Шкада, што наш зямляк Міхаіл Пастарнак пачаў думаць аб выпуску зборніка сваіх вершаў у даволі сталым узросце (нарадзіўся 19 студзеня 1962 года). І нарэшце ўбачыла свет кніжка яго твораў «Хай віруе жыццё». На жаль, накладам усяго 99 асобнікаў. Такая была ў яго дамоўленасць з выдавецтвам «Каўчэг».
Праўда, Пастарнак друкаваўся ў зборніках «Галасы роднай старонкі», «Вілейскі звон», «Іду на споведзь», «Не перасохнуць звонкія крыніцы» і нават у зборніку «Радзіма. Адзінства. Перамога», выдадзеным да 70-годдзя Вялікай Перамогі Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі накладам аж у 1000 асобнікаў. І трапіў Пастарнак туды як член народнага клуба «Жывіца» дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». Тут жа друкаваліся віляйчане Уладзімір Цанунін і Віктар Кажура.
«Я не быў на вайне» – так называецца верш Пастарнака з названага выдання. Але аўтар, хоць і не быў у баях, усё ж лічыць сябе салдатам Беларусі. Калі азнаёмішся з названым вершам, то верыш гэтаму: і сапраўды Міхаіла Мар’янавіча можна назваць салдатам нашай краіны. Не абавязкова трымаць зброю ў руках, каб стаць абаронцам радзімы, – трэба быць сумленным грамадзянінам Беларусі, якімі з’яўляліся ў Вялікую Айчынную вайну нашы бацькі, дзяды, прадзеды.
Кніжка мае тры раздзелы: «Подых жыцця», «Во сне и наяву» (на рускай мове) і як дапаўненне да паэзіі «Усмешкі жыцця» ў прозе, дзе пададзеныя ў выглядзе гумарыстычных апавяданняў рэальныя людзі.
Мяне як чытача больш за ўсё прыцягнуў першы раздзел, у якім так вобразна апавядаецца пра каханне ў цеснай сувязі з прыродай. Чытаеш вершы зборніка і верыш, што такая сувязь «віруе» ў Пастарнака ўсё жыццё. У вершы «На золку» ў аўтара, які выйшаў сустракаць зару, «віруе лета». З прыродай чула гаворыць «Душой паэта».
У Пастарнака віруе ўся паэзія, звязаная з каханнем. Адзін з твораў так і называецца «Хай віруе любоў». Гэтыя трапныя два словы ў дваццаці пяці радках тут сустракаюцца тры разы. А ў заключэнні да ўдала падабраных слоў далучаецца і слова «каханне».
Ты мяне не гані,
Не спалохай таго,
Што яднае дваіх
Без заезджаных слоў.
Хай віруе каханне,
Хай віруе любоў!
На працягу ўсяго першага раздзела ў паэта віруюць жыццё, любоў, прырода. О, як бы яму хацелася ўцячы з каханай і знікнуць «у далёкіх далях Сусвету»!
Я б з табою ўцёк і знік
У далёкіх далях Сусвету,
Я б к табе назаўжды прынік
І стварыў бы з табой планету.
У многіх вершах бачым гарачую любоў паэта да каханай. З гонарам ён піша: «Мы з табой па жыцці неразлучныя крочым». У каханай ён бачыць «бездань вачэй васільковых».
Звяртаючыся да прыроды, Пастарнак з вялікай пашанай апісвае лістоту дрэў. «Ліст з лісточкам. У дываны сплятаюцца прывабна» («Лістапад»). З лістком ад папараці, даўно засушаным ноччу на Купалле, ён засушыў… «і смех, і шэпт, і ўсё, што спазнаў»…
З надыходам халадоў сум наплывае на аўтара. У вершы «Колецца восень» «…хмары плывуць амаль па зямлі. Мыюцца ў лужах лісточкі барвовыя».
Калі раней паэт наглядаў, як ліст з лісточкам ў дываны спляталіся прывабна, душа малявала «восені напевы», то цяпер восень апісваецца са смуткам: «Пажоўклі на дрэвах лісточкі, Пажухла ў лузе трава… Сохнуць апошнія кветкі, Блякне з лісточкаў дыван».
Але ж «Вясна ідзе» (верш з такой назвай), і яна «адчыніць уваход да сонца»… І пабягуць дажджынкі па траве. Лістоты будзе многа, многа кветак. І траў духмяных у поймах ля вады».
Такое абуджэнне прыроды прыходзіць на зямлю год за годам. «І гэта абуджэнне, як натхненне, – прызнаецца аўтар, – Чакаю з нецярпеннем і люблю».
Міхаіл Пастарнак, які ўмее слухаць нават лясную цішыню, верш «У лесе» заканчвае словамі: «У прыродзе трэба быць заўжды людзьмі і не губляць ніколі гэта званне».
Любіць і шануе аўтар прыроду, умее кахаць, таму і мае права казаць:
Зайздросце мне, усе людзі!
Ніхто так не шчаслівы,
Як я на ўсёй планеце.
На жаль, не такі ў мяне ўзвышаны настрой ад прачытанага раздзела «Во сне и наяву», хоць і тут сустракаюцца трапныя слупкі, параўнанні, эпітэты. Напрыклад, у вершы «Ели и береза», дзе «на кончиках тонких ветвей Серебрятся замёрзшие слёзы». Або: «Я не жду, когда метель окончится, я люблю, когда метёт метель». Якія трапныя і для кожнага зразумелыя словы! Мусіць, лепшае ў мяне ўражанне ад першага раздзела таму, што ўсе вершы ў ім напісаныя на нашай роднай мове.
Ну, а пра заключны раздзел «Усмешкі жыцця» і гаварыць няма чаго: цудоўная падборка атрымалася.
Хочацца сказаць і пра такое. У пошуках трапнага слова аўтар іншы раз і свае прапануе, раней не чутыя. Напрыклад, суперажыў – замест суперажыванне, напруга – замест напружанне, наслядачыць – замест наслядзіць, зіхаць – замест зіхаціць, гурбяк снегу – замест гурба і г. д. Гэта не што іншае, як пошукі аўтарам вобразнасці мовы. І тыя словы, якія раней мы не сустракалі, нам здаюцца знаёмымі.
Барыс МАНЦЭВІЧ