У мінулую нядзелю, 26 лістапада, адбылася паломніцкая паездка ад Маладзечанскай епархіі і турфірмы “Вегатур” да святыняў Радашковіцкага, Ільянскага, Даўгінаўскага Благачынняў. У праграме тура было наведванне храма Прарока Ільі ў пасёлку Радашковічы, храма Свяціцеля Мікалая ў вёсцы Латыгаль, Прарока Ільі ў аграгарадку Ілля, а таксама Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Рабунь і храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Красным.
Першым храмам, які наведалі паломнікі з Маладзечна, была Свята-Ільінская царква ў пасёлку Радашковічы. Удзельнікі паездкі змаглі прыняць удзел у літургіі, пакланіцца адной з галоўных святыняў храма – спісу абраза Пачаеўскай Божай Маці, на шкле кіёта якога ў 2002 годзе выразна адбілася аблічча Багародзіцы. Дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны пасля разбурэння Пакроўскага храма тут на ўзвышшы сярод пасёлка ў 1942 годзе быў пабудаваны існуючы храм,і з таго часу службы ў ім не спыняліся ні на адзін дзень. Пакланіўшыся святыням і пагутарыўшы са святаром, паломнікі пераехалі з маладзечанскай зямлі на Вілейшчыну, дзе першым наведалі храм Свяціцеля Мікалая Архіепіскапа Мір Лікійскіх у вёсцы Латыгаль. Гэта найстарэйшы храм Вілейскага раёна, які быў пабудаваны ў 1771 годзе. Удзельнікі паездкі падчас гутаркі са святаром айцом Андрэем даведаліся, што першапачаткова дадзены храм быў уніяцкім, але пазней быў перададзены праваслаўнай царкве. Сам старажытны драўляны храм зведаў нашэсце шведаў, напалеонаўскага войска, перажыўшы падзеі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Тэрыторыя вакол царквы абнесена старадаўняй каменнай агароджай XIX стагоддзя, побач з якой раней месцілася адметная каменная званіца, якая да нашага часу не захавалася. Латыгальская царква захоўвае шмат святынь і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю дзяржаўнага значэння і славутасцю ўсёй Беларусі.
Далей праграма паломніцкага туру была не менш цікавай і насычанай. Удзельнікі экскурсіі наведалі два старажытныя храмы Ільянскага Благачыння. Гэта яшчэ адзін храм у гонар Прарока Ільі ў аграгарадку Ілля, які быў пабудаваны ў 1866 годзе. Зараз ён мае сваё першапачатковае аблічча з портыкам на чатырох драўляных калонах. Храму апошнімі гадамі вяртаецца яго гістарычнае аблічча – дзякуючы намаганням настаяцеля айца Віктара. Тут паломнікі таксама змаглі пагутарыць са святаром, затым пакланіцца галоўнай святыні ільянскай зямлі – абразу Маці Божай Ільянскай і даведацца пра насычаную і старажытную гісторыю аб пачатку будаўніцтва святыняў у мястэчку, што адыходзіць да беларускай княжны Рагнеды. Затым удзельнікі паездкі накіраваліся ў вёску Рабунь, дзе наведалі старадаўні Свята-Успенскі храм 1862 года пабудовы, што ў гэтым годзе адзначае сваё 155-годдзе. Першы вядомы храм у Рабуні быў пабудаваны ігуменняй Віленскага бернардынскага Свята-Міхайлаўскага манастыра Ефрасінняй Сапега ў 1646 годзе. Гэта быў драўляны ўніяцкі храм, для якога была замоўлена вялікая ікона Маці Божай у акладзе на чырвоным аксаміце, што ў старажытных дакументах называюць «Маці Божая Рабунская». Верагодней за ўсё, гэты абраз быў замоўлены самой Ефрасінняй Сапега і з’яўляецца вобразам Маці Божай Віленскай. Старажытны абраз захаваўся да нашых дзён, ён пераносіўся з храма ў храм і зараз змяшчаецца ў існуючай царкве. Паломнікі пагутарылі са святаром айцом Валянцінам і пакланіліся старажытнаму абразу.
Завершылася паездка наведваннем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Краснае, пабудаванага ў 1859 годзе, дзе ўдзельнікі паломніцкага тура таксама пакланіліся мясцовым святыням. А вяртаючыся дадому, кожны ўдзельнік паломніцкай паездкі, мяркуецца, думаў пра сваё, але адно было бачна, што гэты дзень для кожнага з іх быў напоўнены духоўным зместам.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара