Маладая Беларусь – гэта вызначэнне актуальна не толькі ў нашы дні ў дачыненні да тых, хто стаіць на змене пакалення сучаснікаў, але і для тых, хто адраджаў нашу культуру, будаваў новую дзяржаўнасць у мінулыя эпохі. Асабліва ярка праяўляліся памкненні і таленты “маладой Беларусі” у пачатку ХХ стагоддзя, на мяжы карэнных перамен у жыцці кожнага беларуса. Гэта быў час, калі на нашай зямлі вяліся кровапралітныя баі паміж самымі магутнымі дзяржавамі ў свеце, рабіліся зусім недэмакратычныя і негуманныя крокі па рэвалюцыйным пераўтварэнні асноў усяго жыцця. На той час прадстаўнікі “маладой Беларусі”, самыя лепшыя яе сыны і дочкі, бачылі ўратаванне свайго краю ў яго адраджэнні… Такім яскравым прадстаўніком “маладой Беларусі” быў наш зямляк, самадзейны паэт родам з Вілейшчыны – Альфонс Баляслававіч Петрашкевіч.
Фальварак Вінцантова некалі месціўся паблізу вёскі Казлы. Зараз гэта назва амаль страчана, хіба, часам толькі мясцовыя жыхары бліжэйшых вёсак могуць узгадаць яе ў сваёй гаворцы. У кнізе “Памяць. Вілейскі раён” значыцца: “хутар Вінцантова не існуе. Сселены да 1975 года”. А менавіта тут, у фальварку Вінцантова (на той час Крайскай воласці Вілейскага павету) жыў, працаваў, ствараў і пахаваны Альфонс Петрашкевіч (1894–20.5.1918) – беларускі паэт, празаік, перакладчык, карэспандэнт і аўтар газет “Наша Ніва”, “Беларус” і “Беларускі Шлях”. Пісаў Альфонс Петрашкевіч на беларускай, польскай і рускай мовах. Удзельнічаў у нацыянальна-культурным руху, быў асабіста знаёмы са Змітраком Бядулем. Яго смела можна назваць паэтам-нашаніўцам, бо ў 1911 годзе ў газеце “Наша Ніва” з’явіліся яго першыя вершы. Друкаваўся Альфонс Петрашкевіч і ў часопісах “Лучынка”, “Маладая Беларусь”, “Рунь”, “Варта”, “Беларускі каляндар”, “Сялянская гутарка” і іншых.
Альфонс Петрашкевіч скончыў народную школу ў мястэчку Крайск. Па пашпарту ён лічыўся дваранінам, але як сірата гадаваўся з малых гадоў у свайго дзяцькі, беззямельнага селяніна. Да 1909 года яго дзяцька быў “запашнікам” у вакольных фальварках, што значыць займаўся земляробствам на чужой зямлі. Потым дзяцька набыў каля пяці дзесяцін зямлі на хутары Вінцантова. З маленства будучы пісьменнік займаўся сялянскай працай: быў пастухом, а калі пасталеў, стала працаваў на полі. Пасля знаёмства са Змітраком Бядулем, які таксама друкаваўся ў “Нашай Ніве” з 1910 года і адзін час вучыўся ў Ільі, Альфонс Петрашкевіч пачаў пісаць па-беларуску і дасылаць у “Нашу Ніву” кароткія апавяданні і, галоўным чынам, вершы. Шэсць сшыткаў рукапісаў Альфонса Петрашкевіча пасля яго смерці захаваў Змітрок Бядуля. У 1927 годзе ён іх перадаў у Беларускую акадэмію навук, а зараз яны захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску. Спадчына Альфонса Петрашкевіча налічвае каля 300 захаваўшыхся твораў. У “Нашай Ніве” Альфонс Петрашкевіч друкаваўся пад псеўданімамі “Ф. Калінка” і “Красоўскі”.
Да нашых дзён на старых газетных старонках “Беларускага Шляху”ў №49 за 1918 год захаваўся некралог па смерці Альфонса Петрашкевіча. Вось як аб вілейскім паэце напісала рэдакцыя газеты (прыводзіцца з захаваннем тагачаснага правапісу): “Прыйшла да нас сумная вестка, што 20 мая сканчаўся у засценку Вінцэнтова, Крайскай вол., Вілейскага павету ад запаленьня плуцу наш малады песьняр А. Петрашкевіч (Ф. Калінка). Ф. Калінка меў усяго 24 гады. Да апошняга часу, у працяг васьмі гадоў, час ад часу, спачатку у “Нашае Ніве”, у “Маладой Беларусі” і ў “Беларусе”, потым у “Вольнай Беларусі” і ў “Беларускім Шляху” мы спатыкалі яго селянскія лірычныя вершы. Пісаў ён вершы таксама пад псеўданімам “Красоўскі”. Паэзія яго – шчырая, простая, пісанная мазольнаю рукою маладога селяніна-хлебароба. Гэта – скромны салоўка беларускіх зялёных далін, кволага бярэзьніка ля рэчкі. Вішнёвы сад, зялёны дубок, язьмін, жаўронак, думкі ратая, бытавыя абразкі засьценковай шляхты – матывы яго паэзіі. Калінка, кончыўшы толькі народную школу, рваўся да навукі ў горад, але варункі жыцьця беднага ратая рэдка каму гэта пазваляюць. Калінка па ўсёй сваёй ваколіцы шырыў беларускае друкаванае слово і беларускую ідэю. Рэдакцыя ад імяні усіх беларускіх пісьменнікаў выказывае свой шчыры сум-жаль сваяком без пары спачыўшаго навекі маладого паэта. Нехай будзе яму пухам зямелька”.
Дзякуючы гісторыкам і ільянскім краязнаўцам імя Альфонса Петрашкевіча вядома ў нашыя дні. Гэтым артыкулам мы аддаём даніну памяці нашаму земляку, паэту – няхай будзе меней белых плямаў на старонках нашай гісторыі і літаратуры. А ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння паэта, галоўным падарункам магло б стацца з’яўленне ў Ільі памятнай шыльды земляку. Каб нашчадкі ведалі і ганарыліся сваёй малой радзімай і землякамі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва БДАМЛМ