Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Парафіяне Вілейскага касцёла вярнуліся з трохдзённай пілігрымкі па святых месцах Гродзеншчыны

Парафіяне Вілейскага касцёла вярнуліся з трохдзённай пілігрымкі па святых месцах Гродзеншчыны. Вось як адгукаецца пра гэту сапраўды хвалюючую вандроўку адна з яе ўдзельніц-Тэрэза Канецкая:

З Вілейкі аўтобус выехаў на досвітку. Ранішнюю дрымоту разганяла прадчуванне блізкай сустрэчы з нашым беларускім Нотр-Дамам – так іншым разам называюць касцёл Святой Троіцы ў Гярвятах. Некаторыя былі ўжо там неаднойчы. Для кагосьці гэта было першае спатканне з велічным храмам, мясцінай, якая стараннямі парафіян ператворана ў маленькую Швейцарыю…

Тэрэза мае рацыю. Хто пабыў у Гярвятах аднойчы, захоча наведацца туды яшчэ не адзін раз. Гэта быў бы звычайны аграгарадок. Адметны хіба тым , што мяжуе з Літвой і таму ў яе своеасаблівы кантынент жыхароў, якія свабодна размаўляюць па-літоўску. Калі б не храм. Ён надае паселішчу адметны каларыт і робіць яго вядомым не толькі ў Беларусі. Год дваццаць таму сюды быў накіраваны для выканання святарскіх абавязкаў ксендз Леанід Нясцюк. Стварэнне дэндрапарку каля касцела – гэта была яго ідэя, аднадушна падтрыманая парафіянамі. Вакол храма і на прылягаючай да яго тэрыторыі з’явіліся экзатычныя дрэўцы. Яны ўдала гарманіравалі з разнымі драўлянымі крыжамі і іншымі каларытнымі ўзорамі дойлідства, характэрнымі для садова-паркавага дызайну суседняй краіны. Парафіянка Ніна, з якой аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца падчас чарговага наведвання Гярвятаў, распавяла, што большасць пастаянных наведвальнікаў храма маюць тут “свае” дрэўцы. Яны іх садзілі, даглядалі, разам з акаляючым участкам зямлі, а яшчэ-разбівалі кветнікі, вучыліся ствараць з раслін арыгінальныя кампазіцыі для ўнутранага ўбрання касцёла. Ніна многа год лічылася тут неафіцыйным дызайнерам. Пашчасціла падзівіцца з узораў гэтай самай кветкавай гармоніі, надзвычай каларытнай і пышнай у летнія і першыя восеньскія дні. Праз колькі часу ў дэндрапарку з’явіліся фігуры дванаццаці апосталаў. І касцёл быў зарэгістраваны як турыстычны аб’ект.

Храм пабудаваны ў форме крыжа і абрысамі нагадвае парыжскі Нотр-Дам. З гэтага падабенства і паходзіць яго неафіцыйная назва. У ім-уражальная акустыка. Гэта асабліва адчуваецца ў час набажэнстваў, якія праходзяць тут на трох мовах- беларускай, літоўскай і польскай. Вілейскія пілігрымы трапілі сюды на пачатак ранішняй імшы. Тэрэза дзеліцца незабыўнымі ўражаннямі ад сузірання ўсёй той духоўнай велічы, якую падараваў Гярвятам Усявышні. Пры наведанні магілы ксяндза Нясцюка у светлых пачуццях віляйчан акрэсліўся выразны мінорны матыў. Самаадданы святар пахаваны тут жа, пры храме, які быў для яго больш чым родным домам, якому ён служыў усім сваім кароткім, але яркім, як святло знічкі, жыццём. Яго любоў, шчырасць, уменне бачыць і ствараць прыгажосць запатрабаваны сёння ў велічным доме Айца нашага Нябеснага.

Маршрут пілігрымаў пралягаў праз Гальшаны, дзе іх поглядам прадстаў адноўлены касцёл з пакутным лёсам, які ў часы ваяўнічага атэізму напаткаў многія храмы Беларусі. Маю суразмоўцу ўразіў велічны алтар, архітэктура якога дазваляе ўяўляць глыбокую перспектыву, стварае ілюзію бясконцага працягу. Касцёл францысканцаў у Гальшанах лічыцца адным з прыгажэйшых у краіне. Вілейскім пілігрымам пашчасліла трапіць сюды ў дзень касцёльнага свята.

Гудагай, Тракелі. Самабытнасць храмаў вызначае і каларыт гэтых старадаўніх паселішчаў. Вакол іх духоўных асяродкаў ладзілася свецкае жыццё, якое аднак вызначалася сутнасцю малітоўнага слова, што гучала ў сценах храмаў. Цудатворны абраз Божай Маці ў Гудагаі клікаў да сябе людзей, што мелі надзею атрымаць ад яго міласць аздараўлення. І высокая вера рабіла і робіць цуды. Сям’ю, як найвышэйшую каштоўнасць, дараваную чалавеку, падтрымлівае ў сваіх малітоўных памкненнях санктуарый Маці Божай уТракелях. І наогул кожная мясціна, адухоўленая Боскай прысутнасцю, узвышае чалавека, дапамагае прыўзняцца над паўсядзённасцю і ўбачыць тыя самыя нябесныя зоркі. Магчыма, імі сталі 11 каталіцкіх манашак, расстраляных фашыстамі ў лесе непадалёку ад Навагрудка летам 1943 года. Яны прынялі пакуту за асуджаных на смерць жыхароў горада, здзейсніўшы сапраўдны подзвіг самаахвярнасці. Астанкі іх перапахаваны ў Фарным касцёле, які наведалі віляйчане падчас сваёй духоўнай пілігрымкі. Парафіянка Тэрэза ўспамінае вячэрнюю імшу ў касцёле, сапраўды велічнае гучанне аргана, музычнага інструмента, што ў свой час лічыўся абавязковым атрыбутам касцёльных набажэнстваў. І толькі людзі, падуладныя сілам цемры, занядбаўшы святло веры, наўмысна ігнаравалі рэлігійную атрыбутыку, не праяўляючы клопату аб яе захаванасці. Тым больш сёння трэба пакланіцца неўтаймаваным носьбітам веры. Тым, што захавалі ў недатыкальнасці святыя алтары і цудадзейныя абразы, клапаціліся і аб духоўнай, і аб матэрыяльнай спадчыне каталіцкіх парафій. Што гэты клопат даў плён, можна бачыць на прыкладах сучаснага касцёльнага жыцця. Ім па-сапраўднаму захапляліся віляйчане падчас вандроўкі па святынях Гродзеншчыны і самога абласнога цэнтра. Было наведанне Фарнага касцёла ў Гродне з яго шматфігурнымі кампазіцыямі, дзякуючы якім храм атрымаў ганаровы тытул малой базылікі. Гучала малітоўнае слова каля абраза Маці Божай Кангрэгацкай… І не маглі пілігрымы праехаць міма Мірскога замка і адноўленай рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Наведалі гэтыя каларытныя куткі Беларусі, спавітыя гісторыяй і сучаснасцю, пакланіліся іх святыням, як кланяліся ім стагоддзі таму знакамітыя продкі, падтрымліваючы ў сабе і захоўваючы для нашчадкаў высокае святло веры.

Марыя КУЗАЎКІНА/Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries