Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Маёнтак Равутка

Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны»,
у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сядзібна-паркавай, сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі страчаны з часам, разбураны падчас войнаў ці сышлі ў нябыт па іншых абставінах. Сёння гаворка пойдзе пра маёнтак Равутка, што некалі месціўся на процілеглым ад вёскі Заброддзе беразе ракі Нарачанкі.

Гаспадар маёнтка Равутка Міхал Бакшанскі. 1930-я гг.

Сучасная вёска Заброддзе Нарачанскага сельсавета вядома далёка за межамі не толькі нашага раёна, але і краіны. Зараз гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам, прычым і музей беларускага побыту, і атмасфернай вёсачкі з мінулага стагоддзя з яе брукаванай вулачкай, і музей рэтра-тэхнікі, і, самае адметнае, – адзіны ў Беларусі ландшафтна-гістарычны музей падзей Першай сусветнай вайны. Усё гэта стварыла тут сям’я Цітовічаў, пра якіх мы не раз распавядалі на старонках газеты нашаму чытачу. Але вось пра тое, што тут месціцца ахоўная прыродная зона – урочышча “Равутка” – мала хто ведае. Тым больш, што некалі тут існавалі маёнткі пад назвай Рэутка ці Равутка і Струменне. Менавіта лёс маёнтка Равутка і паспрабуем аднавіць па апублікаваных і архіўных дакументах, а таксама па ўспамінах старажылаў.

Хутар Рэутка знік з карты Вілейскага раёна ў 1966 годзе, калі быў сселены. Яго лёс па архіўных дакументах праследжваецца пачынаючы з 16 стагоддзя. Тады гэта было досыць вялікае феа­дальнае ўладанне, якое ўваходзіла ў Маркаўскае стараства. Панскі двор Рэутка, які сяляне больш звыкла называлі Равутка, знаходзіўся ў сутоку рэчкі Струменкі або па іншай назве – Равуткі. Ад другой наз­вы рэчкі, верагодней, маёнтак і атрымаў сваю назву. Згодна з пісьмовымі дакументамі маёнтак упершыню ўзгадваецца ў 1570 годзе, тады тут існаваў маёнтак Равутка-Дактараўшчына. На 1690-ы год маёнтак належаў пану Вяльбуту, ашмянскаму земскаму пісару, які на той час быў уладальнікам і маёнтка Войстам. Затым з 1710 года ўладальнікамі Равуткі-Дактараўшчыны значацца паны Пётр Буяльскі, Ян Крыпскі, Людвік Шкленнік і Стэфан Блажэвіч. У вопісе Войстамскай парафіі Свірскага дэканата Віленскай дыяцэзіі за 1744 год у пераліку населеных пунктаў парафіі прысутнічаюць звесткі і пра Равутку. Свірскі дэкан Шыманоўскі пазначыў у дакуменце, што двор Равутка, які належаў яснавяльможным панам Валодзькам, быў размешчаны каля рэчкі Нарочы і знахо­дзіўся за паўтары вялікія мілі на паўднёвы ўсход ад войстамскага касцёла. На ручаі, які выцякаў з балот каля Рускага Сяла Хамінскага, у Равутцы знаходзіўся млын са ставам. У гэты час уся правабярэжная частка ракі Нарачанкі дадзенай мясцовасці з суседнімі паселішчамі Касічы і Камарышкі належалі таксама Валодзькам.

Перад сядзібным домам маёнтка Равутка. 1930-я гг.

Пасля паноў Валодзькаў гаспадарамі Равуткі становяцца на непрацяглы час Астроўскія, а ў 1797 годзе маёнтак адкупляе Людвіг Ходзька (1769-1843), сын лоўчага Ашмянскага павета Казіміра Ходзькі. Людвік Ходзька даводзіўся стрыечным братам Антону Ходзьку, бацьку вядомага пісьменніка, нашага земляка Ігната Ходзькі, у гонар якога названа адна з вуліц Вілейкі. На той час у маёнтку Равутка было 948 дзесяцін зямлі і ўваходзілі вёскі Касічы, Камарышкі, Клаўсюты і Лемяшы. У 1838 годзе Людвіг Ходзька падзяліў зямлю маёнтка Равутка паміж сынамі Валерыянам і Соцерам. Самы малодшы з іх Соцер Ходзька (1817-1868) у сярэдзіне 19 стагоддзя, акрамя бацькавай Равуткі, абжыў свой новы ўласны фальварак Струмень. Ён знаходзіўся на пагорку па дарозе Касічы–Папоўцы–Іжа, каля той жа рэчкі Струменка, і быў за паўтара кіламетры вышэй маёнтка Равутка. Навакольныя сяляне называлі фальварак Струменне. Панскі двор стаяў каля скрыжавання дарог Касічы–Папоўцы і Равутка–Дразды–Рускаселле. Як узгадвае наш зямляк, навуковец Сымон Борыс, што родам з Касічоў, месца, абранае для панскага двара Струмень на пагорку, выглядала падчас веснавога разліву вельмі экзатычна: панскі двор з палеткамі, садам і часткай выгану Бярэзнік на поўдні станавіліся востравам. Хоць у фальварку Струменне было ў разы два меней зямлі, чым у маёнтку Равутка, але Соцер Ходзька вырашыў пусты пагорак ператварыць у квітнеючы сад, тут жа быў строга спланаваны своеасаблівы парк на пагорку з сядзібным домам. Перад пакоямі (сядзібным домам) з заходняга боку быў круг, абсаджаны з усіх бакоў шпірэем. Тут ладзілі танцы. Гаспадар фальварка Соцер Ходзька памёр у 1868 годзе і быў пахаваны на войстамскіх могілках. Яго магіла захавалася да сённяшняга часу. На пачатку 20 стагоддзя фальварак Струменне належаў панам Мухлінскім. Пасля вайны сядзібны дом захаваўся, але ў хуткім часе яго разабралі і перавезлі ў мястэчка Куранец, дзе яшчэ на пачатку 2000-х гадоў выкарыстоўвалі як бальніцу.

Салдаты і афіцэры перыяду Першай сусветнай вайны на ганку сядзібнага дома маёнтка Равутка. 1916 год

Пасля падзелу маёнткавай зямлі ў Валерыяна Ходзькі застаўся маёнтак Равутка з вёскамі Касічы і Камарышкі. З дваравых людзей у маёнтку жылі 5 парабкаў і адна служанка. Валерыяну належала 600 дзесяцін зямлі. Меў ён прыбытак і з дзвюх корчмаў, што былі ў Касічах і Камарышках. Пазней маёнтак Равутка перайшоў ва ўладанне братоў Аляксандра і Тэлясфора Ходзькаў. У 1892 годзе яны прадалі яго стацкаму саветніку, прафесару матэматыкі Віленскага ўніверсітэта Аляксею Полазаву. На той час у маёнтак уваходзілі аднайменны двор і фальварак Вялікае Поле. Разам з сям’ёй Полазаў кожны год у летнія месяцы выязджаў на адпачынак ў гэты прыгожы куток Вілейшчыны. Пасля яго смерці жонка Браніслава з дому Цераўскіх разам з дачкой Геленай перабіраюцца сюды на сталае жыхарства. Як пішуць у кнізе “Нарачанка і яе берагі” Сымон Борыс і Анатоль Рогач, Браніслава Полазава пахавана на могілках у Касічах.

Гаспадарчымі справамі маёнтка Равутка стаў займацца муж Гелены Полазавай Міхал Бакшанскі. Па да­дзеных перапісу ад 9 снежня 1931 года Равутка складалася з двух жылых будынкаў, дзе жылі 14 чалавек. На той час маёнтак адносіўся да Войстамскай гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Бацька Міхала Бакшанскага Ёзаф гаспадарыў у спадчынным маёнтку Тупальшчына пад Жодзішкамі. Пасля яго смерці Тупальшчына перайшла да сына Уладзіміра Бакшанскага, які ў міжваенны час 20 стагоддзя арганізаваў у той мясціне лецішча, дзе адпачывала шмат гасцей з розных куткоў Польшчы. Па прыкладзе старэйшага брата, Міхал Бакшанскі ў сваёй маляўнічай і зацішнай Равутцы наладжвае такі ж самы вясковы адпачынак для гасцей, але ў больш сціплых памерах. Прываблівала сюды гарадскіх наведнікаў не толькі добрае натуральнае харчаванне, прырода з чыстым паветрам, але і магчымасць амаль з парога сядзібнага дома трапляць у воды Нарачанкі. У гаспадароў маёнтка Бакшанскіх было двое дзяцей: Мікалай і Ніна. Сын Мікалай вучыўся ў Вільні на ўрача, бацькі на гэта грошай не шкадавалі, для чаго прадалі заможным сялянам нават частку зямлі. Па ўспамінах старажылаў, паны маёнтка не гналіся за модай і добраўпарадкаваннем сваёй сядзібы. У іх нават доўгі час не было выкапанай студні. А вада бралася з крыніцы. У 1939 годзе паны пазбавіліся ўласнасці на зямлю. Новыя ўлады пакінулі ім толькі панскі двор і кавалак зямлі, які можна было абраб­ляць без батракоў. Таму равуцкія паны ўмоўна ператварыліся ў сялян. У 1941 годзе панскія ўладанні былі часткова вернуты, але гаспадары маёнтка да гэтага не надта ўжо і імкнуліся. Пры нямецкай акупацыі Ніна Бакшанская выйшла замуж за багатага селяніна ў вёску Дразды.

Як піша краязнавец са Смаргоншчыны Уладзімір Прыхач, рызыкуючы ўласным жыццём, у гады Другой сусветнай вайны Бакшанскія ратуюць ад нацысцкага пераследу сям’ю з Лодзі і даюць выгнаннікам на некаторы час прытулак у сваім маёнтку Равутка. Таксама пасля вайны была выдадзена кніга ўспамінаў “Уцячы ад Галакосту” Эмануэлы Цунге, дзе з удзячнасцю ўзгадваюцца гаспадары маёнтка Равутка і дзе некалькі старонак кнігі прысвечаны тагачаснаму побыту ў маёнтку, што прытуліў іх. Адлюстравала яна і трагічныя падзеі ў жыцці насельнікаў суседняга Рускага Сяла. У 1943 годзе маёнтак быў спалены разам з панскімі пакоямі і гаспадарчымі пабудовамі. Гаспадары Равуткі змаглі схавацца ў Драздах, з якіх выехалі пазней у Польшчу. Яны пераехалі ў Заходнепаморскае ваяводства Польшчы.
Маёнтак Равутка, які застаўся без гаспадароў, як і большасць пакінутых уласнікамі мясцін краю, час не пашкадаваў. Сёння ад ся­дзібнага дома засталася толькі невялічкая крушня камянёў, крыху праглядаецца старая дарога па лесе і полі ад мастка праз Равутку. Хутар Равутка ў 1966 годзе быў сселены і канчаткова скончыў існаваць на сваім гістарычным месцы. Цяпер гісторыя края пішацца падзеямі на супрацьлеглым, левым, беразе Нарачанкі ў аднайменным урочышчы Равутка і вёсцы Заброддзе. У 1970-я гады сюды пераязджаюць Барыс і Валянціна Цітовічы і ствараюць тут адметны асяродак культуры. Дарэчы, лёс маёнтка Равутка быў звязаны з падзеямі Першай сусветнай вайны. На палетках маёнтка размяшчаліся пахаванні салдат, а таксама шмат ворнай зямлі было перакапана акопамі і зямлянкамі. Да 1970 года на полі Відугары стаялі два бліндажы. У лесе каля Заброддзя захаваліся бліндажы лазарэтнага шпіталя і пахаванні, з якіх і пачалася гісторыя музея Першай сусветнай вайны.

Сяргей ГАНЧАР/Фота radzima.org

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries