З 15 лютага па 4 сакавіка на Вілейшчыне праходзіць раённы агляд-конкурс сярод клубных устаноў «Быць здаровым – здорава. Зрабі свой выбар». На працягу трох тыдняў культурныя ўстановы раёна будуць дэманстраваць свой досвед у арганізацыі культурна-забаўляльных праграм па накірунку «Здаровы лад жыцця і прафілактыка асацыяльных паводзін». Трэба адзначыць, што падобныя агляды-конкурсы праводзяцца штогод па розных накірунках клубнай дзейнасці і галоўным каардынатарам дадзеных конкурсаў з’яўляецца цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна. Па традыцыі конкурс закліканы актывізаць і ўдасканаліць дзейнасць клубных устаноў у раёне, даць ім штуршок да пошуку новых формаў і метадаў культурнага абслугоўвання насельніцтва.
Старт агляду-конкурсу 2017 года дала вядучая установа Вілейкі ў галіне духоўна-маральнай і выхаваўчай працы з падрастаючым пакаленнем – Цэнтр эстэтычнага выхавання. Прадстаўленая на агляд-конкурс праграма «Гармонія жыцця» ўвасобіла ў сабе шматгадовы і рознабаковы вопыт цэнтра па працы з дзецьмі, падлеткамі і рознымі катэгорыямі складаных падлеткаў. Журы конкурсу была прадэманстравана праграма, якая складалася з заняткаў з падлеткамі па арт-тэрапіі, падчас якіх адбылося азнаямленне з гісторыяй, значэннем і функцыямі падобнай тэрапіі. Так, у многіх краінах свету пад арт-тэрапіяй маецца на ўвазе тэрапія выяўленчай творчасцю, што мае на мэце ўздзеянне на псіхаэмацыйны стан, у нашым выпадку падлеткаў, сродкамі мастацтва. Удзельнікі праграмы, яны ж навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа, былі падзелены на тры каманды, якім было дадзена заданне намаляваць сумесны малюнак. 1-я каманда назвала свой шэдэўр «Віні-пух і яго каманда», 2-я – «Губка Боб» і 3-я каманда – «Вясна». Затым, пры аналізе падрыхтаваных малюнкаў, быў прадэманстраваны «Тэатр колеру» па тэсту Макса Люшэра – абраны колер як характар асобы. Тэст Люшэра заснаваны на здагадцы аб тым, што выбар колеру адлюстроўвае нярэдка накіраванасць падыспытнага на пэўную дзейнасць, настрой, функцыянальны стан і найбольш ўстойлівыя рысы асобы. Замежныя псіхолагі ўжываюць часам тэст Люшэра пры даследаваннях і выпрацоўцы рэкамендацый для пэўнага ўзросту. Значэнне колеру ў псіхалагічнай інтэрпрэтацыі вызначаецца ў ходзе рознабаковага абследавання чалавека. Напрыканцы праграмы была прадэманстравана дзейнасць літаратурна-музычнай гасцёўні і экскурс па выставе «Лагойшчына вачыма дзяцей». Удзельнікі праграмы змаглі наведаць цікавую выставу, а таксама паслухаць паэзію ў суправаджэнні твораў Шапэна.
Варта адзначыць, што ўсе праграмы Цэнтра эстэтычнага выхавання адрозніваюцца арыгінальнасцю і асабліва прапрацаванымі творчымі заняткамі з непаўналетнімі.
18 лютага раённы агляд-конкурс перамясціўся на Іжаншчыну, дзе былі прадэманстраваны культурна-забаўляльныя і выхаваўчыя праграмы Лыцавічскага дома культуры і Іжскага клуба.
У рамках агляду-конкурсу «Быць здаровым – здорава! Зрабі свой выбар» у Лыцавічскім СДК прайшло спартыўнае свята «Актыўныя, спартыўныя, таленавітыя». Каля дома культуры разгарнулася сапраўдная спартыўная дзея, падчас якой адбыліся спаборніцтвы ў эстафеце, узняцці гіры, разборкі і зборкі аўтамата і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Таксама гледачам была прадстаўлена канцэртная праграма, у якой удзельнічалі лепшыя салісты і калектывы сельскага дома культуры і Чурлёнскай сярэдняй школы з рознапланавымі творчымі нумарамі, свае паказальныя выступленні прадэманстравала і аматарскае аб’яднанне «Патрыёт». Культработнікі, самадзейныя артысты, гурткоўцы і юныя ўдзельнікі праграмы яскрава прадэманстравалі, што галоўным прыярытэтам нашай дзяржавы з’яўляецца здароўе нацыі. Кожны элемент спаборніцтва, кожны нумар мерапрыемства дэманстраваў гэта ў дзеянні, а супрацоўнік клубнай установы паказалі вялікі пласт сваёй работы па выбудоўванню штодзённай важнай і значнай працы па выхаванні падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму і на аснове духоўна-гістарычных традыцый беларускага народу.
У Іжскім сельскім клубе ў той жа дзень прайшла канцэртная праграма «Жыць здаровым – здорава». На сцэне ўстановы падчас прадстаўлення было задзейнічана 14 непаўналетніх, якія прымаюць актыўны ўдзел ў дзейнасці клубных гурткоў і фарміраванняў. Супрацоўнікі клубных устаноў заўжды знаходзяць падыход да кожнага падлетка, фарміруючы ў іх цікавасць да творчых, спартыўных і адукацыйных заняткаў, што найбольш актуальна з працай з дзецьмі, якія знаходзяцца на розных відах улікаў і падыход да якіх патрабуе асаблівай ўвагі. Праграма мерапрыемства ў Іжы была рознабаковай і насычанай, а прадстаўленні вакальнага гуртка «Зараначка», гуртка мастацкага чытання «Ліра» і танцавальнага гуртка «Вяночак» падаравалі журы і гледачам толькі станоўчыя эмоцыі. Таксама падчас мерапрыемства дэманстраваліся працы ўдзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Чароўны квадрат».
Агляд-конкурс працягваецца, і мяркуецца, што патрабавальнае журы і гледачы яшчэ ўбачаць шмат цікавых форм культурна-забаўляльных і адукацыйных праграм, якія прадставяць на іх суд клубныя ўстановы раёна.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена цэнтралізаванай клубнай сістэмай