Насуперак несуцяшальным прагнозам, пагранічны пераход Катлоўка наша пілігрымка пераадолела без адчувальнай затрымкі. Афіцыйна ветлівы персанал і з беларускага, і з літоўскага боку аператыўна звяраў з камп’ютарнай інфармацыяй запісы ў нашых пашпартах, не праяўляючы асаблівай цікавасці да бутэрброднага змесціва ручной паклажы. Звычайная працэдура перасячэння мяжы, якая даўно ўжо ўспрымаецца намі як усвядомленая непазбежнасць. І ўсе ж была ў пілігрымцы з самага пачатку шляху свая адметнасць. Спачатку – фізічнага плану. Шалікі лімоннага колеру, іх уручылі нам, ледзьве мы паспелі заняць месцы ў аўтобусе, сведчылі аб той высокай духоўнай місіі, да якой з гэтага часу кожны з удзельнікаў ваяжу станавіўся прыналежным. Мы былі пазначаны, каб усе ведалі, што гэта не проста турысты, якія выпраўляюцца ў замежжа з мэтай на свет паглядзець і сябе паказаць. Падкрэслена ганарова будзем мы потым несці ў замежжы сімвалічны знак вілейскай пілігрымкі. Ён дазволіць нам бачыць сваіх у мітусні перапоўненых на гэты час вуліц Каўнаса, колішняй сталіцы Літвы. Яму, старадаўняму прыбалтыйскаму гораду, выпала пачэсная місія прыняць і ўшанаваць вышэйшага іерарха каталіцкай царквы – Папу Францішка. Гэта другі ў гісторыі Прыбалтыкі візіт духоўнай асобы, надзеленай апостальскімі функцыямі ў плане згуртавання каталіцкіх вернікаў і падтрымкі самога існавання Святога касцёла.
Мы пакідалі Вілейку, благаслаўлёныя ксяндзом Аляксандрам, з малітваю і касцельнымі спевамі. Яны гучалі падчас усяго шляху пілігрымкі, які сапраўды падаўся многім з нас далёка нялёгкім. Ноч у дарозе. На досвітку – прыбыццё ў Каўнас. Пра адпачынак не дбаем. Гадзіннік паказвае палову восьмай раніцы. А ў 8 мы павінны знаходзіцца ўжо ў сектары А-7 парка Сантакос. Менавіта там Пантыфік будзе цэлебраваць святую імшу. Амаль подбегам, бачна спяшаючыся, ідзём па брукаваных вуліцах Каўнаса. Побач з намі – другія пілігрымкі – з Маладзечна, Будслава, Глыбокага… Па ўсім бачна, усе рухаюцца ў вызначанае для іх арганізатарамі месца. Арыентуемся на сцяг нашай парафіі. Існуе праблема заблудзіцца ў натоўпе, які ўшчыльняецца па меры набліжэння да парку. Каардынуюць сітуацыю валанцёры. Паліцыянты, як мне падалося, стаялі там для парадку, паколькі не правяралі ўнутранасць жаночых сумачак і не звярталі ўвагі на металічныя рожкі табурэтак, якія прыхапілі з сабой у разліку на доўгае чаканне многія пілігрымы. І вось мы – у сектары. Адразу стала вальней дыхаць. Пакуль акліматызаваліся, расставіўшы табурэткі і апрануўшы дажджавікі, на маніторы з’явілася прэзідэнт Літвы Даля Грэбаўскайтэ і заняла месца, вызначанае для віп-персон насупраць імправізаванай сцэны, адкуль незадоўга Пантыфік меўся цэлебраваць святую імшу. Стала зразумела, што Папа Францішак з хвіліны на хвіліну з’явіцца ў парку, дзе яшчэ стаяла ранішняя прахалода, якой цягнула з набярэжнай Нёмана. Аднак сонечныя промні рассунулі аблокі – і акурат на момант з’яўлення папамабіля на небе загуляла вясёлка. Прырода вітала Пантыфіка. А разам з ёю – і людзі. Папа Францішак на малой хуткасці, у суправаджэнні аховы, аб’ехаў усе сектары парка. Пераемнік Святога Пятра ўзрушана прымаў тую атрыбутыку вітання, якая зыходзіла ад шчаслівых людзей, радых сустрэцца з жывым сімвалам сваёй веры.
Трэба зазначыць, што спецыяльна да візіту Пантыфіка літоўцы стварылі сайт, дзе можна было адносна яго знайсці ўсю інфармацыю, у тым ліку і адсачыць шлях следавання папамабіля. Згодна дадзеных СМІ, каля 100 тысяч чалавек прысутнічалі ў парку Сантакос на святочнай месе, якую цэлебраваў Папа Францішак. У іх ліку – больш за 800 святароў з Літвы, Польшчы, Беларусі, Расіі, іншых еўрапейскіх краін… Імша вялася на лацінскай мове, але сугучна ёй маліліся ўсе прысутныя на імшы вернікі. Бо вельмі падобна на розных мовах гучаць звяртанні да Бога Айца і Маці Божай. Упляталіся ў стройны хор агульнай малітвы і словы нашых беларускіх пілігрымаў: “Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліны смерці нашай. Амэн”.
Была яшчэ экскурсія па старадаўняму літоўскаму гораду, воляй Нябёсаў пазначанаму кропкай Апостальскага маршруту. Быў начлег у пані Крыстыны, гаспадыні аграсядзібы, гасціннай каталічкі, што з задавальненнем прыняла нашу, беларускую, і польскую пілігрымкі. Былі малітоўныя спевы пасля вячэры, падчас якіх зніклі моўныя бар’еры, дарэчы, не вельмі істотныя сярод насельнікаў краін з агульным гістарычным мінулым. А на наступны дзень – Вільня: экскурсія па старому гораду, шматлікія храмы, сярод якіх – непаўторнай прыгажосці касцёл Пятра і Паўла, адбітак следу святой Фаустыны, місіянеркі культу Божай міласэрнасці, пакінуты ёю на вуліцах старой Вільні. «Езу, давяраю табе» – духоўны вопыт святой увабраў у сябе абраз Пана Езуса, перад якім таксама схілілі калені вілейскія пілігрымы. І не перадаць словамі той малітоўны парыў, з якім мы адрасавалі свае інтэнцыі абразу Маці Божай Вострабрамскай падчас святой імшы, якую адслужыў перад яе алтаром наш ксёндз – дэкан Аляксандр Барыла.
Марыя РАМАНАВА.
Фота аўтара