзнагароду за сваю працу па вывучэнню этнічнага і канфесійнага становішча ў Вілейскім павеце згодна перапісу 1897 года. У мінулым годзе эстафету перанялі дзяўчаты. Праца Марыны і Кацярыны Сыракваш адзначана дыпломам першай ступені на міжраённай навукова-краязнаўчай канферэнцыі. З восьмага класа пачала сваю дзейнасць у якасці маладога даследчыка Яўгенія Валынец. Спачатку яна даследавала валуны Вілейшчыны, пасля – ролю ракі Вілія ў гаспадарчым жыцці чалавека. У гэтым годзе Яўгенія запрошана да ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі, якая мае адбыцца ў Акадэміі навук Беларусі.
Бачна, што настаўнік шчыра радуецца поспехам сваіх вучняў. Прыемна яму і тое, што многія жадаюць пайсці па яго сцяжынцы і звязаць сваё жыццё з гісторыяй. Той жа Генадзь Саламонаў – ужо студэнт універсітэта культуры, вучыцца па спецыяльнасці «музейная справа». А пачаткоўцы Асіпавіцкай школы пакуль яшчэ робяць першыя крокі па краіне пад назвай Гісторыя. У іх усё наперадзе, будуць цікавыя падарожжы, незабыўныя ўражанні і адкрыцці. Незнаёмае стане вядомым, а неверагоднае – зразумелым. Але ўжо сёння, у свае сем-дзесяць год, асіпавіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць, што такое кросны, калаўрот і жорны. Яны мелі магчымасць дакрануцца да гісторыі, якую стварылі для іх бацькі, дзяды і прадзеды. І гэты нясмелы дотык пакінуў трывалы адбітак у іх свядомасці і нарадзіў надзею на тое, што павага да бясцэннай спадчыны застанецца ў іх сэрцах на ўсё жыццё. Такую мэту, ствараючы музей, ставіў перад сабой і Валерый Рогач.
Марына ПУЦЭЙКА, фота аўтара



