Апошнія месяцы, калі не было магчымасці ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, вучні Вілейскай гімназіі №2 актыўна прадстаўлялі свае творчыя працы на многіх дыстанцыйных конкурсах.
Так, Уладзіслаў Рыдкін (4 клас) заняў першае месца ў малодшай узроставай групе рэспубліканскага музычнага конкурсу “Каляровыя ноткі”, які праходзіў у Гродне.
На фоне прыгожых краявідаў Вілейкі быў зроблены відэазапіс песні кампазітара Збігнева Рая на словы Яна Петшака “Такі край”, музычную частку да якога дапамагла падрыхтаваць С.Д. Ляшкевіч, а відэаздымкі выканала Н.Г.Гулецкая. Агульнымі намаганнямі быў створаны цудоўны кліп, галоўным героем якога стаў вельмі артыстычны хлопчык Уладзіслаў Рыдкін. Дарэчы, вышэйшую ўзнагароду гэтага прэстыжнага конкурсу ён атрымлівае другі год запар.
На гэты раз цырымонія ўзнагароджання для ўдзельнікаў Мінскай вобласці прайшла каля помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску.
Гімназісты розных узростаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў выяўленчага мастацтва В.С.Шчарбаковай і С.Г.Чабатар прынялі ўдзел яшчэ ў адным дыстанцыйным мерапрыемстве – міжнародным конкурсе малюнкаў “Мой горад”, які праводзіўся ў Адэсе. Па выніках конкурсу дыпломы ў розных намінацыях атрымалі Ульяна Лукошка, 10 год, за малюнак “Анёлы ў маім горадзе”; Аліса Зяленіна, 10 год, за малюнак “Касцёл праз маё акно”; Вера Патаповіч, 11 год, за малюнак “Мая каляровая бацькаўшчына”; Іван Савіч, 13 год, за малюнак “Вілейскі касцёл”; Вераніка Рачып, 11 год, за малюнак “Над Віліяй”; Дарына Новікава, 14 год, за малюнак “Вілейскае лета”. Два ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы пераможцаў: Ілля Адамовіч, 12 год, за малюнак “Вокны майго горада”, і Ігнат Адамовіч, 16 год, за малюнак “Заход на Вілейскім моры”.
Віншуем пераможцаў і выказваем надзею, што такія добрыя вынікі чакаюць нас і на іншых дыстанцыйных конкурсах, дзе паўдзельнічалі нашы таленавітыя гімназісты.
Людміла СЯРГЕЙ, настаўніца ДУА “Вілейская гімназія №2”