“Так хочацца быць патрэбным не толькі сябрам – Радзіме”. Пад такім лейтматывам прайшла творчая сустрэча паэта Міколы Шабовіча ды кампазітара і спевака Віктара Мяцельскага з чытачамі Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі і навучэнцамі Залескага навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа. На запрашэнне прыняць удзел у сустрэчы адгукнуліся таксама вучні Ільянскай сярэдняй школы разам з бібліятэкарам Лідзіяй Іванаўнай Будай.
Мікола Шабовіч – часты госць Залескай школы. Разам з ім пасёлак Партызанскі наведалі ў свой час Міхась Башлакоў, Дзмітрый Пятровіч, Алег Малашчыцкі. Прыхільнікамі паэтычнага і музычнага мастацтва з’яўляюцца і многія сталыя чытачы Партызанскай сельскай бібліятэкі, сярод якіх Тамара Кулеш, Тамара Кажура, Наталля Уладыка, Любоў Краўчонак і інш., якія з задавальненнем прыходзяць на такія мерапрыемствы.

Цёплая і задушэўная размова пачалася ўжо з першых хвілін. Мікола Шабовіч узгадаў пра сваё бадзенеўскае дзяцінства, вучобу ў Дзягільскай васьмігодцы, юнацтва, вучобу ў педагагічным інстытуце, працу ў Шыпкоўскай школе на Вілейшчыне, якая зусім блізка ад пасёлка, пра шматлікія выступленні ў бібліятэках, на святах паэзіі ў Вязынцы, на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, на Днях беларускага пісьменства…
Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы і пра першы верш, які паэт прысвяціў незнаёмай дзяўчынцы, з якой сядзеў за адной партай на алімпіядзе па хіміі. “Все оксиды, кислоты и соли реагируют только с тобой”. З таго часу творца і не можа здрадзіць любімай тэме.
Па словах паэта, на напісанне вершаў яго натхняе прыгажосць. Прыгажосць мясцін, найперш родных Бадзеняў, прыгажосць людзей, іх адносіны да справы, прыгажосць пачуццяў… І, канечне, жаночая прыгажосць. І не толькі знешняя.
У творчасці Міколы Шабовіча знайшлі адлюстраванне самыя розныя тэмы і жанры: ад глыбока інтымнай да высокай грамадзянскай лірыкі, яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў свеце. Пацвярджэнне гэтаму яго зборнікі «Падары мне сваю адзіноту», “Мая надзея”, “Маладыя мроі маладога лета і інш.
Сёння М.В.Шабовіч – дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ імя Максіма Танка, старшыня бюро секцыі сатыры і гумару Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу “Хор болей не спявае”. Ён узнагароджаны медалём СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру”, нагрудным знакам “За ўклад у развіццё БДПУ”, памятным медалём “Паэт і воін Ігар Грыгор’еў (1923–1996)”, медалём Мінскага гарадскога аддзялення СПБ “Максім Багдановіч”.
Большасць вершаў паэта глыбока філасофскія. Лірычны герой падсумоўвае свае набыткі, са смуткам і настальгіяй азіраючыся на пройдзены шлях, пераасэнсоўвае зробленае і перажытае.
Прачытаў паэт і верш-прысвячэнне настаўнікам. Сам Мікалай Віктаравіч пяць гадоў працаваў на ніве адукацыі ў Вілейскім раёне.
Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
«…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы».
Мікола Шабовіч адчувае віну перад сваімі настаўнікамі, якія ўжо пакінулі гэты свет, за тое, што «…не сказаў расчуленага слова, / Калі яго маглі вы шчэ пачуць». І выказвае гонар за прафесію настаўніка:
І веру я, што час настане
І скажа хтось, пражыўшы век:
«Мая прафесія – настаўнік!
І я – шчаслівы чалавек!»
Цудоўным дапаўненнем да паэзіі была музыка, чароўныя перазвоны гітары і прыгожы голас Віктара Мяцельскага. Кампазітар і спявак Віктар Мяцельскі, які напісаў больш за 50 песень, выканаў пад акампанемент гітары нямала песень на вершы Міколы Шабовіча. Слухаючы песню, мы задаёмся пытаннем: “Што важней – музыка ці тэкст? Слухачы адчулі адказ на гэта пытанне: паэзія і музыка – з’явы непадзельныя, адно дапаўняе другое. Атрымаўся своеасаблівы тандэм “паэт-кампазітар”. Віктар Мяцельскі – прапагандыст не толькі вершаў М.Шабовіча, але і беларускай паэзіі ўвогуле, а разам з ёй і Радзімы, жанчыны, кахання.
Нязгасная сыноўняя любоў да роднага краю перапаўняе паэтычны свет М. Шабовіча: “Ці знойдзецца слоў найдзіўных, / Каб шчыра табе прамовіць: / “Бадзенеўскі кут, радзіма – / Малітва мая і споведзь!” Тэма малой радзімы для Міколы Шабовіча – адна з найважнейшых. І ў Год малой радзімы для ўдзельнікаў сустрэчы гэта было важна адчуць, скіраваць свае думкі на тое, хто мы, адкуль родам, што ведаем пра сябе. Пад уражаннем шчырай размовы з цікавымі творцамі ў сэрцах захаваецца цяпло, пяшчота і любоў да роднага слова, да блізкіх людзей і родных мясцін. Дзякуй гасцям за сустрэчу з прыгожым паэтычным словам і цудоўнай музыкай, за шчырыя пачуццi, станоўчыя эмоцыi, дзякуй за самабытны талент паэта, якому “так хочацца быць патрэбным не толькі сябрам – Радзіме”.
Галіна МАЙХЕРСКАЯ, бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі








