КРАСІНСКІ Мікалай Фаміч (1891 – 1938) – дзеяч тэатральнага мастацтва, да 125-годдзя з дня нараджэння.
Кожны год, 27 сакавіка ва ўсім свеце адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі тэатраў. Гэта святочная дата была ўстаноўлена па ініцыятыве дэлегатаў IX кангрэса Міжнароднага інстытута тэатра, які праходзіў у Вене ў 1961 годзе. Дэвіз святочнага дня застаецца нязменным і сёння: “Тэатр,як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”. На Беларусі да гэтай даты прыурочана цырымонія ўручэння штогадовай тэатральнай прэміі “ Хрустальная Паўлінка”.
Сотні людзей прысвяцілі свае жыцці служэнню гэтаму вялікаму і цудоўнаму мастацтву, многія з іх унеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатра. Імёны многіх тэатральных дзеячаў Беларусі: рэжысёраў, мастакоў, артыстаў добра вядомы і ўвекавечаны. Але ёсць і такія імёны, якія адыйшлі ў нябыт, або, прасцей кажучы, пра іх забыліся. Сярод такіх і наш зямляк, ураджэнец горада Вілейкі – Красінскі Мікалай Фаміч (літаратурны псеўданім А. Настулін).
Нарадзіўся Мікалай Фаміч Красінскі ў 1891 годзе ў горадзе Вілейка Віленскай губерніі. Паходзіў са шляхецкай сям’і. Скончыў 1-ю гімназію ў Вільні, у 1915 годзе – юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. З 1920 года жыў у Вільні. Працаваў настаўнікам і інспектарам у Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі і адначасова знаходзіўся там на службе. У асяроддзі віленскіх беларускіх дзеячаў празваны “архімандрытам”.
У 1922 – 1924 гадах М. Ф. Красінскі выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, дзе з настаўнікаў і навучэнцаў стварыў аматарскую тэатральную студыю “Беларуская драматычная майстроўня”. Мела на мэце папулярызацыю беларускай тэатральнай культуры ў Заходняй Беларусі, стварэнне асновы для прафесійнага тэатра. Першымі былі спектаклі, якія паставіў М. Ф. Красінскі “У зімовы вечар” паводле Э. Ажэшкі і “Лес шуміць” паводле У. Караленкі. Паказы складаліся ў асноўным з пастановак драматычных твораў, выступленняў хору, танцавальных нумароў, дэкламацыі – мастацкага чытання беларускіх вершаў. Наладжваліся таксама выязныя спектаклі ў вёску. Дзейнасць майстроўні шырока асвятлялася ў друку, у газетах “Голас беларуса” і “Беларуская доля”.
Лёс склаўся так, што ў 1923 годзе Мікалай Фаміч пакінуў Вільню, якая на той час знаходзілася пад уладай Польшчы, і эміграваў у БССР. Спачатку працаваў у Наркамаце асветы БССР, а з 1925 года – намеснік старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатральнай секцыі Інбелькульта. Для зборніка “Беларускае мастацтва” падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва ў Заходняй Беларусі, выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па тэатры.
З 1926 года – у Віцебску, дзе адкрыўся новы тэатр пад назвай Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2), створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, якая ў поўным складзе пераехала ў Віцебск. Мікалай Фаміч Красінскі прызначаны дырэктарам тэатра. Сёння гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.
З 1928 года, М. Ф. Красінскі зноў у Мінску, дзе з драматычнага гуртка бухгалтарскіх курсаў арганізаваў і стаў дырэктарам першага “Беларускага рабочага тэатра” , або “Наш тэатр”, які ў 1930 годзе перайменаваны ў тэатр імя Цэнтральнага Савета прафсаюзаў Беларусі. Асноўнае месца ў рэпертуары гэтага тэатра займалі тагачасныя надзённыя савецкія п’есы, прысвечаныя сацыялістычнаму будаўніцтву, праблемам атэістычнай прапаганды. У 1930 годзе М. Ф. Красінскі прызначаны адказным сакратаром Беларускага таварыства пісьменнікаў і кампазітараў, членам праўлення якога з’яўляўся з 1926 года.
Вясной 1930 года на Беларусі прайшла першая хваля масавых арыштаў дзеячаў навукі і культуры. У спісы ахвяр трапіў і Мікалай Фаміч Красінскі. 14 сакавіка 1930 года ён быў арыштаваны і праходзіў па справе “Саюз вызвалення Беларусі”. Яго абвінавацілі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасці і асудзілі на 5 гадоў высылкі ў Шадрынск. У 1935 годзе М. Ф. Красінскі пераязджае ў горад Сарапул, Удмурція. Але праз тры гады, 12 чэрвеня 1938 года зноў быў арыштаваны. На гэты раз, 30 кастрычніка 1938 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960 годзе.
Вось такі складаны і трагічны лёс нашага выдатнага земляка, які ўсё сваё жыццё аддаў стварэнню, прапагандзе і развіццю беларускай нацыянальнай культуры.
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей”