Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейшчына літаратурная: нарысы нашага земляка.

Кожны чалавек пакідае нейкі след на зямлі.

А калі памрэ, застаецца пра яго памяць у нашчадкаў — добрая або благая.

Мінск – горад кветак

У Мінску, у прадмесці Малінаўка, ёсць гарадскі парк, які называюць Паўлаўскі (імя Паўлава). Названы не ў гонар сяржанта Паўлава, які ў вайну ў Сталінградзе месяц абараняў дом, а ў гонар былога старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Савета народных дэпутатаў Міхаіла Паўлава.Так здарылася, што я сустракаўся і з былым сяржантам, Героем Савецкага Саюза Паўлавым Якавам Фядотавічам на турбазе ў Валдаі і нават там чарку разам з ім  распілі і са старшынёй Мінскага гарвыканкама Паўлавым на навуковай канферэнцыі па развіцці сучасных гарадоў.

Міхаіл Якаўлевіч Паўлаў (кіраваў беларускай сталіцай з 28 сакавіка 2000 г. па 10 чэрвеня 2009 г.) меў добры аўтарытэт сярод мінчукоў, а таму яго прозвішчам і парк назвалі ў Мінску. Але мала хто ведае пра яго заслугі. Пры яго кіраванні напісалі і выдалі кнігу “Гісторыя Мінска” (на беларускай і рускай мовах). А яшчэ пры ім Мінск стаў горадам кветак.

Цяпер, калі я бачу  кветкі каля магазінаў, на вуліцах і праспектах Мінска, я адразу ўспамінаю Паўлава. Хвалю яго, але дзякую і сабе. Прапанова яму была ад мяне. Добрыя ідэі заўсёды перамагаюць. А выканаўцы іх ажыццяўляюць і пра гэта ўсе ведаюць. Часцей за ўсёніхта не ведае пра тых, хто нешта прапануе. Як жа здарылася, шт Мінск стаў горадам кветак.

Пачну з напісання кнігі пра гісторыю Мінска. Пры Мінскім гарадскім выканкаме дзейнічала група навукоўцаў (каля 5 -10 асоб), якая называлася Інстытут стратэгічных  сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем Мінска. Пры гэтым інстытуце ў студзені 2003 годзе быў створаны творчы калектыў па напісанні гісторыі Мінска. Яго ўзначаліў акадэмік М. П. Касцюк. Але кадры ў гэты калектыў падбіраў дырэктар Інстытута з гарвыканкама  доктар філасофскіх навук У. А. Бабкоў, бо ён і плаціў грошы за напісаную работу. Я трапіў у гэтую творчую групу выпадкова. Вядомы гісторык НАН Беларусі Г.В. Штыхаў прапанаваў туды і мяне. Хоць я не вёў раскопкі Менска і не капаўся ў яго архівах, але для гэтай групы прыгадзіўся, бо рабіў тады рэдактарам у рэдакцыі “Беларускага  гістарычнага часопіса”. Мне даручылі напісаць пра развіццё Мінска пасля атрымання незалежнасці Беларусі. Пры першым знаёмстве са мной У. А. Бабкоў прачытаў мне амаль пагадзінную лекцыю, мэта якой не пісаць у кнізе пра дзейнасць Беларускага народнуага фронту (БНФ). Я ўважліва выслухаў. Праўда, сказаў яму, што для мяне хапіла б і пару фраз пра гэта, бо я працую ў дзяржаўным навуковым выданні і матэрыялы друкую для настаўнікаў  школ і навучальных устаноў. Так ён падстрахаваўся. Я для гэтай кнігі напісаў тры параграфы і за іх атрымаў добры ганарар. У творчым калектыве па напісанні “Гісторыі Мінска” было 17 чалавек, але над гэтай кнігай працавалі амаль 30 асоб.У творчым калектыве добразыліва ставіліся адзін да аднаго.Пісалі мы кнігу 2 з паловай гады. Яе выдалі напачатку 2006 года.

Памятаю, што пасля напісання кнігі (перад публікацыяй) была апрабацыя і  яе абмяркаванне. На абмяркаванні нават прысутнічаў і выступаў Старшыня Канстытуцыйнага Суда РБ Рыгор Васілевіч. Нехта нават задаў яму непажаданае пытанне. Магчыма, гэта быў  я. Ён быў не задаволены такім пытаннем. Кнігу ён не крытыкаваў. Калі пытанне было маё, дык, напэўна, ён кепска сказаў пра змест маіх параграфаў, а таму я мог задаць пытанне для апраўдання.

У час напісання кнігі мне даводзілася некалькі разоў заходзіць да дырэктара гарадскога інстытута, якія размяшчаўся ў падвальным памяшканні гарвыканкама (лічыце, што падпольны – так я пра яго казаў). У другой палове ці ў сярэдзіне красавіка 2003 года, калі я зайшоў да Бабкова, дык ён мне сказаў, што старшыня гарвыканкама Паўлаў хоча аб’явіць сёлетні год для Мінска з пэўным кірункам. Пытаецца, якім аб’явіць гэты год. Я здзівіўся. 2003 год ужо быў аб’яўлены Годам дабраўпарадкавання (благоустройства). Я нагадаў Бабкову пра гэта. Але Паўлаў хоча нешта і сваё. Нельга ж у такім выпадку аб’яляць у Мінску Год медыцыны ці Год навукі , ці Год кнігі.  Трэба прыдумаць такі год, каб гэта не пярэчыла агульнай урадавай лініі Год добраўпарадкавання.Год чыстаты, але чыстым горад і так павінен быць. Што я не называю, але не падходзіла і кепска гучала. І нарэшце, я ўспомніў, што на вуліцы Пляханава, дзе я жыву, каля школы на клумбе кожнае  лета расце бур’ян. Калі аб’явіць Год кветак, дык на той клумбе будуць расці кветкі. У школе вывучаецца батаніка і ёсць настаўнік біялогіі, а таму каля школы кветкі павінны быць абавязкова. Калі я працаваў у сельскай школе пад Мінскам, то я адказваў за прышкольны агарод і кветкі каля школы, бо два гады мне даручылі весці ўрокі па батаніцы. Школьнікі апрацоўвалі і гэты агародчык і даглядалі кветкі. Кветкі таксама любяць людскую ласку. Аб’явіць Год кветак і гэта не пярэчыць агульнай урадавай лінні, Лініі Прэзідэнта. А калі няма вопыту, як зрабіць Мінск горадам кветак, дык з’ездзіце ў камандзіроўку ў Рыгу або хаця б у Гомель і пазнаёмцеся, як там робяцца. Такой прапановай закончылася тая гутарка.

Прайшло можа два ці тры тыдні і я пачаў забывацца пра нашу гутарку пра кветкі. І раптам перад Днём Перамогі ў той жа год на вуліцах з’явіліся кветкі. Іх нельга было не заўважыць, бо было ўказанне кіраўнікам усіх арганізацый пасадзіць кветкі. Каля кожнага магазіна з’явіліся кветкіі. Гаршочкі з кветкамі сталі вешаць на слупах і на плот на вуліцах.  Глядзеў і дзівіўся. Нават лічыў, што гэта ўжо залішняе. Як кажуць, перабор. З таго часу кожны год улетку растуць кветкі. Можа іх стала крыху і меней. Але сёлета ў маі можна адзначаць 15 гадавіну кветак у сталіцы.

У той жа год я сказаў аднаму навукоўцу з таго гарадскога інстытута, што яны ажыццявілі маю ідэю. А ён мне адказвае: “Мы два гады таму зрабілі такі праект азеляненя горада і паклалі яго на далёкую перспектыву”.  Звярніце, увагу нават праект за грошы зрабілі і амаль забыліся пра яго. А на мой погляд, навошта было псаваць паперу і губляць час. Кожная ўстанова ці прадпрыемства сама вырашала, як пасадзіць кветкі. Няўжо хадзілі ў будынак гарвыканкама вывучаць той праект. Можа яшчэ і ў Вілейцы праект напісаць, як у Асіпавіцкай ці ў Нароцкай школе пасадзіць кветкі. Гэта я для прыкладу напісаў. Можа там кветкі ёсць. А калі няма, дык хай ім будзе сорамна.

А цяпер менчукі любяць кветкі. Каля майго 9-павярховага дома пенсіянеркі кожную вясну садзяць кветкі. Растуць кветкі і ў кватэрах. У 1990-х гадах у Мінску на грамадскіх пачатках больш за 10 гадоў дзейнічала таварыства аматараў пакаёвых кветак (каля 15 чалавек), інакш клуб “Флорэаль”. Кіраваў ім былы юрыст Анатоль Астроўскі. Ён нават брашурку пра кветкі напісаў. Я хадзіў у гэты клуб. З тае нагоды добра ведаю пра кветкі. І магу параіць чытачам абавязкова трымаць дома пакаёвыя расліны, якія квітнеюць і якімі можна палячыцца. У тым клубе кожны з нас займеў самыя прэстыжныя пакаёвыя расліны. Шкада, што цяпер няма такога таварыства. А я люблю кветкі. Можа і таму, што ў маі нарадзіўся, калі ўсё квітнее. І маці мая кветкі любіла, ба на вокнах у хаце заўсёды раслі пераргоніі (мушкеты), герані і панскае жыццё. Якія у хаце неабходна мець кветкі? Напішу па іх значнасці. Мурая экзатычная (муррайя экзотическая), мірта, хларафітум, альяс (столетник), каланхое, бальзамін, пеларгонія, гранат, кітайская ружа, гібікус, дзекабрыст, кактус і іншыя. А з мураяй я ўжо сябрую гадоў 25. Яна духмяна і прыгожа цвіце. Сама прыгажуня і нават яе ягадкі смачныя. Але яна — пястуня, як паненка, любіць, каб за ёй ўхаджвалі, купалі. Інакш можа прапасці, бо яе любяць шкоднікі. А іх у раслін таксама хапае.

Сымон Барыс

15 мая 2018 года.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 136 queries