Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На фестывалі ў Докшыцах віляйчане дастойна прадставілі наш раён

12 жніўня ў Докшыцах Віцебскай вобласці прайшоў Рэспубліканскі Фестываль дзвюх рэк – Беразіны і Віліі. У ім прынялі ўдзел творчыя калектывы з розных раёнаў Беларусі, па тэрыторыі якіх працякаюць гэтыя рэкі. Былі на свяце і замежныя госці.

У фестывалі прынялі ўдзел і віляйчане, якія дастойна прадставілі наш раён на гэтым свяце музыкі, творчасці і натхнення.

– Напачатку было тэатралізаванае шэсце, у якім прынялі ўдзел усе ўдзельнікі фестывалю, – расказала вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры Вілейскага Палаца культуры Таццяна Слуцкая. – У ім прайшлі і нашы ўдзельнікі – народны калектыў «Велея казацкая», іншыя прадстаўнікі. Дарэчы, у «Велеі…» была магчымасць пасля паказаць сябе ў канцэртнай праграме, і гледачы вельмі цёпла прымалі артыстаў.

У рамках Рэспубліканскага Фестывалю дзвюх рэк былі і конкурсы, у якіх прымалі ўдзел віляйчане: «Кірмаш сямейных талентаў» і «Бярэзінскія напевы». У першым, які меў мэтай выяўленне і падтрымку таленавітых сямей, папулярызацыю сямейнай творчасці, выступілі: наш знакаміты дуэт – бацька і сын Аляксандр і Уладзімір Высоцкія; творцы Святлана і Паліна Лучнікоўскія (мама з дачкой) і ўдзельнікі ільянскага калектыву «Смехата» Мікіта Палтарэцкі і Ірына Івашанка (зяць з цешчай).

Кампетэнтнае журы высока ацаніла выступленне нашых землякоў, назваўшы пераможцамі ў сваіх намінацыях дуэты Высоцкіх і Палтарэцкага-Івашанка, а Лучнікоўскіх адзначыўшы дыпломам за ўдзел.

Не менш дастойна выступілі віляйчане і ў конкурсе «Бярэзінскія напевы», у якім паказвалі свае песенныя талент і майстэрства лепшыя вакалісты. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне Уладзіміра Высоцкага, якога кампетэнтнае журы назвала лепшым і ўручыла яму Дыплом першай ступені. Другое месца па праву прысуджана яшчэ адной нашай зямлячцы – Таццяне Сарока.

Дарэчы, і Уладзімір, і Таццяна – салісты народнага калектыву «Велея казацкая». Дыплома за ўдзел удастоена і яшчэ адна вілейская артыстка – Дзіяна Рагозіна.

Ну што тут скажаш: мы ганарымся вамі, нашы таленавітыя землякі. Так трымаць!

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Таццянай СЛУЦКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 134 queries