Гадзіна паэтычнага слова адбылася ў чытальнай зале бібліятэкі Вілейскага дзяржаўнага каледжа. У ёй узялі удзел маладыя аматары вершаванага радка з групы 5-18, будучыя трактарысты-вадзіцелі. Успаміналіся імёны літаратурных класікаў, сучасных прадстаўнікоў беларускай паэзіі, нашых паэтаў-землякоў, якія гучаць у кантэксце паэтычных набыткаў вілейскага краю.
“Былі снягі, а флейта залатая святлом душы зайграла ў храме дзён”… – Чытаючы гэты верш Генрыха Кутаса, Кірыл Мішкевіч прызнаўся, што з творчасцю гэтага паэта ён сутыкнуўся ўпершыню. У школе, вядома, вывучаюць творы знакамітых класікаў: Купалы, Коласа, Куляшова, Танка… Іх вершы хлопцы ведаюць і некаторыя радкі нават змаглі працытаваць. Адкрыццём гэтай бібліятэчнай гадзіны сталі вершаваныя творы паэтычнай сям’і Кутасаў з Ільі. “Па руках” пайшоў выдадзены аўтарамі зборнік паэзіі “У храме дзён”, назву якога і прадвызначыў прачытаны ў аўдыторыі верш.
Гучалі яшчэ творы Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава… Не забыліся і на рускіх класікаў жанра. Аляксей Дудук па памяці прачытаў некалькі вершаў Сяргея Ясеніна, паклаўшы тым самым пачатак размове пра трагічны лёс іх аўтара, нейкім чынам ужо прадказаны зместам яго творчасці.
Музыка, жывапіс, скульптура… І сярод гэтых відаў мастацтва – паэзія. Яго вялікасці слову аднагалосна аддалі прыярытэт удзельнікі мерапрыемства.
Ганна Скуратовіч, клуб “Юны журналіст” Вілейскага каледжа