Музей ліштвы ладзяць супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў. Ужо шэсць узораў ліштвы – драўлянага аздаблення вокнаў жылых будынкаў, – выратаваных ад небыцця, упрыгожваюць падворак Дома рамёстваў. У рускім даведніку слова ліштва гучыць як «наличники».
«Зараз паўсюдна ў нашых вёсках выкупляюць хаты і амаль адразу мяняюць вокны, выкідваючы на смецце і ліштву, што тыя вокны аздабляла, – расказвае дырэктар Дома рамёстваў Ксенія Сасонка. – Ідэя стварэння музея, дзе былі б захаваны узоры ліштвы, выкананыя нашымі вілейскімі майстрамі, узнікла спантанна. Літаральна ля сметніка, што вырас пасля рамонту аднаго будынка. Я кожны дзень хадзіла ля яго на працу і бачыла, як нікому не патрэбная ліштва мокла і сохла сярод іншых адыходаў рамонту. Так знайшоўся першы экспанат».
Ужо пасля таго як ідэя была агучана і гаворка аб музеі разышлася сярод калег і знаёмых, неабыякавыя людзі сталі прыносіць, таксама выратаваныя ад знішчэння ўзоры.
Дарэчы, як сцвярджаюць этнографы, у вёсцы, у сялянскім будаўніцтве, ліштва распаўсюдзілася адносна нядаўна – у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Да гэтага часу ліштва бытавала пераважна ў манументальным дойлідстве, у афармленні жылля гарадоў і мястэчкаў. Дасціпныя даследчыкі вызначаюць некалькі відаў разьбы па дрэве, якія выкарыстоўваліся ды і цяпер выкарыстоўваюцца майстрамі пры стварэнні ліштвы.
Найбольш старажытны і распаўсюджаны ў Беларусі, і ў Вілейскім краі таксама, трохгранна-выемчаты від разьбы. Аснову яго складаюць трохгранныя выемкі (зубчыкі), зробленыя нажом ці простым разцом на дошцы. Пэўным чаргаваннем зубчыкі ствараюць многія варыянты дэкору: у выглядзе аднабаковай ці здвоенай пілкі, зігзага, ромбаў. Падоўжаныя выемкі-зубчыкі ўтвараюць найбольш улюбёны і даўні матыў – шматпраменны круг-разетку. Як тлумачаць знаўцы, расказала Ксенія Генадзьеўна, такі характар разьбы зусім не выпадковы. Па-першае, яна надзвычай тэхналагічная, паколькі геаметрычная разьба найлепш адпавядае прамалінейнай структуры дрэва, не патрабуючы складаных інструментаў. Па-другое, простая геаметрыя адлюстроўвае «складаныя» старажытныя ўяўленні людзей пра жыццё, прыроду, сусвет. Так, шматпраменны круг-разетка, канешне ж, салярны сімвал – знак сонца.
– Мы плануем ужо летам стварыць на падворку сімвалічную вуліцу, на якую будуць глядзець вокны імітаваных хат, а вось ліштва будзе самая сапраўдная. Тут жа будуць і стэнды, дзе размесцім цікавую інфармацыю аб ліштве, – паведаміла аб намерах супрацоўнікаў Дома рамёстваў яго дырэктар. І праз газету звярнулася да ўсіх, каму не абыякава наша спадчына: » Прыносьце ліштву да нас. Або падкажыце, дзе ёсць непатрэбныя варыянты, якім пагражае згніць або стаць смеццем. Створым музей ліштвы разам!»
Ірына ТРУБАЧ.
Фота прадастаўлена суполкай “Вольны архіў”.
Аўтар Ганна ШЧУКА