Падрыхтоўку да фальклорнага фестывалю з назвай «Песні маёй вёскі» вядуць установы культуры раёну. Сэнс фестывалю, фармат якога, дарэчы, быў падказаны вядомым тэлевізійным праектам, у падтрымцы вуснай народнай творчасці, а дакладней, песні.
«Збіраючы па вёсках этнаграфічны матэрыял, з прыкрасцю думаеш: не стане нашых бабулек і адыдзе ў нябыт вялікі пласт народнай песні, – дзеліцца думкай Сяргей Ганчар. – Канешне, навукоўцы зрабілі і працягваюць рабіць вялікую і важную справу па захаванню творчасці народа: ствараюцца і друкуюцца шматтомнікі, каталогі, падручнікі, праводзяцца канферэнцыі і аднак … Песня жыве ў памяці чалавека».
Па ідэі арганізатараў, фестываль павінен актывізаваць цікавасць нашага слухача да песень, што суправаджалі жыццё нашых продкаў. На першым этапе праекту работнікі ўстановы культуры раёну шукаюць старадаўнія песні і іх выканаўцаў сярод жыхароў сваіх вёсак. І вырашаюць: ці сам выканаўца здолее прэзентаваць песню на гала-канцэрце фестывалю, ці яна будзе перададзена маладзейшым, самадзейным артыстам сельскага ДК.
Гала-канцэрт адбудзецца прыкладна ў кастрычніку. Плануецца, што затым прадстаўленым песням прафесійныя музыканты зробяць сучасную аранжыроўку і, магчыма, выдадуць асобным дыскам.
«Такім чынам мы спадзяемся ўзбагаціць рэпертуар нашых калектываў новымі «старымі», традыцыйнымі для нашай мясцовасці песнямі, чым і захаваем іх ад забыцця,» – адзначыў Сяргей Ганчар.
Ірына ТРУБАЧ. Фота аўтара
Падрыхтоўку да фальклорнага фестывалю «Песні маёй вёскі» вядуць установы культуры раёну
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ