“На струнах душы” – з ініцыятывай гэтага дабрачыннага марафона ў падтрымку медыкаў выступіў калектыў цэнтра эстэтычнага выхавання. Першым крокам стала размяшчэнне відэароліка на старонцы сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”, а наступным – сустрэча з вілейскімі медыкамі, якая адбылася на гэтым тыдні.
Падчас яе прадстаўнікі розных аддзяленняў цэнтральнай бальніцы атрымалі экземпляры дыска “Да чыстай крыніцы”, які выдадзены па благаславенні благачыннага Вілейскай праваслаўнай акругі іераманаха Аляксандра (Шмырко) пры падтрымцы Вілейскага райвыканкама і прамысловага кааператыва “Вітамін”. Як расказала дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, жаданне падтрымаць медыкаў нарадзілася таму, што менавіта яны, людзі ў белых халатах, сёння знаходзяцца ў “чырвонай зоне” барацьбы з новым вірусам. Зняць эмацыйнае напружанне ім дапаможа дыск, які Таццяна Захарыч прэзентавала аўдыторыі, расказаўшы пра гісторыю стварэння.
Пра маленькіх пацыентаў раённай бальніцы госці таксама не забыліся. Карціну, створаную дзецьмі для дзяцей, з фондаў мастацкай студыі цэнтра эстэтычнага выхавання перадала мастачка Вера Каўзановіч Марыне Субач – намесніку галоўнага ўрача, адказнаму за гэту сферу.
“Дарагія вілейскія ўрачы, сёстры, нянечкі! Нізкі паклон вам за вашу высакародную працу і за вашу мужнасць, з якой вы так самаахвярна ратуеце чалавечыя жыцці. На свеце няма подзвіга вышэй за гэты. Дай вам Божа здароўя, сіл, вытрымкі і цярпення, каб пераадолець нечакана цяжкія выпрабаванні лёсу! Упэўнены і шчыра верым, што так і будзе! Таму што мы вас вельмі любім!” – гэтыя словы падтрымкі, адрасаваныя вілейскім медыкам рэжысёрам і артыстам Алегам Вінярскім ад імя супрацоўнікаў Беларускага радыё, агучыла прысутным Таццяна Захарыч.
Галоўны ўрач установы аховы здароўя Ірына Макарава падзякавала за неабыякавасць да медыкаў, якім у некаторыя моманты асабліва патрэбна маральная падтрымка. Яна падпітвае і дае сілы, каб і далей выконваць такую карысную для людзей працу – лячыць.
У дабрачыннага маршрута працяг будзе – падзялілася на развітанне Таццяна Захарыч. А значыць, будуць гучаць і струны душы.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара