Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Навучэнка Вілейскага каледжа Аляксандра Путро стала пераможцай міжнароднага конкурсу «Вёска-фэст»

Навучэнка Вілейскага каледжа Аляксандра Путро стала пераможцай міжнароднага конкурсу «Вёска-фэст».

– Сапраўднай сцэны табе не бачыць, – педагог па вакале, да якога звярнулася Саша, стрымана заўсміхаўся, нібыта спрабуючы аблегчыць цяжар вынесенага прыга­вору. – Спявай для сябе, сяброў… На большае тваіх здольнасцей не хапае.

А дзяўчынка бачыла сябе не толькі ў коле аднагодкаў. Ёй сапраўды хацелася сцэны, прызнання і апладысментаў. Здаровая амбіцыйнасць, згадзіцеся, – не горшая рыса асобы. Саша вучылася ў пятай гарадской школе, выношваючы паралельна ўжо не такую летуценную, а па-жыцейску апраўданую мару. Маці прывучыла яе з дзяцінства да швейнай машынкі. Дзяўчынка ўмела страчыць роўныя, як па нітачцы, швы. Крыху пазней наважылася шыць пасцельную бялізну. І ў Вілейскі каледж на сумешчаную спецыяльнасць цырульнік-швачка паступала ўжо маючы за спіной пэўны набор прафесійных навыкаў. Каледж дапамог і ў рэалізацыі яе летуценнай мары.

– Неяк на самым пачатку вучобы да нас у швейную майстэрню зайшоў кіраўнік гуртка «Эстраднае і драматычнае мастацтва» Аляксандр Высоцкі, – успамінае дзяўчына. – Да гэтага мы ўжо ведалі, што ў нашай навучальнай установе працуе больш за дваццаць аб’яднанняў па інтарэсах. І гэта імя, Аляксандр Высоцкі, для мяне гучала, паколькі я не кінула сваіх практыкаванняў па вакале, цікавілася, да каго з педагогаў магла б звярнуцца. А тут сама ўдача трапіла ў рукі.

– Хто з вас хоча навучыцца спяваць, дэкламаваць? Адным словам, хто бачыць сябе ў амплуа артыста вакальнага ці драматычнага жанру, калі ласка – да мяне на праслухоўванне, – звярнуўся Аляксандр Вітальевіч да прысутных.
Ці трэба казаць, што Саша была у пярэдніх шэрагах жадаючых. І педагог з 30-гадовым стажам яе выдзеліў сярод многіх, жадаючых паспрабаваць сябе ў эстрадным жанры. Дзяўчына ўспамінае, што адразу патэлефанавала маме.

Менавіта яна падтрымала дачку ў момант, калі магло наступіць жорсткае расчараванне. Тое самае, што назаўсёды перакрэсліла б шлях да мэты. Адбылося іншае: дзяўчынка не страціла веры. І цяпер яна ўдзячна лёсу за такі спрыяльны для яе паварот. Творчыя памкненні рэалізуюцца цераз публічнае прызнанне творцы. Быў поспех на гарадскім аглядзе ў Вілейцы, які таксама з-за вядомых абставін пандэміі праходзіў у рэжыме онлайн. На міжнародны яны з кіраўніком доўга выбіралі музычны твор. Спыніліся на кампазіцыі Алены Ланской. Песня пра сіняе неба, пранізанае сонечнымі промнямі, убірае ў сябе пазітыў, дазваляе несці са сцэны ўсвядомленую выканаўцам радасць жыцця.

– Конкурс адкрыў для мяне перспектыву. Цяпер я адназначна веру: буду спяваць, – упэўнена заяўляе Саша.

У сям’і Путро не адна яна захапляецца вакалам. З іх чатырох спяваюць яшчэ дзве старэйшыя сястры, займаюцца ў вакальных студыях. У планах Сашы – заняткі аўтарскай песняй. А пакуль музычны кіраўнік хоча прапанаваць ёй для сцэнічнага выканання сваю. Калі на гатовыя ўжо словы напіша музыку.

Саша Путро ў творчай біяграфіі Аляксандра Высоцкага – не адзіная запаленая ім зорачка. Дзмітрый Русак, Таццяна Сарока, Уладзімір Высоцкі, Дзмітрый Вінцэвіч – навучэнцы каледжа, яны ў розныя часы ўпрыгожвалі сваім яркім ззяннем карону вілейскіх выканаўцаў на музычных стасунках рознага ўзроўню. Сам уладальнік гран-пры рэспубліканскага конкурсу, член Саюза музычных дзеячаў Беларусі, Аляксандр шчодра дзеліцца з юнымі выхаванцамі сваімі творчымі набыткамі. У гэтай шчодрасці – гарантыя поспеху.

Марыя Кузаўкіна, кіраўнік клуба «Юны журналіст» Вілейскага каледжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries