Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Па слядах аднаго фотаздымка

Нядаўна быў знойдзены цікавы фотаздымак Вілейкі. На першы погляд здавалася б, што від з боку ракі на касцёл і цэрквы звычайны, але калі ўгледзецца ў дэталі на ім, то з левага боку фотаздымка вылучаецца вялікі двухпавярховы будынак П-падобнай формы. Што ж гэта
за будынак і калі ён з’явіўся ў нашым горадзе?

Вілейка з боку ракі Вілія. 1930-я гады
Вілейка з боку ракі Вілія. 1930-я гады

Вілейскія краязнаўцы пачалі пільныя даследванні новага фотаздымка, які, дарэчы з’явіўся ў інтэрнэце на нямецкім аўкцыёне. Верагодней, што нашчадак нямецкага салдата вырашыў прадаць старыя фотаздымкі свайго дзеда ці прадзеда. З яго з’яўленнем многія пачалі выказваць розныя версіі пра невядомы будынак, але найбольш грунтоўна да яго вывучэння падыйшоў Дзмітрый Хаценчык, сябра вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага. Менавіта разам з яго досведам мы паспрабуем разабрацца ў новай знаходцы.

Від на Вілейку з боку ракі. 1941 год
Від на Вілейку з боку ракі. 1941 год

Галоўныя пытанні: што гэта за будынак і калі ён быў пабудаваны? На аукцыёне фотаздымак быў падпісаны: «Вілейка. 1941 г.». Цалкам верагодна, што гэта так і ёсць, бо на фотаздымку на першым плане мы бачым часовы драўляны мост. А як вядома, каля Ставак (Малюноў) быў вялікі драўляны мост праз Вілію ў бок Маладзечна, які перад уваходам у горад немцаў 24 чэрвеня 1941 года быў спалены. Таму на здымку мы бачым перакінуты праз Вілію часовы мост і панараму города (пазней немцы аднавілі стары мост). Дарэчы, вядомы яшчэ адзін здымак Вілейкі, амаль з таго ж ракурсу, але ён датаваны 1930-мі гадамі – польскім перыядам – і не мае часовага маста. Тады атрымоўваецца, што невядомы будынак мог быць пабудаваны «за польскім часам». Дзмітрый Хаценчык падрабязна вывучыў кнігу «Памяць. Вілейскі раён», дзе за перыяд з 1921 па 1939 год адзначаецца: «…Дзяржаўнае будаўніцтва ў Вілейцы абмяжоўвалася толькі ўзвядзеннем ваенных казармаў ў канцы сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай, гарадскога суда (цяпер будынак Вілейскага РАУС, – заўв. аўт.), галоўнага корпуса бальніцы, двухпавярховых дамоў (па вул. Чырвонаармейскай і ў Школьным завулку, – заўв. аўт.). З 1935 года дзейнічала электрастанцыя…».

Двухпавярховыя будынкі нам вядомыя і яны захаваліся да нашага часу – гэта так званы «губернатарскі» дом, насупраць санстанцыі (аднесены да «польскага» памылкова, бо быў пабудаваны яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя) і «настаўніцкі» дом, каля былой польскай гімназіі. Але да будынка на фотаздымку яны не маюць адносін ні вонкава, ні па сваім размяшчэнні. Тады, што гэта за будынак? Дзмітрый Хаценчык знайшоў цікавыя звесткі ў газеце «Kurjer Wilenski» за 1935 год, дзе размешчаны артыкул пра паседжанне Вілейскага Павятовага кіравання (Wydzialu Powiatowego – мясцовай адміністрацыі), на якім абмяркоўвалася заканчэнне будаўніцтва новага ўласнага будынка для гэтага органа ўлады. Будаўніцтва ішло з цяжкасцямі і, мабыць, доўга, бо банк не даваў крэдыт. Але, што цікава, у апісанні новага будынка гаворыцца пра вялікую залу для правядзення з’ездаў, канферэнцый. Гэта ўказвае, што будынак быў значных памераў. Тым больш, што будынак на фотаздымку падобны на адміністрацыйны. Калі ж не, то прасторная зала ў той час ў Вілейцы была толькі ў будынку клуба-рэстарана для польскіх афіцэраў-памежнікаў (зараз духавое аддзяленне музычнай школы па вул. Вадап’янава). Але ён таксама не падыходзіць ні вонкава, ні па размяшчэнні, тым больш мы ведаем яго даваенны выгляд, які амаль не змяніўся. Але вілейскія краязнаўцы ў газетах польскага перыяду знайшлі, што ў горадзе быў клуб «Ognisko Polskie», у якім таксама былі буфет і вялікая зала, дзе праходзілі масавыя мерапрыемствы і паказвалі кіно. Магчыма, гэта той жа будынак клуба-рэстарана, але з афіцыйнай назвай. У тэлефонным даведніку Віленскага ваяводства за 1939 год ёсць тэлефонны нумар вілейскага клуба, але няма яго адраса. Вядома, што наш клуб-рэстаран размяшчаўся на вул. Георгіеўскай, 8 (зараз Водопьянова), але будынак на знойдзеным фота відавочна размяшчаецца хутчэй на вуліцы 17 Верасня (у польскі час – вул 11 Лістапада). На гэтай вуліцы, згодна тэлефоннага даведніка, быў толькі адзін адміністрацыйны будынак – і гэта «пастарунак» паліцыі (вул. 11 Лістапада, 34). Як абгрунтоўвае Дзмітрый Хаценчык, гэта цотны бок вуліцы, а наш невядомы будынак стаіць на няцотныя (бліжэй да ракі). Таямнічы будынак знаходзіцца крыху далей у бок выезду на Маладзечна, калі сыходзіць з купалоў разбуранай пазней Свята-Георгіеўскай царквы. Але больш згадак пра адміністрацыйныя будынкі на няцотныя баку вул. 11 Лістапада ў тэлефонным даведніку няма. Ідзем далей, і калі не атрымалася даведацца з «пальскіх» дакументаў, то мясцовыя краязнаўцы звярнуліся да савецкага перыяду. Вядома, што ў 1939 годзе, калі прыйшлі Саветы, усе вуліцы горада былі перайменаваны і змянілі сваю нумарацыю дамоў. Але ўсе адрасы дзяржаўных устаноў сталіцы новастворанай Вілейскай вобласці нам вядомы. Калі ўлічыць, што 11 Лістапада стала 17 Верасня, то на няцотным баку вуліцы ёсць адзін вялікі будынак – 17 Верасня, 7 з плошчай 375 кв. м і гэта…

«Сталовая №1». Але ж дадзеная плошча менш памеру двухпавярховага П-падобнага будынку. Да таго ж нумарацыя вуліцы была зменена. Патрэбна карта або план горада 1939 года, але такой не вядома. Аднак на адным з архіўных сайтаў Дзмітрыю Хаценчыку пашанцавала знайсці ваенную карту з планам нямецкіх умацаванняў Вілейкі, прыблізна 1943-44 гадоў, якая была складзена мясцовымі падпольшчыкамі. Немцы, вядома таксама, змянілі назвы вуліц і нумарацыю дамоў, але даследуемы намі будынак на карце бачны адразу, дзякуючы П-падобнай форме. Ён у гэтым раёне такі значыцца адзін. Гэта скрыжаванне вуліц Маладзечанскай і Доўгай (цяпер 17 Верасня і Чырвонаармейская), дом №27. Увесь раён, у якім знаходзіцца дом, акрэслены і заштрыхаваны. Напісана, што ў гэтым сектары знаходзіцца гебітскамісарыят (акруговае ўпраўленне), яго служачыя і іншыя нямецкія арганізацыі і «іх сабакі з мясцовых адкідаў». Таму дадзены квадрат вуліц павінен быць знішчаны авіябамбардзіроўкай. Магчыма, ў гэтым будынку падчас нямецкай акупацыі сапраўды знаходзіўся гебітскамісарыят (будынак вялікі і відавочна адміністрацыйны), хаця дакладна невядома. Аднак мы ведаем, што падпольшчыкі некалькі разоў спрабавалі ўзарваць гебітскамісарыят, але, відаць, немцы яго аднаўлялі. Вось што распавядаюць дакументы з кнігі «Памяць. Вілейскі раён», дзе змешчаны даклад акруговага камісара Хазэ аб эвакуацыі акругі перад прыходам Чырвонай Арміі: «…1 ліпеня 1944 г. у 9.30 Вілейка падверглася масіраванаму ўдару савецкай авіяцыі… Першы налёт быў накіраваны супраць службовых устаноў камісарыята, жылога дома камісара і прылеглых да яго жылых будынкаў персаналу камісарыята. А таксама будынка мясцовай камендатуры і маста праз р.Вілія…».

Гэта значыць, што ўвесь раён, дзе знаходзіўся на фотаздымку наш будынак, быў моцна разбураны. Хутчэй за ўсё, менавіта тады пацярпела Свята-Георгіеўская царква, якая знаходзілася ў непасрэднай блізкасці. Наш будынак знік, як і амаль уся Вілейка падчас вызвалення абласнога цэнтра. Бо з 1300 будынкаў горада, па афіцыйных дадзеных, пасля вайны ацалелі толькі 240 драўляных дамоў і ў разбураным стане каля дзясятка каменных. У дакументах па аднаўленні горада таксама апісання адбудовы падобнага будынка няма.

Верагодней, дрэнная памяць аб гэтым збудаванні не дазволіла яго аднаўляць ці ён быў разбураны ўшчэнт. У нашым краязнаўчым музеі ёсць альбом «Вілейка, разбураная вайной», дзе прадстаўлены ўсе значныя будынкі города, што былі вельмі пашкоджаны і ўсе зафіксаваныя доказы павінны былі быць прадстаўлены для кампенсацыі з нямецкага боку. Але фота нашага будынка там няма.

Сярод краязнаўцаў былі меркаванні, што той будынак – гэта сучасны будынак КУП «Садружнасць» на рынку, які быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя як царскае казначэйства. Алё нам вядома, што за сваю гісторыю ён не змяняў амаль свайго выгляду, бо маецца шмат яго фотаздымкаў. Ды і месцазнаходжанне яго не падыходзіць па размяшчэнні на знойдзеным фотаздымку. Былі здагадкі, што гэта будынак шпіталя Першай сусветнай, але яны таксама не пацвердзіліся. Будзем спадзявацца, што час расставіць усе на свае месцы.
Запрашаем усіх зацікаўленых выказваць свае меркаванні і дасылаць цікавыя фотаздымкі са сваіх сямейных альбомаў для нашай рубрыкі «Страчаная спадчына». Асаблівыя словы падзякі выказваем краязнаўцам Дзмітрыю Хаценчыку і Дзянісу Канецкаму за іх цікавасць і неабыякавасць да гісторыі сваёй малой радзімы.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries