Шляхам графа Тышкевiча
Пад такой назвай мы пачынаем праект, які будзе доўжыцца некалькі месяцаў на старонках раённай газеты. У рубрыцы праекта будуць публікавацца матэрыялы пра легенды і паданні, што звязаны з ракой Віліяй, цікавыя факты і ўспаміны падарожнікаў экспедыцыі «Шляхам графа К. Тышкевіча», што 9 год запар наладжваюць падарожжы па самай прыгожай рацэ.
У 2007 годзе ў гонар 150-годдзя падарожжа графа Тышкевіча па Віліі была арганізавана першая сумесная беларуска-літоўская экспедыцыя, у якой прынялі ўдзел навукоўцы, географы, краязнаўцы, этнографы і проста цікаўныя падарожнікі. Падарожжа па Віліі доўжылася 32 дні і налічвала сотні ўдзельнікаў. Пасля гэты праект атрымаў званне «Лепшае падзея ў сферы турызму-2007». Галоўным арганізатарам экспедыцыі 2007 года быў самаадданы турыст Віталь Кастэнка, пачынанне якога было падтрымана сябрамі і аднадумцамі – былым старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгенам Ігнатовічам, краязнаўцам Анатолем Рагачам і Міхаілам Петухам, архітэктарам Анатолем Капцюгом. На жаль, няма ўжо сярод нас сапраўдных рупліўцаў краязнаўства Вілейшчыны – Віталя Кастэнкі і Анатоля Рогача, але ўсе гэтыя гады, а верыцца, што так будзе і надалей, іх справы жывуць і працягваюцца іх паслядоўнікамі, і няхай мары і памкненні гэтых высакародных сыноў Бацькаўшчыны працягваюць натхняць многіх людзей у Беларусі і за яе межамі на справу адраджэння гісторыі.
У 2017 годзе падарожжа па Віліі прысвячаецца 160-годдзю экспедыцыі графа К. Тышкевіча 1857 года і 10-годдзю экспедыцыі 2007 года. Запланавана, што экспедыцыя пачне свой старт 2 чэрвеня і прадоўжыцца да 22 чэрвеня, у складзе міжнароднай экспедыцыі Беларусі і Літвы будзе пераадолены шлях ад в. Камена Вілейскага раёна да г. Каунаса, Літва, як ў 1857 годзе і прайшоў сам граф Тышкевіч: ад вытокаў да вусця. Падрабязны графік экспедыцыі размешчаны на афіцыйным сайце Вілейскага райвыканкама. Кіраўніком воднай экспедыцыі «Шляхам Тышкевіча – 2017» з’яўляецца вілейскі краязнаўца і турыст Міхаіл Петух, які самааддана працягвае кожны год курыраваць гэту нялёгкую справу.
Даведка: Канстанцін Тышкевіч – вядомы археолаг, гісторык, краязнаўца і адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцяў, член Віленскай археалагічнай камісіі. У 1857 годзе стартавала яго навукова-даследчая экспедыцыя па Віліі. Граф Канстанцін Тышкевіч нарадзіўся ў 1806 годзе ў Лагойску.
Wilija naszych strumeni rodzica,
Dno ma zlociste i niebieske lica;
Pienkna Litwinka co jej czerpa wody,
Czystsze ma serce, sliczniejsze jgody…
Так пачынае Канстанцін Тышкевіч манаграфію «Вілія і яе берагі» па выніках экспедыцыі па рацэ ў 1857 годзе, якая выйшла ў свет у Дрэздэне толькі ў 1871 годзе. За пятнаццаць год да падарожжа па Віліі графа Тышкевіча, у 1842 годзе ў Вільні выйшла з друку аповесць пісьменніка Ігната Ходзькі (1795-1861) «Берагі Віліі» – адзін з першых твораў вялікай серыі «Ліцвінскія малюнкі». У сюжэтную лінію аповесці былі арганічна ўключаны легенды і паданні звязаныя непасрэдна з ракой Віліяй і яе берагамі. Пісьменнік нарадзіўся ў маёнтку Заблошчына, непадалёку ад Віліі,і ўсё жыццё пражыў у спадчынным маёнтку Дзевятні, каля ракі Нарачанкі, кіламетраў пятнаццаць вышэй ад месца яе упадзення ў Вілію. У маладыя гады, не адзін раз праплывючы па рацэ і вандруючы па наваколлі,Ігнат Ходзька занатоўваў мясцовыя легенды і паданні, якія пазней былі ўключаны ў сюжэт аповесці і атрымалі літаратурнае аздабленне. Тагачасная крытыка адзначала прастату сюжэтных ліній аповесці, але была ў захапленні ад паданняў і легенд, чароўнага апісання ракі, яе маляўнічых берагоў, навакольнай прыроды. Такім чынам Ходзька стаў першым мясцовым краязнаўцам.
Канстанцін Тышкевіч ведаў аповесць і быў блізка знаёмы з пісьменнікам па сумеснай працы у Віленскай археалагічнай камісіі. Падчас экспедыцыі ён, з навуковым падыходам, правяраў дакладнасць легенд, прыведзеных у аповесці. Па прыбыцці экспедыцыі ў Вілейку Ігнат Ходзька збіраўся далучыцца да яе. Тышкевіч так апісвае свой прыпынак у горадзе: «Прышвартаваўшыся ў Вілейцы, я адразу ж успомніў аб шаноўным і паважаным пісьменніку «Берагоў Віліі». Маім імкненнем было хутчэй пабачыць яго. Хіба ж магчыма плыць па Віліі, бачыць яе цудоўныя берагі, не жадаць пакланіцца гэтаму знакамітаму пісьменніку, які іх так цудоўна апісаў. На ўсякі выпадак, каб дарэмна не ехаць, адправіў я з Вілейкі ў Дзевятні чалавека даведацца, ці дома пан Ігнат Ходзька. І тут мяне чакала вялікае расчараванне: я атрымаў уведамленне, што шаноўны падкаморы не быў у гэты час дома. Шкада, я не мог наведаць яго і пакланіцца яму ў яго доме. Да таго ж не ўдалося паважанаму аўтару «Літоўскіх малюнкаў» праплыць па Віліі ў маёй кампаніі, бо ў сваім лісце да мяне ён выказваў такое жаданне.»
Легенды аб назвах ракі Вілія, вёскі Мільча, камяні «Лысіна Паца» больш-менш вядомыя. У Вілейцы легендарнай Вільяне адкрыты помнік, з памятнай дошкай у гонар 150-годдзя экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча. А вось легенда аб шведскім акопе і знаходкі, звязаныя з ёй,упамінаюцца ўпершыню.
«…10 чэрвеня у 6 гадзін раніцы, як і было запланавана, адплылі з Вілейкі. Хаця цячэнне ракі цягнула нас на Лысіну Паца, якая тырчала з вады, аб якую Вілія разбівалася і пенілася, гістарычны той камень абышлі мы шчасліва. …Каля 4-х гадзін, пад вечар, затрымаліся пад дубам, на ўзгорку каля вёскі Швяды. Дзіўная назва вёскі будзіць гістарычную цікавасць. Шведы пакінулі так многа памяці пра сябе на польскіх землях сваімі наездамі, што курганы і розныя акопы простыя людзі, незалежна ад часу іх узнікнення, называюць шведскімі. Як жа не затрымацца каля вёскі, якая носіць такую назву, не праявіць да яе увагу? Як жа не агледзець, не даследаваць і не замаляваць цудоўныя акопы шведскага ўмацавання, знішчанага гетманам Агінскім, ад якіх, як нам пісана, у памяць аб тых здарэннях створана вёска Швяды. З прыладамі, са столікам, з ланцугом для вымярэнняў спяшаемся да вёскі…» – занатаваў у дзённіку падарожжа граф Тышкевіч.
Легенда аб шведскім акопе і назве вёскі Швяды «нам напісана» была ўсё ў той жа аповесці «Берагі Віліі». Ігнацій Ходзька падае яе з аповядаў Андрэя Ромбулда, апошняга слугі і сакратара гетмана Рыгора Агінскага, былога гаспадара маёнтка Ганута, які жыў у невялікім закутку разбуранага палаца ў часы маладосці пісьменніка: «Умацаванне гэта з часоў, калі па нашаму краю гарцаваў швед – Карл ХІІ, вялікі ваяр, аб якім ведаеш і чытаў, напэўна, і які згінуў, як швед пад Палтавай. Прыцягнуўся ён з войскам сваім аж сюды, у Мінскае ваяводства,і стаў у мястэчку Радашковічы, міль восем адсюль. А ў той час шляхта і паны нашы на дзве партыі падзяліліся – адны трымаліся са шведам, другія з Сасам, на відавочную кару Божаю ваявалі паміж сабой. Такім чынам, кожны, сабраўшы ці то войска, ці то грамадку сваіх прыхільнікаў, скакаў па краю, дапамагаючы згодна сваёй волі адной ці другой партыі, знішчаючы і даймаючы праціўнікаў. Такі шайтанскі танец трываў тут праз некалькі год. Пільнаваўся асцярожны швед старанна, канечне, некалькі месяцаў тут стоячы, расставіў кардоны свае па-над Віліяй, бо баяўся партызын аўгустоўскіх, каб не зайшлі яму з тылу, калі ён у глыб Расіі, як потым аказалася, на банкет пад Палтаву выбіраўся. Такім чынам, расставіў свае умацаванні па берагах ракі, а наймацнейшае тут, пры збегу Нарачы і Віліі, дзе з паўтары сотні цяжкаўзброеных рэйтараў шведскіх заселі і акапаліся.»
Апавяданне старога слугі даволі працяглае, калі карацей, то аднойчы ўначы, калі, аслабіўшы пільнасць, шведы спалі, заснуў і салдат, пастаўлены на варту. Гетман польны Рыгор Агінскі, уладар тых зямель, з невялічкім войскам і дапамогай мясцовых сялян разбіў атрад шведаў. Многія былі забіты, астатнія ў цяжкім узбраенні патанулі, уцякаючы праз раку Вілію.
Свой аповед Андрэй Ромбулд закончыў так: «Расказваюць, бо сам таго не бачыў, што ў кожную гадавіну таго паражэння шведаў, а сталася такое месяца чэрвеня 1709 года, бачаць вялізнага шведа з рушніком на плячы, які ходзіць ноччу па акопу і чытае малітвы над магілай сваіх палеглых братоў, падобна, пакутуючы за тое, што заснуў на варце і не дапільнаваў іх жыцця.»
Якое ж было расчараванне ў Тышкевіча, калі ён абышоў усю вёску Швяды і ніякіх слядоў шведскіх умацаванняў не выявіў. Мясцовыя жыхары аб тых далёкіх падзеях нічога не ведалі. Толькі васьмідзесяцігадовы стары, з упэўненым выразам твару, успомніў, што з паўстагоддзя таму назад стараста Коцел перасяліў на гэта месца пчаляра з Бараўцаў па мянушцы Швед. Той развёў пчальнік, пачалі сяліцца людзі, і ад мянушкі першага пасяленца вёска атрымала назву Швяды. У манаграфіі Тышкевіч пісаў: «Які сумны вынік, празаічны вывад назвы той вёскі, паданы мне праз аповед дзеда-селяніна развеяў мае гістарычныя надзеі. Разбурылася прыгожая мара адшукаць сляды мінулага, бо, прызнацца, на прасторах той ракі, якой у гэты час я праплываю, манатоннай і убогай на ўспаміны, паданне ці легенда былі б шчаслівым набыткам, набыткам і навуковым багаццем для мяне адшукаць сляды бітвы нашага гетмана, перамогі, атрыманай над шведамі.»
Але тут не ўсё так відавочна. Як не бывае дыму без агню, так не бывае легенды без нейкіх адпаведных падзей у мінулым. Асноўныя падзеі легенды, апрача месца і назвы вёскі, пацверджаны шматлікімі гістарычнымі крыніцамі. Карл ХІІ з войскам маршыруе з Гародні ў Смаргонь, дзе затрымліваецца на пяць тыдняў, 18 мая 1709 года ён ужо ў Радашковічах, дзе застаецца на тры месяцы. Войска стомлена, яму патрэбна харчаванне і запасы для далейшага паходу. Сяляне, таксама стомленыя вайной, свае прыпасы хавалі ў лясах і падземных складах, а яшчэ і нападалі на шведскія атрады. Таму былі выстаўлены на небяспечных напрамках шведскія кардоны. Пераправа пры збегу Нарачанкі і Віліі на самой справе была самай небяспечнай, бо невялікае войска на чале з гетманамі Агінскім і Вішнявецкім стаяла недалёка ад Вільні,маглі падыйсці з тылу, што Рыгор Агінскі і зрабіў у чэрвені. На месцы вёскі Швяды умацаванняў быць не магло, яны глядзелі б у тыл сваім войскам. Вывучаючы, доўга і ўважліва, карты мінулых стагоддзяў заўважыў, што на рацэ Нарачанка у двух кіламетрах ад яе упадзення ў Вілію ёсць месца, дзе маглі быць шведскія умацаванні. Гэта месца насупраць маёнтка Агінскага – Ганута (зараз вёска Ручыца), дзе знаходзілася адзіная на многія кіламетры пераправа, і дзе сыходзілася многа дарог з Вільні, Браслава, Свянцян, а рака рабіла невялікую пятлю вакол пляцоўкі, прыгоднай для ўмацаванняў па ўсіх законах фартыфікацыі. Даследаванне пляцоўкі з сябрамі-раязнаўцамі ўпэўніла нас канчаткова ў праўдзівасці легенды. Напэўна,наш знакаміты пісьменнік Ігнацій Ходзька перанёс легенду на бераг Віліі для чысціні апавядання, бо легенда вельмі прыгожая, а аповесць мае назву «Берагі Віліі».
Анатоль КАПЦЮГ.
Фота і карта прадстаўлены аўтарам