Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Маёнтак Рускаселле

Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны», у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, асяродкі культурнага жыцця нашага краю, што напаткаў лёс забыцця: яны былі страчаны з часам, спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт.

Старадаўняя капліца каля Рускага Сяла
Старадаўняя капліца каля Рускага Сяла. Фота radzima.org

Маёнтак Рускаселле ці Рускае Сяло знаходзіўся на захад ад аднайменнай вескі, каля дарогі, што ішла на Родзевічы. Некалі гэта было вялікае шляхецкае ўладанне, але ў выніку падзелу паміж спадчыннікамі і пасля адмены прыгоннага права яно паступова памяншалася, бо яго землі распрадаваліся.

Упершыню Рускае Сяло ўзгадваецца ў дакуменце 1556 года. Затым у 1622 годзе тут ужо быў фальварак Роскасельскі, які адносіўся да маёнтка Лоск. Па меркаванні нашага земляка і навукоўца Сымона Борыса, спачатку фальварак меў назву Лоскасельскі, што ў прастамоўі азначала сяло маёнтка Лоск. Пазней паступова адбыліся замены ў назве і Роскасельскі ператварыўся ў Рускаселле, а потым – у Рускае Сяло. У расійскіх дакументах 19 стагоддзя яно таксама называлася Рускае Сяло і адносілася да Свянцянскага павета. Хоць вёска атрымала афіцыйную назву Рускае Сяло, але жыхары навакольных вёсак у мінулым стагоддзі называлі яе Рускаселле. Існуе такое паданне пра паходжанне назвы вёскі. У багатага пана быў упраўляючы Роскі. За добрую службу пан падараваў яму вёску, якую назвалі Роскае Сяло.

Першапачаткова фальварак Роскасельскі належаў полацкаму ваяводу Янушу Кішку і ў яго ўваходзілі вёскі Іжа, Засценкі, Талуць і Старынкі. У гістарычным архіве Беларусі захоўваецца інвентар маёнтка Рускаселле за 1556 год, у якім падаецца апісанне сядзібы. На 16 стагоддзе фальварак уключаў двор, абору (кароўнікі) і гумнішча. Сядзіба месцілася на галоўнай вуліцы сяла, з якой да двара вяла ўязная брама. Другая брама выходзіла на агароды і да гумнішча, трэцяя – да аборы. Двор быў абнесены агароджай, на яго тэрыторыі стаялі сядзібны дом, а таксама дом пастуха, варыўня, тры свіраны і сырніца. Сядзібны дом быў двухпавярховы, стаяў на падрубах, у цэнтры першага паверха размяшчаліся сені, з аднаго боку якіх месціліся святліца з печкай з формістай кафлі, далей – камора, з другога боку размяшчалася пякарня. На другім паверсе былі пакоі гаспадароў. Сярод свірнаў выдзялялася вялікая пабудова з чатырма засекамі ўнутры. Абора ўключала чатыры вялікія і чатыры малыя хлявы, што ўтваралі падвор’е. Перад імі размяшчаўся двор-дзяннік, загароджаны парканам. У гумнішчы, якое мела агароджу з галля, знаходзіліся стадола, крыты ток сумесна з асеццю, зрубная канюшня і азярод на 33 пярэплаты. Усе пабудовы былі пакрыты дранкай, лубам і саломай.

Уладары маёнтка

У другой палове 18 стагоддзя маёнткам Рускаселле валодалі шляхціцы Хамінскія. У маёнтку Яхім Хамінскі, стольнік ашмянскі, пабудаваў у 1789 годзе драўляную каталіцкую капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі. 3 1740-х гадоў у маёнтку гаспадарылі ашмянскі харунжы з жонкай Гіляр і Ганна Хамінскія. Гіляр памёр у 1758 годзе, а Ганна пражыла доўгае жыццё і памерла ў Рускім Сяле ў 1800 годзе. Пасля смерці Гіляра Хамінскага Рускасельскі маёнтак перайшоў у спадчыну да яго малодшага сына Ігната, суддзі земскага ашмянскага, дэпутата Літоўскага Трыбунала. Гаспадарчыя справы ў яго ішлі кепска і Рускае Сяло за няўплату пазыкі 5200 расійскіх залатых чырвонцаў перайшло ў часовае валоданне да Казіміра і Кацярыны Мухлінскіх з недалёкага маёнтка Муляры (Мулы). У гэты час у маёнтак Рускае Сяло ўваходзіў і фальварак Галоўшчына з засценкам Грыбкі. На той час тут была карчма, бровар і вадзяны млын.

У 1800 годзе маёнтак перайшоў да Юзэфы Лапацінскай, роднай сястры кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, а праз пэўны час – да Міхала Мацкевіча, які быў жанаты тры разы. Ад першага шлюбу ў яго быў сын Крыштаф, капітан войска ВКЛ, які меў шлюб з Тэкляй Лапацінскай і ў іх было чацвёра дзяцей. 3 трох сыноў Крыштафа Мацкевіча найбольш вядомы малодшы Браніслаў, які нарадзіўся ў 1833 годзе ў Рускім Сяле і быў знакамітым віленскім урачом і навукоўцам. Другой жонкай Міхала Мацкевіча была Анэля Ратынская, з якой у іх быў сын Стэфан. 3 трэцяй жонкай Тэкляй Багдановіч Міхаіл Мацкевіч займеў сына Міхаіла і дзвюх дачок – Людвігу (Людвіка Луіза) і Зоф’ю (Зосю). Людвіка 5 мая 1825 года выйшла замуж у Дзевятні за вядомага пісьменніка, аўтара твораў «Літоўскія малюнкі» Ігната Ходзьку, у гонар якога ў Вілейцы названа вуліца. Людвіку Мацкевіч і яе сястру Зосю добра ведаў паэт Адам Міцкевіч. У гонар Зосі ён назваў адну з гераінь паэмы «Пан Тадэвуш».
Па рэвізіі 1816 года майнтак Рускаселле значыўся за Стэфанам, Крыштафам і Міхалам Мацкевічамі. Праз дзесяць гадоў адбыўся першы падзел маёнтка, а ў 1831 годзе справа дайшла да яго поўнага падзелу. Так, выдзеленая частка маёнтка (4 двары вёскі Рускае Сяло і 11 двароў вёскі Дразды з фальваркам, названым Галоўшчына, які адышоў да засядацеля Завілейскага суда Міхала Міхайлавіча Мацкевіча. З часткі Рускага Сяла (адзін двор) і Драздоў (2 двары) з засценкам Масцішча (1 двор) быў утвораны новы фальварак Канстанполь. Яго ўладальнікам стаў суддзя межавага апеляцыйнага суда Завілейскага павета Казімір Іванавіч Мацкевіч. Гаспадыняй панскага двара з астатнімі часткамі вёсак – Рускае Сяло (18 двароў) і Дразды (2 двары) засталася Тэкля, жонка Крыштафа Мацкевіча. У 1858 годзе маёнтак і вёска Рускаселле адносіліся да Войстамскай воласці Свянцянскага павета.

Гісторыя маёнтка ў 20 стагоддзі

У пачатку 20 стагоддзя ў маёнтку Рускае Сяло было 13 жыхароў і тут гаспадарылі Свянтэцкія. Ім належыла 211 дзесяцін зямлі ў маёнтку і 182 дзесяціны ў фальварку Галоўшчына. У 1920-я гады спадчыннікі сядзібы пачалі прадаваць жадаючым землі са сваіх частак у маёнтках Дзевятні і Рускае Сяло. Пры Польшчы ў 1938 годзе ў вёсцы Рускае Сяло налічвалася 52 двары, у якіх пражывала 267 жыхароў, а ў маёнтку Рускаселле – 2 двары з 38 жыхарамі. Тут гаспадарыла пані Стэфанія Свянтэцкая з Ржавуцкіх, потым – Станіслава Мяржэўская. Сядзібны дом стаяў там, дзе цяпер знаходзіцца жывёлагадоўчая ферма. Каля палаца былі хаты, у якіх жылі акалёнцы (людзі, якія пастаянна працавалі ў маёнтку). У гаспадарчым двары маёнтка размяшчаліся аборы (кароўнікі) і стайні (канюшні), дзе стаяла каля 40 кароў і некалькі дзясяткаў коней, а таксама меліся свіраны са збожжам. Каля 100 гектараў маёнткавай зямлі займалі ворыва, сенажаць і паша. 3 жывёл трымалі толькі шмат кароў і коней. Асноўны прыбытак уладальнікі маёнтка Рускаселле атрымлівалі ад продажу збожжжавых і малочнай прадукцыі. Іншы раз гадавалі маладых коней для кавалерыі і прадавалі іх у польскае войска. Гаспадаркай кіраваў наёмны аканом, які жыў у флігелі. Непадалёку ад стайні каля самай дарогі стаяла кузня. Побач з аборамі, каля дарогі, што ішла з Рускаселля на Папоўцы, была вялікая сажалка, абсаджаная высокімі клёнамі і ліпамі, а меншая сажалка знаходзілася каля кузні.

На схіле пагорка стаяў панскі драўляны аднапавярховы дом, які мясцовыя называлі палацам. У паўночнай частцы сядзібнага дома, у падвальных памяшканнях, размяшчаліся падсобныя пакоі і кухня. У палацы пры ўваходзе месціўся салон, які выкарыстоўваўся як гасцінны пакой, а злева ад яго невялікі пакойчык для служанкі, далей – сталовы пакой, а астатняю плошчу сядзібнага дома займалі некалькі пакояў для сям’і гаспадароў. 3 левага боку ад палаца месцілася сыраварня з печкай і малачарня, у якой стаяў вялікі сепаратар. У правым баку ад палаца, амаль насупраць стайні, месцілася кухня. Страха палаца была чатырохсхільнай, палогай (невысокай), крытая гонтам. Блізка ад сажалкі ў садзе, каля дарогі, стаяла драўляная каталіцкая капліца. Хата акалёнцаў на два канцы была насупраць брамы, на другі бок дарогі. Фактычна дарога з вёсак Дразды і Касічы на Родзевічы праходзіла праз маёнтак. Непадалёку ад аборы, дзе стаялі каровы, на краи сада быў цагляны склеп. Тут жа месціўся вялікі стары сад, а за свірнам размяшчаўся пасаджаны малады сад. Сад навокал на перыметры быў абсаджаны ліпамі. Пад’язная дарога да сядзібы была абсаджана ліпамі з правага боку і каштанамі з левага, што бліжэй да палаца. Каля брамы расла лістоўніца. Пад вокнамі палаца з усходняга боку ўлетку квітнелі бэз і чаромха.

У 1942 годзе маёнтак разам з сядзібным домам і хлявамі спалілі партызаны, тады ж быў забіты і гаспадар маёнтка пан Міхаіл Мяржэўскі. Да нашага часу ад былой сядзібы Рускаселле амаль нічога не засталося, толькі невялічкая каплічка на ўскрайку дарогі.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries