Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Маёнтак Асцюковічы роду Тукала адзін з самых велічных і прыгожых маёнткаў на Вілейшчыне

«Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой і сэрцам да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

Гэтыя пранікнёныя словы напісаны на галоўным валуне «Мемарыяла былых вёсак», які месціцца каля Снежкава. І менавіта гэтыя словы будуць уступам для серыі матэрыялаў новай рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якую мы працягваем артыкулам пра маёнтак Тукалаў у Асцюковічах.

Значныя страты панесла палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны. Гады войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных, знішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.

plan-mayontka-astsyukovichyi-skladzenyi-a-fedarukom

На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавай архітэктуры і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Стайках, Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Старынках, Лыцавічах, Любані і ў іншых паселішчах раёна.

Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных дзеячаў культуры, палітыкі, агранаміі, вайсковай справы засталася. А тыя велічныя і па-гаспадарску ўладкаваныя сядзібы хоць і зніклі з карты раёна, але яны не страціліся зусім і працягваюць сваё жыццё ў складзе паселішчаў, якія расшырэннем сваіх памераў паглынулі былыя «дваранскія гнёзды».

budyinak-byiloy-kruhmalni-mayontka-astsyukovichyi-fota-2015-g-fotobel-by
Будынак былой крухмальні маёнтка Асцюковічы. Фота 2015 г. fotobel.by

Па кнігах беларуса Караткевіча, рускіх Тургенева, Купрына і іншых мы больш-менш уяўляем, якімі былі панскія маёнткі, дваранскія гнёзды, шляхецкія фальваркі – сядзібы, якія належалі памешчыкам. Іх продкі – гэта служылыя людзі, якія атрымалі ў карыстанне зямлю (маёнтак) за выкананне дзяржаўнай службы. З часам многія маёнткі станавіліся спадчыннымі, сядзібы абрасталі паркамі, сажалкамі, стайнямі, броварамі… Такія сядзібы заўжды былі агменямі культуры, тут ствараліся бібліятэкі, хатнія музейныя калекцыі, партрэтныя галерэі, аранжарэі, звярынцы, архівы… На той час гэта была раскоша.

Асцюковічы размешчаны на адлегласці паўкіламетра на паўднёвы захад ад дарогі Ілля – Вязынь. Першапачаткова Асцюковічы належалі роду Незабытоўскі, а пасля перайшлі ў валоданне роду Тукала герба Шрэнява. Па дадзеных 1860 года прыгонных у Тукалаў было 333 душы мужчынскага полу, з іх дваровых – 29.

uyaznaya-brama-mayontka-astsyukovichyi-fota-2015-g-fotobel-by
Уязная брама маёнтка Асцюковічы. Фота 2015 г. fotobel.by

У другой палове ХІХ стагоддзя валодалі фальваркам двое братоў Мечыслаў і Канстанцін Тукалы. З-за ўдзелу аднаго з братоў у паўстанні 1863 года, сядзіба была канфіскавана ў даход казны. Пазней ёю зноў сталі валодаць прадстаўнікі роду, яна перайшла ва ўласнасць Ігната Тукалы, сына Мечыслава. У кнізе па гісторыі Вілейскага краю, выдадзенай у 1896 годзе згадваецца, што ў памешчыка Тукалы захоўваюцца званы царквы, якая згарэла ў Старынках падчас вайны з Напалеонам.

Адзін з самых велічных і прыгожых маёнткаў на Вілейшчыне – так смела можна сказаць пра маёнтак Асцюковічы роду Тукала.

sofya-z-levaga-boku-i-yanush-u-glyibi-tukalyi-z-dzetsmi-zdyimak-kalya-1932-g
Соф’я (з левага боку) і Януш (у глыбі) Тукалы з дзецьмі. Здымак каля 1932 г.

У ХVІІІ стагоддзі Асцюковічы належылі Незабытоўскім, менавіта пры якіх і пачала фарміравацца сядзіба. У 1793 годзе быў закладзены барочны парк, які і зараз з’яўляецца батанічным паркам – помнікам прыроды мясцовага значэння.

У ХІХ стагоддзі маёнтак пераходзіць да роду Тукала герба Шрэнява, вядомаму з ХV стагоддзя. Так, сядзібай валодалі Ігнацый Тукала, які з’яўляўся ўдзельнікам паўстання 1831 года і быў жанаты на Канстанцыі Свіды. Памёр Ігнацый ў 1884 годзе, а яго спадчына перайшла сынам – Мечыславу і Канстанціну, якія нарадзіліся ў Асцюковічах.

palats-tukalau-astsyukovichah-portyik-galounaga-fasadu-fota-pach-hh-st
Палац Тукалау Асцюковічах. Портык галоўнага фасаду. Фота пач ХХ ст

Мечыслаў Тукала (1817 – 1885) вучыўся ва ўніверсітэце ў Дэрпце на факультэце права. Быў жанаты на Сюзане з роду Багдановічаў, прадстаўнікі якога шырока былі прадстаўлены на Вілейшчыне. З 1863 года Мечыслаў выконваў абавязкі вілейскага маршалка («предводителя» дваранства – важная выбарная пасада ў сістэме саслоўнага самакіравання дваранства і адначасова ў сістэме мясцовага самакіравання, што існавала да 1917 года). Пасля паўстання 1863 года быў сасланы адміністратыўным шляхам. Хоць паўстанне і не падтрымліваў, але адмовіўся падпісаць вернападданіцкі адрас віленскага маршалка А. Дамейкі, што стала прычынай ягонай ссылкі. Пасля пяцігадовага знаходжання ў ссылцы атрымаў магчымасць пераезду ў Каралеўства Польскае. Нейкі час пражываў у Дрэздэне, пасля чаго вярнуўся на радзіму ў Асцюковічы.

Канстанцін Тукала (1819 – 1880), закончыў Харкаўскі ўніверсітэт, быў калежскім сакратаром, вельмі інтэлігентным і справядлівым чалавекам. Асабістыя зберажэнні ахвяраваў на патрэбы паўстанцаў, а таксама з’яўляўся цывільным павятовым паўстанцкім начальнікам. У 1864 годзе быў арыштаваны і пасля суда сасланы ў Сібір.

palats-tukalau-u-astsyukovichah-agulnyi-vyiglyad-fota-da-1939-g
Палац Тукалаў у Асцюковічах. Агульны выгляд (фота да 1939 г.)

У сувязі з падтрымкай родам Тукала паўстання, на іх маёнтак Асцюковічы быў накладзены секвестр і яго канфіскавалі ў даход казны. Пазней сядзіба стала ўласнасцю сына Мечыслава Ігнацыя, які не меў нашчадкаў і запісаў сядзібу Янушу Тукала, з іншай лініі роду. Ён з жонкай Соф’яй і былі апошнімі ўладальнікамі маёнтка.

Па апісаннях у дакументах 1896 года, уласніцкі маёнтак Асцюковічы, што знаходзіўся ў Хаценчыцкай воласці,ужо меў, акрамя вялікага сядзібнага дома,пабудаванага ў 1830 годзе ў стылі класіцызму італьянскім архітэктарам, крухмальны і маслабойны заводы (будынак крухмальні захаваўся да нашага часу). Каменны сядзібны дом з чатырохкалонным портыкам на галоўным фасадзе займаў месца ў глыбіні сядзібы. Будынак быў аднапавярховым з мансардным паверхам у цэнтры, на высокім фундаменце. У пачатку ХХ стагоддзя да будынка была далучана прыбудова, якая выкарыстоўвалася ў якасці хатняй капліцы.

mechyislau-i-suzana-tukalyi-fota-kantsa-hih-st
Мечыслаў і Сузана Тукалы. Фота канца ХІХ ст

Да сённяшняга часу захавалася ўязная алея, якая вяла праз дамбу да параднага партэра і была абсаджана фармаванымі пад шар ліпамі, якія чаргаваліся з кустамі бэзу. Вакол дарогі па баках ляжалі невялікія валуны, што бяліліся вапнай. Цэнтральнае кампазіцыйнае месца ў парку займалі тры невялікія вадаёмы (ставы) плошчай 0,15 – 0,3 га, якія размяшчаліся ланцужком адзін за адным. Пачатак ім давала крыніца, што была ўмацавана і абкладзена вакол камнем.

Парадны двор быў параўнальна невялікі, але ўтульны. Галоўныя віды арыентаваліся на цэнтральны вадаём, а сам паркавы партэр здаваўся камерным. Сімвалам сямейнай ўтульнасці сядзібы з’яўлялася маленькая капліца ў парку, у выглядзе пілона з іконай Божай Маці ў нішы (капліца захавалася да нашых дзён). Па ўспамінах старажылаў, майскімі вечарамі пасля працы на звон колакала збіраліся на малебен гаспадары маёнтка і жыхары з наваколля. Затым ладзіліся гулянні з частаваннем і песнямі. Асабліва шмат людзей збіралася на Купалле вакол агню на беразе вадаёма. Усю ноч гучалі тут купальскія песні.

Тэрыторыя вакол палаца была вельмі дагледжаная, тут, таксама па ўспамінах былых пакаёвак і рабочых маёнтка, уся парадная частка парка з вялікай клумбай у цэнтры танула ў кветках. Па перыметры раслі кусты сартавога бэзу. Вакол палаца, каля каплічкі, ставоў і сцяжынак паўсюдна раслі кветкі – ружы, півоні, нарцысы. Усе пешыя сцежкі і невялікія сцяжынкі былі прывязаны ў асноўным да ліпавых алей, якія ў большасці захаваліся.

У глыбіні парку размяшчаліся дом агародніка і вялікая аранжарэя, дзе вырошчвалі экзатычныя расліны і прагульваліся ў пахмурнае надвор’е (даўжыня будынка аранжарэі складала 11 метраў). Зараз у парку захавалася некалькі дрэў, вышыня якіх дасягае больш 30 метраў, а таксама два вельмі рэдкіх дрэвы – лістоўніцы еўрапейскай з павіслымі галінкамі і выгнутай вяршыняй (вышыня дрэў 15 – 16 м). У 1934 годзе на ўездзе ў сядзібу была пабудавана брама, ад якой захаваліся два каменныя пілоны, на адным з якіх і выбіты год пабудовы.

Маёнтак Асцюковічы займаў тэрыторыю плошчай больш за 20 гектараў – 500х440 метраў, з якіх палова была занята паркам. Сюды ўключаўся сядзібны дом, парк з воднай сістэмай, капліца, дом упраўляючага са стайняй выязных коней, карэтня, гараж, каменныя і драўляныя амбары, крухмальня, малочная, аранжарэя і дом агародніка, каменны кароўнік, ток і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Гаспадарка вялася на вельмі высокім узроўні. Калі прааналізаваць дадзеныя 1939 года, якія ўтрымліваюць пералік зямель і часткі жывёлы, то бачым наступнае: «… у гаспадарцы мелася 1200 гектараў зямлі, з якой ворыва – 300, лесу – 800, лугоў – 100 гектараў. Сярод 41 галавы кароў краснапольскай пароды гадавы ўдой складаў ў сярэднім 3000 – 3500 літраў малака, а некаторыя каровы ўжо тады давалі па 4500 літраў у год. Вырошчвалі тут шмат збожжа, льну і нават рыс…».
Навокал Асцюковіч, у суседніх вёсках, былі дадатковыя гаспадарчыя двары, якія выкарыстоўваліся для гаспадарчых патрэб. Цікава, што пан Тукала спецыяльна пабудаваў засценак Лёпаўшчына недалёка ад вёскі Вязынкі для таго, каб далёка не вазіць гной на конях на пашу, не траціць час і сродкі. Тут жа ён трымаў жывёлу, каб мець гной на месцы. У засценку пастаянна жылі сем’і, якія даглядалі жывёлу і апрацоўвалі зямлю. Усё вельмі па-гаспадарску…

Да нашага часу захаваліся будынкі кароўніка, крухмальні, току і драўлянага амбару, якія з’яўляюцца выдатнымі помнікамі прамыслова-гаспадарчай архітэктуры. Будынак крухмальні, пабудаваны каля дамбы заходняй сажалкі, складаецца з дзвюх частак. Франтальная частка больш высокая, з нізкімі вокнамі, сцены складзены з вялікіх колатых валуноў на вапне з устаўкамі чорнага друзу (шчэбня). Вуглы выкладзены з чырвона-жоўтай цэглы. Такой жа цэглай аб’ем будынка крухмальні павышаны да двух паверхаў. Зараз ў будыніны ўваліўся дах, але яшчэ нядаўна яе выкарыстоўвалі пад сховішча, а ў мінулым яго верхні паверх (не захаваўся) быў аформлены ў выглядзе вялікай залы – тут ладзіліся танцы і вечарыны. Яна мела назву – «зальня».

Вялікі выцягнуты будынак кароўніка (72х18 м) арыентаваны на поўдзень. Сцены таўшчынёй 70 см складзены з буйных колатых валуноў з забутоўкай ў вапну буйнога чорнага і шэрага друзу. Вуглы, дзвярныя і ваконныя праёмы выкладзены цёмна-чырвонай цэглай, з якой выкладзены і карніз з квадратнымі ўстаўкамі з чорнага друзу. На франтоне выбіта дата пабудовы:»1900″. На жаль, паступова шыкоўны будынак разбураецца ад часу і ад дзейнасці чалавека, хаця дзясятак год таму яшчэ выкарыстоўваўся.

З 1932 года Соф’я Тукала засталася, пасля смерці мужа Януша, адна з трыма дзецьмі гаспадыняй маёнтка. Усе клопаты па гаспадарцы ляглі на яе жаночыя плечы. Асцюковічы толькі аправіліся ад разбурэнняў,прынесеных вайной 1919 – 1920 гадоў. Амаль кожная будыніна маёнтка была разбурана ледзь не да руін, а палац, на шчасце, уцалеў. Цікавы факт, у тыя гады дырэкцыя каралеўскага замка ў Варшаве прапаноўвала гаспадарам маёнтка Асцюковічы адкупіць мазаічную падлогу ў балевай зале, аж за 30 тысяч злотых. Гаспадары не пагадзіліся, хаця іх эканамічнае становішча было цяжкім.

Наогул палац у Асцюковічах быў вельмі багата прыбраны, яго ўнутранай абстаноўцы маглі пазайздросціць лепшыя музейныя калекцыі. Тут ладзіліся шыкоўныя прыёмы – так, у свой час Асцюковічы наведаў прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі. Былі тут біскупы, старасты, афіцэры высокага рангу і шмат іншых высокіх гасцей. Па апісаннях, у палацы былі мармуровыя каміны, міжваконныя люстры, пазалочаная мэбля ў стылі Людовіка ХV, буфеты і крэслы з гербамі Тукалаў і Незабытоўскіх і шмат іншага антыкварыяту.

Апошнія вольныя дні для жыхароў маёнтка надыходзілі ў верасні 1939 года. У 6 гадзін раніцы 17 верасня 1939 года воз,запрэжаны ў пару коней, куды спакавалі толькі самае патрэбнае, адвёз Соф’ю Тукала з трыма дзецьмі ў Вільню. Там Соф’я працавала медсястрой у бальніцы, жылі толькі дзякуючы шкатулцы з залатымі манетамі, якую перад ад’ездам уручыў Мечыслаў Багдановіч з Абадоўцаў. А ў Асцюковічах ў гэтыя часы ішла нацыяналізацыя ўсёй маёмасці Тукалаў. Тут у 1939 годзе, быў арганізаваны саўгас, праўленне якога размясцілася ў палацы Тукалаў.

Пасля акупацыі немцамі Вільні Соф’я Тукала з дзецьмі вярнулася ў Асцюковічы. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыццё ў маёнтку стала неспакойным. У палацы Соф’я хавала габрэяў – сям’ю Лібаў і былога настаўніка сваіх дзяцей. У 1942 годзе аб гэтым даведаліся немцы і ў хуткім часе Соф’ю Тукала арыштавала гестапа, а ў маёнтку правялі рэвізію. Дзеці засталіся адны. Каб неяк уратаваць маці, якая сядзела ў вілейскай турме, яны вырашылі падкупіць немцаў і аднеслі ім тую ж шкатулку з залатымі манетамі, якія заста-ліся. Ім абяцалі, што яна вернецца ўжо на наступны дзень, але гэтага не адбылося. Як потым даведаліся дзеці ад іншых вязняў турмы, калі яны давалі выкуп, маці ўжо была расстраляная.

З 1942 года маёнтак Асцюковічы занялі галандцы, якія былі тут поўнымі гаспадарамі. Дзеці Соф’і, каб мець хоць скупы паёк, сталі працаваць рабочымі ў маёнтку: Ясь (старэйшы) – кладаўшчыком, Магдалена сачыла за дойкай кароў, Канстанцін (12 год) з адной нагой на мыліцы, бо да паловы была ампутавана, пасвіў авечак. Мясцовыя людзі падкормлівалі як маглі дзяцей-сірот.

Асцюковічы рабавалі немцы, галандцы, партызаны, Саветы, мясцовыя. У выніку ў 1944 годзе, за месяц да адступлення немцаў і прыходу Чырвонай Арміі, палац ў Асцюковічах быў спалены. Стогадовая сядзіба згарэла на вачах малодшых Тукалаў. Пры адступленні, Канстанцін і Магдалена знайшлі сабе прытулак у цёткі ў Вільні. Ясь пайшоў на фронт. Потым малодшы Канстанцін апынуўся ў Польшчы, жыў у горадзе Познань. Ужо дарослым, пасля вайны,ён наведае Асцюковічы, праўда, ужо не хлопчыкам-сіратой, а знакамітым хірургам, прафесарам медыцыны, сенатарам Рэчы Паспалітай.

А Асцюковічы…
Былы маёнтак Тукалаў стаў гісторыяй, тут засталіся толькі частка гаспадарчых пабудоў, каплічка ў знішчаным людзьмі і стыхіяй парку, а таксама цокалі калон з зарослымі кустамі сходамі былога велічнага палаца. Часткова захавалася і частка парку. Але знаходзіцца ён у жаласным стане – яго пашкодзіў моцны ўраган 1986 года, зараз частка дрэў засыхае, а яны так і стаяць. Сажалкі зараслі раскай, у іх жа ляжаць і паваленыя дрэвы. Захавалася ўязная брама, частка гаспадарчых памяшканняў, некаторыя з іх выкарыстоўваюцца, некаторыя працягваюць зарастаць і разбурацца…
Прадстаўнікі роду Тукалаў, якія жылі ў Асцюковічах,спачывалі на сямейным могільніку ў Старынках. Ён пасля разрабавання доўгі час быў у разбураным стане. І толькі дзякуючы Яну Калядзе, які некалі хлопчыкам бегаў з малодшымі Тукаламі, прадстаўнікі роду былі перапахаваны ў Іллі на каталіцкіх могілках. Са смерцю сябра сям’і Яна Каляды магілы гаспадароў Асцюковіч паступова пачынае спасцігаць доля іх сядзібы…
Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 51 queries