Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На фестывалі «Пеўчае поле» вілейскі харавы калектыў стаў лаўрэатам II ступені

Кожныя два гады лепшыя акадэмічныя, народныя, самадзейныя харавыя калектывы Беларусі збіраюцца ў маляўнічых мясцінах Нарачанскага краю. Вось і ў мінулыя выхадныя Мядзель гасцінна прымаў аматараў народнай песні, тут прайшоў рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». Музычнае свята сабрала творчыя калектывы з усіх абласцей рэспублікі – каля 800 удзельнікаў і 29 калектываў.

Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле» – найстарэйшы фестываль сталічнай вобласці, ён праводзіцца ў Мядзелі з 1952 года. Спачатку яго праводзілі як рэгіянальны фестываль харавога вакальнага мастацтва на беразе возера Нарач, каля стэлы, узведзенай у памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, але, пачынаючы з 2000-х гадоў, ён праводзіцца ў самім Мядзелі ў амфітэатры на возеры Мястра. У 2012 годзе Міністэрства культуры Беларусі надало фестывалю статус рэспубліканскага, аказваючы пры гэтым сустрэчам на «пеўчым полі» арганізацыйна-творчую і фінансавую падтрымку.

DSCF6763

На фестывалі «Пеўчае поле» не проста атрымліваюць асалоду ад прафесійных харавых спеваў, але і выбіраюць лепшыя калектывы. На працягу многіх гадоў узначальвае журы фестывалю мастацкі кіраўнік нацыянальнага акадэмічнага хору імя. Г. Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Неаднаразовымі ўдзельнікамі музычнага форуму станавіліся і віляйчане, сярод якіх – удзельнікі Народнага харавога калектыву «Любанія». У гэтым годзе артысты зноў наведалі Мядзел і не проста паказалі сваё майстэрства, а былі высока ацэнены кампетэнтным журы, заняўшы сярод амаль трыццаці прафесійных калектываў другое ганаровае месца.

– Гэта неацэнны станоўчы вопыт для нашага калектыву, – расказвае кіраўнік хору «Любанія» Андрэй Дударчык. – За апошнія гады ў наш хор прыйшло шмат новых удзельнікаў і тое, што яны змаглі выступіць на адной сцэне з шматлікімі высокапрафесійнымі калектывамі – гэта значная школа майстэрства, гэта для іх, так бы мовіць, творчае ўзварушэнне. Пасля атрымання другога месца мы цяпер маем яшчэ большы стымул для далейшага развіцця. І праз два гады, калі зноў паедзем на наступны фестываль, – абавязкова будзем імкнуцца да перамогі. Тым больш, што ў 2019 годзе народны хор «Любанія» будзе адзначаць сваё пяцідзесяцігоддзе.

DSCF6742

Праграма фестывалю гэтага года была разнастайная і вельмі насычаная. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў амфітэатры на беразе возера Мястра, на наступны дзень артысты выступалі ў аграгарадку Нарач у касцёле Святога Апостала Андрэя. Была задзейнічана і сцэнічная пляцоўка санаторыя “Прыазёрны”, дзе таксама ладзіліся выступленні калектываў. Галоўным запрошаным госцем фестывалю стаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальны ансамбль “Чысты голас”, чыё выступленне пакінула толькі самыя лепшыя ўражанні, як і ў саміх гледачоў, так і ва ўдзельнікаў.

DSCF6746

Пасля доўгіх разваг і гарачых спрэчак журы фестывалю, на чале з народным артыстам Беларусі прафесарам Міхаілам Дрынеўскім, прызнала пераможцам заслужаны аматарскі калектыў народны хор “Крыніца” Столінскага Палаца культуры. Менавіта гэты калектыў і атрымаў Гран-пры фестывалю.

Песнi роднага краю ў выкананні ўдзельнікаў фестывалю «Пеўчае поле» заўжды становяцца значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і творчасці беларускіх харавых калектываў і нязменна прыцягваюць знатакоў сапраўднага вакальнага мастацтва.

image-0-02-05-e3ba0011ed761f9d9a50a15a35b7b3f7d01d41864f074213a420418971e2f898-V

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries