Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вілейшчыне выбралі лепшую ўстанову па арганізацыі культурна-дасугавых праграм

З 15 лютага па 3 сакавіка ў клубных ўстановах ДУК “Централізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна” праводзіўся агляд-конкурс на лепшую арганізацыю культурна-дасугавых праграм “Краіна мая, радасць мая, песня ”, які быў прысвечаны Году малой радзімы і святкаванню 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Тры тыдні агляду-конкурсу сталі сапраўдным святам для ўсіх яго наведвальнікаў. На пачатку кожнага мерапрыемства гледачы маглі пазнаёміцца з выставамі, якія былі створаны дзякуючы ўмелым рукам удзельнікаў клубных фарміраванняў клубных устаноў. А на сцэне чакалі музыкальныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя нумары, якія здзіўлялі, захаплялі і радавалі ўсіх прысутных.

Культурна-дасугавыя праграмы кожнай клубнай установы былі па-свойму непатоўрныя і адметныя. Але ў гэтым годзе журы агляду-конкурсу вырашыла асабіста адзначыць праграмы Людвіноўскага, Даўгінаўскага, Нарачанскага, Шылавіцкага, Ільянскага, Любанскага, Куранецкага сельскіх Дамоў культур, Іжскага сельскага клуба і Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання.

Людвіноўскі сельскі Дом культуры прадставіў тэатралізаваны канцэрт пад назвай “Старое фото”. На працягу канцэрта гледачы бачаць некалькі фотоздымкаў, якія распавядаюць гісторыю людзей, адлюстраваных на іх.Паступова высвятляецца, што гэта здымкі адной сям’і ў розныя перыяды часу: даваенны, ваенны, пасля вайны і сучаснасць. Тэатралізацыя суправаджаецца музычнымі і літаратурнымі нумарамі ад артыстаў Людвіноўскага сельскага Дома, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі клубных фарміраванняў “Вясёлка”, “Светач”, “Актёр”.

Літаратурна-музычная праграма “Земля под белыми крыльями” адбылася ў Даўгінаўскім сельскім Доме культуры. Напачатку мерапрыемства гледачы маглі наведаць выставу прац удзельнікаў аматарскага аб’яднання “Нашчадкі”. Пачалася праграма са сцэны выпускнога вечара 22 чэрвеня 1941 года. Хлопцы і дзяўчаты сустракаюць світанне, размаўляюць аб тым, кім яны мараць стаць у будучыні. Але іх марам не наканавана спраўдзіцца, бо пачынаецца вайна… Так, разам з артыстамі Даўгінаўскага сельскага Дома культуры, гледачы апынаюцца на салдацкім прывале, дзе слухаюць франтавыя гісторыі. А далей гучаць ваенныя песні, вершы і песні на тэму Радзімы ў выкананні ўдзельнікаў клубных фарміраванняў “Юные таланты”, “Волшебное слово”, “Созвездие”, “Ровесник”, “Юность”.

Нарачанскі сельскі Дом культуры сустракаў наведвальнікаў канцэртнай праграмай “Краіна мая, песня мая, радасць мая дарагая”.Напачатку мерапрыемства гледачы маглі пазнаёміцца з выставай прац удзельнікаў клубных фарміраванняў па дэкартыўна-прыкладному мастацтву “Лучынка” і “Фантазія”, дзе былі прадстаўлены лялькі, вырабы з саломкі, выцінанка. Далей іх чакала канцэртная праграма, у якой лепшыя салісты і калектывы Нарачанскага сельскага Дома культуры паказалі свае таленты і музыкальныя, харэаграфічныя, інструментальныя нумары.

Шылавіцкі сельскі Дом культуры правёў канцэрт пад назвай “Цвети под небом синим, Беларусь!”.На сцэне гледачоў чакалі выступы ад удзельнікаў клубных фарміраванняў “Живой звук”, “Потешки”, “Надзея”, “Валошкі”. Яны падрыхтавалі музыкальныя і літаратурныя нумары. Акрамя таго, кожны нумар цудоўна дапаўняўся пранікнёнымі радкамі і вершамі вядучых пра вайну, малую Радзіму, Беларусь.Канцэрт нікога не пакінуў абыякавым і падараваў кожнаму яго наведвальніку незабыўныя эмоцыі.

Куранецкі сельскі Дом культуры прадставіў канцэрт “Краіна мая, радасць мая, песня мая дарагая”. Падчас канцэрту свае творчыя здольнасці дэманстравалі юныя таленты Дома культуры − фальклорны дзіцячы гурт “Дзіва” і салістка дзіцячага фальклорнага гурта “Ліхтарыкі” Каркоцкая Паліна. Яны выконвалі беларускія песні, песні на ваенную тэматыку.На адным дыханні прайшла праграма, падрыхтаваная супрацоўнікамі Куранецкага сельскага Дома культуры і юнымі ўдзельнікамі клубных фарміраванняў. Яркія выступленні, прыгожыя касцюмы, уменне артыстаў выдатна трымацца на сцэне − усё гэта склала непаўторную атмасферу мерапрыемства.

Іжскі сельскі клуб запрасіў на тэатралізаванае прадстаўленне “Вясковыя пасядзелкі”. Гледачу была прапанаваў тэатралізацыя, па сюжэту якой гаспадар з гаспадыняй ладзяць вясковыя пасядзелкі.На іх паступова прыходзяць сусед за суседам і з цягам іх размоў выконваюцца песні, вершы, байкі, танцы. Такім чынам,на сцэне клуба прадставілі свае нумары ўдзельнікі клубных фарміраванняў “Вяночак”, “Ліра”, “Зараначка”. Мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым і сапраўды адлюстравала атмасферу вясковых пасядзелак.

Ільянскі сельскі Дом культуры падрыхтаваў канцэртную праграму “Краіна мая, радасць мая, песня мая дарагая”. Адкрыў мерапрыемства выступ народнай эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт”, якая выканала музычныя кампазіцыі на тэму вайны, Вілейшчыны, Беларусі. Далей свой талент даравалі гледачу салісты Ільянскага СДК і ўдзельнікі клубных фарміраванняў “Дамісолькі”, “Звонкія галасы”, “Медуніца”. А прыемным заканчэннем мерапрыемства стаў выступ гумарыстычнага калектыву “Смехата”.

У Вілейскім Цэнтры эстэтычнага выхавання адбылося адкрыццё і прэзентацыя выставы ўдзельнікаў народнай студыі “Пушысцікі”, народнай студыі арыгамі “Чароўны квадрат”, студыі мяккай цацкі “Рукадзельніца”, студыі бісерапляцення “Куфэрак” пад назвай “Летуценні па-беларуску”. Далей гледачам была прадстаўлена літаратурна-музыкальная праграма “Во имя жизни на земле…мы этой памяти верны”, якая складалася з песень, эцюдаў, паэтычных і літаратурных кампазіцый. Нумары праграмы былі падрыхтаваны тэатральнымі студыямі “Синтез” і ”Балаганчик», вакальнымі студыямі “Домисолька”і ”Соло”, народным калектывам аўтарскай песні “Элегія”.

У Любанскім сельскім Доме культуры прайшоў канцэрт “Краіна мая, радасць мая, песня мая дарага”. На пачатку мерапрыемства гледачы маглі пазнаёміцца з выставай дзіцячага малюнка “Вайна вачыма дзяцей”, далей іх чакала канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел салісты і ўдзельнікі клубных фарміраванняў “Мара”, “Душа”, “Карусель”. Яны прадставілі музычныя і літаратурныя нумары на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Радзімы. Асаблівым момантам канцэрту стаў выступ гурта “Вечарынка”, які аднавіў сваю творчую дзейнасць пасля перапынку ў некалькі год.

Па традыцыі, клубныя ўстановы, якія паказалі лепшыя культурна-дасугавыя праграмы, будуць узнагароджаны на Сёмуху, якая ў гэтым годзе адбудзецца ў аграгарадку Вязынь.

А зараз хочацца падзякаваць усім удзельнікам і наведвальнікам раённага агляду-конкурсу “Краіна мая, песня мая, радасць мая дарагая”. Да сустрэчы у наступным годзе!

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries