Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

МАЁНТАК СЭРВАЧ слыннага шляхецкага роду Козел-Паклеўскіх

На сёння вёска Сэрвач (Вялікая Сэрвач) знаходзіцца ў складзе Людвіноўскага сельсавета. Паводле гістарычных крыніц маёнтак Сэрвач Вялікая, што размяшчаўся на рацэ з падобнай назвай Сэрвач, вядомы з XVI стагоддзя і быў выдзелены з вялікай тэрыторыі Куранецкай воласці, якая належыла роду Пацаў.

Сядзібны дом у Сэрвачы
Сядзібны дом у Сэрвачы, 1910-я гг.

1555 год – першае пісьмовае ўпамінанне мястэчка Сэрвач з царквой, што было ў Ашмянскім павеце Вялікага княства Літоўскага і з’яўлялася шляхецкай уласнасцю Юхны Іванавіча Ванькевіча. На 1626 год частка маёнтка Сэрвач ўжо была ўласнасцю Міхала Войны, сакратара і двараніна каралеўскага, які атрымаў ад караля прывілей на мыта маставое на рацэ Сэрвач на вялікім гасцінцы з Полацка да Вільны (гэта значыць, М. Война з’яўляўся наглядчыкам за мастамі, дарогамі і збіраў дарожнае мыта (пошліну ці падатак). У 1740 годзе Антоні Міхал Пац прадаў за 84000 польскіх злотых частку маёнтка Сэрвач Нікадзіму і Тэклі Гяцэвічам, суддзям браслаўскім, якія заснавалі ў мястэчку ўніяцкую царкву. Затым Сэрвач належала роду Вазгірдаў герба Адравонж. Ад Юзафа Вазгірда перад 1800 годам Сэрвач выкупіў Ян Козел-Паклеўскі, уладальнік маёнтка Антокаль Ковенскай губерні. Гаспадыняй другой часткі маёнтка Сэрвач з 1765 года становіцца Элеанора Родзевіч, на той час у мястэчку было 15 двароў і 96 жыхароў. У Яна Козела-Паклеўскага было некалькі дачок і 8 сыноў, сярод якіх і былі падзелены сэрвачскія зямельныя ўладанні на некалькі асобных маёнткаў: Сэрвач, Княгінін, Верачата, Мядзел, Харкі і іншыя. У выніку старэйшы сын Яна Козела-Паклеўскага Юзаф-Каласаты становіцца ўладальнікам менавіта маёнтка Сэрвач. У архіўных дакументах падаецца, што з 1800 года двор, сяло Сэрвач Вялікая – сумесная ўласнасць Юзафа-Каласанты Козела з сёстрамі (14 двароў, 100 сялян) і Сэрвацкай каталіцкай плябаніі (19 двароў) разам з вёскамі Гедзевічы (як сумесная ўласнасць) і Кумельшчына (належыць сям’і Козелаў). У сяле размяшчаецца драўляны касцёл. Юзаф-Каласанты, маршалак віленскі, ажаніўся з прадстаўніцай роду Родзевіч, аб’яднаўшы сэрвачскія землі. У 1938 годзе мястэчка Сэрвач знаходзіцца ў Касцяневіцкай вясковай гміне. Пад агульнай назвай Сэрвач у гэты час ўзгадваюцца 3 паселішчы – Сэрвач Вялікая (маёнтак: 5 двароў, 62 жыхары), Сэрвач Малая (пад агульнай назвай: маёнтак – 2 двары, 21 жыхар і калонія – 10 двароў, 52 жыхары) і Людвінова.

Такім чынам, першым паўнавартасным уласнікам маёнтку Сэрвач з роду Козелаў-Паклеўскіх быў Юзаф-Каласанты Козел-Паклеўскі, жанаты на Н. Родзевіч. Яны мелі некалькіх дачок і сыноў: Яна, Каэтана, Юзафа, Аляксандра, Дамініка і Бенедыкта.

На ганку маёнтка Сэрвач

Старажытны шляхецкі род уласнага гербу «Козел» у Вялікім княстве Літоўскім паходзіць з Прыдняпроўя. Родапачынальнік роду Козел у 1415 годзе быў паслом вялікага князя ў горадзе Вісліца (Польшча). У 1504-м узгадваюцца Ян і Мікалай Казлы, ложнічыя караля і вялікага князя Аляксандра. Ад пачатку 17 стагоддзя род пачаў звацца Козелы-Паклеўскія – ад назвы свайго маёнтка Паклева ў Ашмянскім павеце. У канцы XVIII стагоддзя ўтварыліся дзве новыя галіны роду: літоўская з сядзібай у Антокалі (Вількамірскі павет, Ковенскай губерні) і віцебская з сядзібай у Быкаўшчыне (Лепельскі павет).

Пасля Юзафа-Каласанты наступным уладальнікам Сэрвачы быў ягоны сын Ян Напалеон Козел-Паклеўскі, які, верагодней за ўсё, і пабудаваў тут каменны велізарны асабняк у неакласічным стылі, што па архітэктуры нагадваў палац Бельведэр у Варшаве. Гэта быў каменны будынак, які складаўся з трох частак, сямівосевая галоўная частка якога ўяўляла ў плане шырокі прастакутнік. Асноўны аб’ём будынка быў аднапавярховы, а галоўны фасад – з цэнтральнай, павышанай да двух паверхаў часткай, з порцікам на чатырох тасканскіх калонах, якія стаялі на неглыбокай тэрасе, з упрыгожаным фрызам над імі, і адносна невялікім трохкутным франтонам з акном. З адваротнага боку на ўзвышэнні замест порціка была назіральная пляцоўка з тэрасай, што спускалася да ракі Сэрвач. Бераг Сэрвачы быў выбрукаваны, а на тэрасах былі высаджаны дэкаратыўныя і ягадныя кусты. Цэнтральная частка палаца была пакрыта двухсхільным дахам, частка асноўнага партэрнага корпусу – трохсхільным, а бакавыя крылы – зноў двухсхільным дахам. Бляшаны дах быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Невядома які архітэктар пабудаваў дадзены сядзібны дом у Сэрвачы, але ён быў вытрыманы ў класічных формах палацавай архітэктуры першай чвэрці 19 стагоддзя.

Від сядзібы з боку пад’ездной алеі. Фота 1914 г.

Галоўны ўваход у палац пачынаўся з вялікага хола з лесвіцай. Ад заходняга боку да хола прылягала квадратная ў плане бальная зала ці салон з зашклённымі дзвярыма, што вялі на тэрасу ў садзе. Далей ўздоўж паўднёвай сцяны месціліся гасцявыя пакоі. Прасторны пакой перад уваходам у памяшканні ў левым крыле служыў сталовай, наступны пакой з двума вокнамі – гасцёўняй, у адным куце якой вакно выходзіла на поўдзень, у другім – на захад. Падобны ўклад меў і правы бок палаца, але прыстасаваны пад жылыя пакоі. Да 1914 года правая частка палаца была перабудавана і адноўлена, да яе быў дададзены, у прыватнасці, калідор. Усе пакоі палаца былі ў плане квадратныя або прамакутныя, мелі пабеленыя сцены, столі былі без якіх-небудзь упрыгожванняў. Паркетныя васкаваныя падлогі, без узораў, існавалі толькі ў чатырох галоўных пакоях, дзе месціліся і класічныя каміны. Усе астатнія пакоі абаграваліся высокімі печамі, абліцаванымі белай, гладкай кафляй і ўвенчаныя па версе карнізамі. Акрамя таго, у белы колер былі пафарбаваны і высокія двайныя дзверы і вокны кожнага пакоя.

Драўляны свіран маёнтка Сэрвач. Фота 1939 г.

З надыходам 1863 года, калі пачалося паўстанне на тэрыторыі Царства Польскага, Паўночна-Заходняга краю (Беларусі і Літвы) і Валыні, сыны ўладальніка маёнтка Сэрвач Яна Напалеона Козел-Паклеўскага, пяцёра братоў: Ян, Вінцэнт, Зянон, Юзаф і Генрых (Міхал) прынялі актыўны ўдзел у падзеях таго часу. Пасля падаўлення паўстання, Ян – ваенны кіраўнік Сувальскага павета – апынуўся ў эміграцыі спачатку ў Дрэздэне, а потым у Парыжы. Вінцэнт і малодшы брат Генрых загінулі ў баі каля вёскі Уладыкі, недалёка ад Ільі. Зянон і Юзаф – трапілі ў палон і былі асуджаны на службу ў карным батальёне. Зянон трапіў у Арэнбург, а Юзаф – у Омск. Цікава, што Козелы-Паклеўскія нейкім чынам пасля паўстання – не страцілі свой маёнтак, хаця паўсюль у шляхты, падтрымаўшай паўстанне, канфіскоўвалі ўсе землі і маёмасць. Сучасныя нашчадкі Козелаў-Паклеўскіх прыгадваюць, што ўсе браты-паўстанцы, якія былі сасланыя ў жаўнеры, некалькі разоў наведвалі родны маёнтак, але сяліцца тут ім было забаронена.

Юзаф Козел-Паклеўскі (1845-1915) нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Сэрвач Вілейскага павета. Удзельнік паўстання 1863 года, пасля падаўлення якога быў сасланы ў салдаты ў Омск. Дзякуючы сувязям сваяка Альфонса Фаміча Козела-Паклеўскага быў накіраваны адбываць пакаранне на Таліцкі вінакурны завод, які належаў таму ж А.Ф. Козелу-Паклеўскаму. Ад 1890 года Юзаф быў ужо кіраўнік канторы Таліцкіх заводаў, упаўнаважаны па справах гандлёвага дома «Нашчадкі А.Ф. Козела-Паклеўскага», займаў шэраг пасад у Пермскай губерні. Ахвяраваў шмат грошай на мэты развіцця адукацыі і медыцыны Урала. Ён ажаніўся з Юліяй Паўлаўнай Козел-Паклеўскай, дачкой Паўла Козела-Паклеўскага, уладальніка маёнтка Дзекшне Вількамірскага павета, удзельніка паўстання 1863 года, з якой меў трох сыноў: Тадэвуша, Вінцэнта і Юзафа. Памёр 31 студзеня 1915 года ў Таліцы Камышлоўскага павета Пермскай губерні, дзе і пахаваны.

Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш Козел-Паклеўскія (ад левага боку) пасля палявання з памочнікамі

У гэтыя часы спадчынны сэрвачскі палац быў у запусценні, але захоўваў сваю былую веліч. Вось як апісваецца маёнтак Сэрвач у вопісу 1860-х гадоў: «Жылая панская двухпавярховая мураваная частка дома складала ў даўжыню 8,5, у шырыню 12,5 сажня (18,1 метра на 26,6). Пры гэтым доме па абодва бакі ад фронту – два мураваныя флігелі, даўжынёй 6,1/4 і шырынёй 2,1/4 сажняў, накрытыя гонтам. У доме 7 і ў флігелях – 14 пакояў, вялікіх вокнаў з жалезнымі кручкамі 30, печак у доме кафляных вялікіх з юшкамі і дзверцамі жалезнымі дзевяць, дзвярэй на жалезных круках з жалезнымі ручкамі і ключамі 28; у доме гэтым падлога драўляная ва ўсіх пакоях, за выключэннем дзвюх вялікіх залаў, дзе падлога паркетная. У падмурках гэтага дома зроблены склеп з шасцю аддзеламі. Дом гэты трывалы. Побач з палацам фруктовы сад, у якім знаходзяцца дрэвы: яблыневых вялікіх пладаносных 34, яблыневых малых дрэваў 52 і груш невялікіх дрэваў 42. Дрэваў сліваў невялікіх 186, малых 54 дрэвы. Сад гэты памешчык Козел на 1863 год аддаў у арэнду яўрэю Осеру Гурвічу за 40 рублёў, у лік якога 20 рублёў выплачаныя 4 мая, а астатнія 20 рублёў яшчэ атрымае ад гэтага яўрэя. Рыбацтва на рацэ Сэрвач памешчык Козел не аддаваў з-за малога полава рыбы, якую лавілі толькі на кухню ў двор маёнтка Сэрвач. Але калі аддаваць у арэнду, то можна атрымаць каля 15 рублёў. Запазычанасцяў на маёнтку паводле ўказання гаспадара Яна Козела няма. У маёнтку Сэрвач карчма пры паштовай дарозе знаходзіцца на арэндным утрыманні да 1864 года ў селяніна маёнтка Сэрвач Іосіфа Дзедзелы па дагаворы з памешчыкам Козелам, дае прыбытак 200 рублёў».

Былы панскі бровар

Пасля запусцення маёнтак Сэрвач сталі ўладкоўваць толькі перад 1912 годам. Але амаль ўсё фамільнае начынне палаца – антыкварная мэбля, люстэркі, фамільны посуд і партрэты роду Козелаў-Паклеўскіх – былі разрабаваны падчас Першай сусветнай вайны, і нават пасля 1920 года яшчэ здараліся напады на двор банд з усходняй мяжы панства. Пасля смерці Юзафа Козел-Паклеўскага ў Таліцы, падчас Першай сусветнай вайны, яго сыны Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш разам з маці Юліяй вяртаюцца на спадчынныя землі свайго роду. Там, у Сэрвачы, іх маці дзеліць спадчыну мужа паміж нашчадкамі.

Юлія Козел-Паклеўская

Старэйшы сын Юзаф атрымаў Вялікую Сэрвач, Вінцэнт – толькі пабудаванае Людвінова, з закладзенай у ім фермай серабрыстых ліс, а малодшы Тадэвуш атрымаў Кастыкі, у якіх быў вадзяны млын. З трох братоў да старасці дажыў толькі старэйшы Юзаф, у якога было пяцёра дзяцей: Эльжбэта, Ізабэла, Юлія, Тадэвуш і Міхал, якія жылі ў Польшчы. Сярэдні брат Вінцэнт быў расстраляны НКВД у 1940 годзе ў лагеры польскіх ваеннапалонных у Казельску. Малодшы з братоў Тадэвуш быў расстраляны немцамі ў 1942-м за ўдзел у Арміі Краёвай. Агульная плошча зямель роду Козелаў-Паклеўскіх падчас Другой Рэчы Паспалітай складала 4850 гектараў, што ставіла іх на 283 месца сярод землеўласнікаў польскай дзяржавы. Да 1939 года ў сядзібным маёнтку ужо не было амаль каштоўнага абсталявання ці твораў мастацтва. Толькі ў балёвай зале займала пачэснае месца фартэпіяна, паабапал якога стаялі канапы. Па ўспамінах нашчадкаў Козелаў-Паклеўскіх, сярод ацалелых «старасвецкіх» прадметаў мэблі ў палацы былі яшчэ сакратэр і бюро. Камплект мэблі гасціннай датаваўся канцом XIX стагоддзя і не прадстаўляй якога-небудзь канкрэтнага стылю. З рэшткаў прадметаў мастацтва ў палацы засталася толькі вісець над камінам у салоне счарнелая ад старасці карціна з коннікам. У двух зашклёных шафах у салоне захоўваліся кнігі. На сценах салона кожны год вешалі новыя дажынкавыя вянкі.

Від маёнтка Сэрвач. Фота 1910-я гг.

Як і палац Бельведэр, двор у Сэрвачы быў пабудаваны на высокім ускрайку ракі, вышыня схіла якой ад самаго палаца складала прыкладна 150-200 метраў. Высокія, вертыкальныя акцэнты ў гэтай частцы парку сядзібы наўмысна не засажваліся дрэвамі, каб не перашкаджаць віду з тэрасы і акон заходняга боку палаца, а фарміраваліся толькі адзінкавымі таполямі. Да палаца вяла пад’язная алея з брамай, ад якой у міжваенны перыяд засталіся толькі два мураваныя слупы. Ад брамы да так званага «Тракту напалеонаўскага» вяла алея, высаджаная паабапал бярозамі. Са старажытных будынкаў, у невялікай адлегласці ад брамы размяшчаўся драўляны свіран з падвышанай цэнтральнай часткай будынка з чатырохскатным дахам і ніжэйшымі бакавымі часткамі-крыламі, што накрыты трохсхільным дахам. Ад свірана да нашых дзён яшчэ праглядаюцца рэшткі падмурка. Пры зліцці ўязной дарогі і тракту, акружаным кронамі бяроз, месціўся драўляны касцёл. Наогул, першы касцёл у маёнтку Сэрвач быў заснаваны 7 верасня 1617 года па фундацыі Яна Бжастоўскага і Рафала Сулістроўскага. Аднак у 1687 годзе фундуш быў скасаваны і адноўлены толькі ў 1759 годзе Францішкам Родзевічам. Да канца XVIII стагоддзя касцёл пераходзіць у разрад філіяльных і з тых часоў прыпісваецца да Касцяневіцкай парафіі. Па іншых крыніцах, касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны быў фундаваны ў 1700 годзе, а ў 1799 годзе – рэстаўраваны. Вядомы нам да 1950-х гадоў касцёл у Сэрвачы быў збудаваны ў 1852 годзе на сродкі Яна Напалеона Козела-Паклеўскага, бацькі апошняга паўнавартаснага ўладальніка маёнтка Сэрвач. Драўляны храм уяўляў сабою трохзрубны аб’ём з сакрыстыяй справа ад пяціграннай апсіды. Цікава, што кожнае рабро алтарнай часткі было пазначанае круглай паўкалонай. Над бабінцам узвышалася чацверыковая, пад чатырохскатным дахам, вежа-званіца. Касцёл быў перакрыты двухскатным гонтавым дахам з вальмамі над прэсбітэрыем. Службы тут праводзіліся кожны тыдзень. З прыходам савецкай улады касцёл у Сэрвачы быў зачынены. У 1950-х гадах будынак храма разабралі і перавезлі на клуб у вёску Давыдкі. Цікава тое, што на новым месцы зруб сабралі такім жа, якім ён быў і ў Сэрвачы. На сёння і ён ужо поўнасцю зруйнаваны. Існуе меркаванне, што пахаваныя у брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінулымі паўстанцамі, браты Вінцэнт і Генрых Козел-Паклеўскія па іншых звестках былі ўпотайкі перапахаваныя бацькам Янам Козелам-Паклеўскім у роднай Сэрвачы, пад касцёлам, каб не знайшлі расійскія ўлады. Скарэй за ўсё, гэта і ёсць месца пахавання камандзіра вілейскіх паўстанцаў. Вінцэнт Козел-Паклеўскі загінуў, але да гэтага часу з пакалення ў пакаленне перадаюцца яго апошнія словы: «Не мы, дык нашы косці здабудуць свабоду».

Касцёл ў Сэрвачы. Фота пач. ХХ ст.

Да нашых дзён у Сэрвачы захаваўся будынак капліцы-пахавальні роду Козелаў-Паклеўскіх на мясцовых могілках. Капліца пабудавана ў 1840-х гадах дзедзічамі маёнтка Вялікая Сэрвач Козеламі-Паклеўскімі як радавая пахавальня. Гэта цагляны, атынкаваны, наўпросткутны будынак ў стылі класіцызму пад двухсхільным дахам. Склеп-пахавальня знаходзіцца пад капліцай. Існавала, па інфармацыі мясцовых жыхароў, у Сэрвачы і царква, якую разбурылі за савецкім часам, але ўзгадкі пра яе пакуль не знойдзены ў архівах.

 

1938 год. Пахаванне Юліі Козел-Паклеўскай (від сэрвачскага касцёла і капліцы-пахавальні)

Сучасны выгляд капліцы-пахавальні роду Козел-Паклеўскіх

Дагледжаны парк маёнтка Сэрвач займаў некалькі гектараў. Двор перад палацам меў традыцыйнае вялікае аб’язное кола перад сядзібным домам, са сфармаванымі газонамі і пасадкай кустоў і адзіночных дрэў. Па левым баку газону стаяла невялікая квадратная ў плане афіцына, што па стылі дастасоўвалася да палаца. Парк складаўся са змешаных лістава-хваёвых дрэў, за якімі месціўся сад з агародам. Уніз да ракі сходзіла старая ліповая алея, рэшткі якой добра праглядаюцца і зараз. У тым месцы, куды сыходзіла ліпавая алея, рака раздзялялася і фарміравала канал і невялікі востраў з перакінутым да яе мастком. Ад параднага двара маёнтка Сэрвач да нашых дзён захаваўся просты каменны флігель, асобныя рэшткі самаго палаца і капліцы, што месцілася зправа ад палаца і была разбурана зусім нядаўна. Ад гаспадарчага двара захавалася глінабітная сыраварня, драўляныя дамы для абслугі, рэшткі падвала і ізаляваныя на беразе ракі былы вінакуранны завод і гамарня (кузня). Будынак вінакурні складаецца з трох аб’ёмаў даўжынёй 43 метры. Ён уяўляе сабой аднапавярховы будынак на добрым цокалі, складзена з колатых валуноў, бутавага каменя і чырвонай цэглы, з цэнтральнай двухпавярховай часткай. Размешчаны ў маляўнічым месцы, на беразе Сэрвачы. Пабудаваны ў формах утылітарнай архітэктуры і з’яўляецца выразным узорам прамысловай архітэктуры Беларусі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Кузня, або гамарня, – прадстаўляе сабой прастакутны будынак 12 на 5 метраў, аднапавярховы. Складзены з колатых валуноў і бутавага каменя, бакавыя слупы і праёмы – цагляныя. Таксама пабудаваны ў формах утылітарнай архітэктуры.

Рэшткі былой панскай сядзібы

Былі ў маёнтку Сэрвач стайні, аборы і ферма, дзе разводзілі, як і ў Людвінова, ліс. Пасля 1939 года прадстаўнікі роду Козелаў-Паклеўскіх больш не з’явяцца ў сваім маёнтку, акрамя Тадэвуша, які падчас нямецкай акупацыі вяртаецца ў Кастыкі, але ўжо ў 1942 годзе яго расстралялі немцы ў Вілейскай турме за ўдзел у канспірацыі Арміі Краёвай. Яго сын, таксама Тадэвуш-Сцяпан, апошні з роду, што нарадзіўся на Вілейшчыне, прыязджаў сюды некалькі разоў у 1997 і 2015 гадах.

Былая панская афіцына

Сённяшні выгляд калісьці багатага маёнтка ў Сэрвачы пакідае ў роспачы. Велічны сядзібны дом Козелаў-Паклеўскіх спалілі падчас вайны, а рэшткі яго разабралі на цэглу жыхары навакольных вёсак у пасляваенны час. Сёння на беразе Сэрвачы, пасярод парослых пустазеллем і кустоўем гурбаў, узвышаецца, як слуп, адзіны вугал колішняга палаца, на якім месціцца буслянка. Яшчэ больш-менш захаваўся будынак вінакурні на беразе Сэрвачы, прыстасаваная пад жыллё кузня і ўжо ўзгаданая намі капліца-пахавальня на могілках. Вось і ўсё, што засталося ад маёмасці слыннага шляхецкага роду Козелаў-Паклеўскіх, якія гаспадарылі на гэтай зямлі, баранілі яе, змагаліся за яе незалежнасць і знайшлі тут спачын.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з сямейнага архіва Zuzanna Poklewska-Parra і вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў імя А. Лужынскага

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 57 queries