Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Новая ініцыятыва – галерэя пад адкрытым небам “Верас”

Вілейскі цэнтр эстэтычнага выхавання днямі прэзентаваў сваю новую ініцыятыву – галерэю пад адкрытым небам “Верас” і павіншавалі дзяцей з надыходзячым святам ведаў.

Намаганнямі калектыву дворык цэнтра ператварыўся ў сапраўдную арт-пляцоўку: зроблена сцэна, якую ўпрыгожвае ветразь – сімвал натхнення і надзеі, змайстраваны прэзентацыйныя панэлі, распланавана прастора. Пастаяннай экспазіцыяй галерэі сталі каменныя скульптуры, якія цэнтру колькі год таму падаравалі скульптары, што працавалі ў горадзе падчас пленэру. Каменныя фантазіі арганічна “ўпісаліся” ў канцэпт пляцоўкі: з аднаго боку, яны – самастойныя арт-аб’екты з уласным паведамленнем да гледача, а з другога – прыродная сціпласць камення не будзе замінаць аніякай іншай экспазіцыі і дзеі, што, будзе ладзіцца тут надалей.

–Ідэя стварэння творчага дворыка лунала некалькі год, – зазначыў на прэзентацыі галерэі начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі. – Добра, што задумка атрымала такое цудоўнае развіццё. Упэўнены, у віляйчан з’явілася новая выдатная пляцоўка новага фармату. Арт-вакацыі цяпер будуць тут.
А першымі наведвальнікамі галерэі пад адкрытым небам “Верас” сталі выхаванцы Вілейскай школы-інтэрната, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама дзеці з дома сямейнага тыпу. Менавіта іх запрасіў калектыў цэнтра, каб напярэдадні новага навучальнага года павіншаваць з гэтай падзеяй і прадэманстраваць моладзі новафарматную пляцоўку.
Праграму для школьнікаў зладзілі насычаную: падарожжа у краіну камянёў, творчыя майстэрні, гульні, міні-плэнэр. А народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” стварыў прэзентацыі галерэі адпаведны музычны настрой.

Спонсарам падарункаў (патрэбнай канцылярыі) для ўдзельнікаў актыўнасцей стала раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Святлана Лях таксама прыйшла павіншаваць дзяцей. Быў на свяце і кіраўнік раённай арганізацыі ГА “Дзіцячы фонд міру” Мікалай Гіро.

Традыцыйна гэта арганізацыя напярэдадні 1 верасня дапамагае выхаванцам дома сямейнага тыпу сабраць дзяцей у школу. На гэты раз Мікалай Мікалаевіч перадаў замоўненыя мамай рабят абутак, школьныя заплечнікі і канцылярскія тавары.

Ветразь творчага натхнення ўжо лунае над “Верасам”. Упэўнены, што тут будуць зладжаны шмат цікавых імпрэз, экспазіцый і вечарын, а новая арт-пляцоўка стане месцам згуртавання творчых людзей, месцам, дзе пануе мастацтва.

Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries