Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Наш край – вачыма творцаў

На днях у цэнтры эстэтычнага выхавання адбылося цікавае мерапрыемства, якое падрыхтавана і праведзена гэтай установай сумесна з краязнаўчым музеем. «Край верасовы – вачыма скульптара» – так называлася гэта сустрэча, якая падаравала некаму чарговае датыкненне да мастацтва, а для кагосьці стала сапраўдным адкрыццём.

Ва ўтульнай зале цэнтра жадаючыя – а запрошаны былі навучэнцы каледжа – змаглі пазнаёміцца з выставай работ студэнтаў кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тут і скульптура класіка нашай літаратуры Якуба Коласа; і работы на ваенную тэматыку; і скульптуры звяроў… І ўсё гэта зроблена з такой любоўю!

Скульптура – асаблівы від мастацтва. Даволі няпросты, працаёмкі. Вядучая мерапрыемства Таццяна Захарыч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання, расказала прысутным пра творчыя сувязі, якія звязваюць цэнтр з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, пра скульптурныя работы, якія былі выраблены студэнтамі гэтай установы падчас пленэру і якія ўпрыгожваюць цяпер горад, і пра нашага знакамітага земляка-скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. Гэта пра яго напісаў у сваім вершы Уладзімір Цанунін такія радкі:

Даўгінаўскія росы
І водар цёплых траў
Ён у маленстве босым
Ў душу сваю ўвабраў.

І яшчэ:

І бронзавай Віллянай,
Нібы з глыбінь вякоў,
Вітае кожны ранак
У скверы землякоў.

Ганаровы член Расійскай Акадэміі мастацтваў, член Каралеўскага таварыства брытанскіх скульптараў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар – гэта ўсё пра яго, скульптара Слабодчыкава. А яшчэ ён ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна і вельмі многае робіць для малой радзімы.

Прысутным у зале быў прадэманстраваны відэафільм пра знакамітага скульптара, яго шматлікія работы.

Падчас сустрэчы было многа і іншых цікавых момантаў. Так, запамінальным атрымалася выступленне дырэктара краязнаўчага музея Надзеі Аўдзей, якая расказала пра міфічную карту нашага раёна і культавыя камяні; хвалююча-цёплымі былі выступленні віляйчанкі Алесі Чэлік і яе сына Самірана, выхаванца цэнтра эстэтычнага выхавання; узрушыў літмантаж у выкананні Таццяны Захарыч, кіраўніка студыі «Балаганчык» Святланы Шпігун і канцэртмайстра Вольгі Батурынай… І ўвогуле, цеплыня і святло ад датыкнення да прыгожага адчуваліся на працягу ўсёй сустрэчы. Сумесны праект цэнтра эстэтычнага выхавання і краязнаўчага музея будзе працягвацца, і яшчэ многія хлопцы і дзяўчаты навучальных устаноў стануць яго ўдзельнікамі.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries