Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Персанальная выстава

Персанальная выстава – гэта заўсёды цікава. Такая форма экспазіцыі дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастака, дапамагае скласці аб’ектыўнае ўражанне пра стыль яго працы. Таму індывідуальныя экспазіцыі – сапраўднае свята не толькі для самога творцы, але і для гледачоў.

SDC13626Мікалай Кучко маляваць пачаў з дзяцінства і малюе ўсё жыццё. Мастацтва лічыць другой прафесіяй, хоць і скончыў архітэктурна-будаўнічы інстытут, працаваў архітэктарам. У цяперашні час Кучко жыве і працуе ў пасёлку Партызанскі.
“Не проста каты…” – пад такой назвай у гарадскім філіяле №1 бібліятэкі праходзіць чарговая персанальная выстава мастака Мікалая Кучко.
“Гэта таленавіты і вельмі цікавы творца. Ён чалавек рамантычны, з ўласнай філасофіяй”, – так адзначыў адзін з наведвальнікаў выставы творцы.
Заўважыць таленты мастака вельмі складана: яны, здаецца, ледзь ззяюць маленькімі ліхтарыкамі для тых, хто спыняцца амаль не мае часу. Карціны Мікалая Кучко адкрываюцца не адразу і не ўсім. Работы, прадстаўленыя на выставе, здзіўляюць сюжэтнасцю, дэкаратыўнасцю ў падборы колеру і своеасаблівым пераасэнсаваннем рэчаіснасці, захапляе невычэрпная фантазія аўтара.
“Каты, каля якіх я жыву”, “Адзінота”, “Гуканне вясны” – усе гэтыя карціны прывабліваюць адкрытай, вострай экспрэсіўнай каларытнасцю. Увогуле, на ўсіх малюнках мастака галоўнымі з’яўляюцца каты.
SDC13623Жоўты колер, сіні, ружовы, плаўны пераход святла ў загадкавыя прыцемкі (“Тры містычныя асобы”, “Пікавая дама”, “Палёты над горадам”, “Чэшырскі кот”, “Чорны квадрат”), увогуле цёплая колеравая гама характэрная для многіх карцін мастака. Ствараюць уражанне імпрэсіяністычныя мазкі (“Жоўтая зайздросць да сланечнікаў Ван Гога”).
Дом, каты, месяц, дама – гэтыя дзеючыя асобы хочуць расказаць смешную казку, гісторыю, або ўспамін з дзяцінства, а назвы работ надаюць убачанаму дадатковы сэнс: “Бегемот”, “Калі ты прачнешся”, “Кот, які гуляе сам па сабе”, “Наш народны кот”.
Выстава Мікалая Кучко дастаткова сціплая, змясціла ў сабе толькі невялікую частку яго творчай спадчыны. Работы мастака пазбаўлены знешняга бляску, яны простыя, але прастата гэтая – уяўная.
Галіна РАЖКО,
загадчыца гарадскога філіяла №1

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries