Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Краязнаўцы Ільянскай школы з’ездзілі радзіму Максіма Танка

Гожы восеньскі дзень. Колы весела коцяць невялічкі аўтобус. Мы, краязнаўцы Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця, едзем на радзіму Максіма Танка. Я расказваю юным экскурсантам пра тое, што ведаю сама. Вось курган. Гэта Гарадзішча. Некалькі гадоў назад тут вяліся раскопкі. Тут праступаюць сляды далёкай гісторыі нашага краю…
А вось і паварот на Пількаўшчыну. Гэта ўжо тыя сцежкі-дарожкі, якія ў свой час таптаў Жэня Скурко, наведваючы ў любое надвор’е Сваткаўскую школу. Крыху далей будзе Шкленікоўскае возера. Яно зусім невялічкае. Легенду пра яго будучы пісьменнік падаў у вершах яшчэ ў школьным узросце.
У вёсцы Новікі (чыстай, утульнай, даволі вялікай) мы звярнулі да месца пахавання народнага пісьменніка – Максіма Танка і яго продкаў: дзеда, бацькоў, дзядзькі Фёдара (брата Максіма Танка). З ім мы сустракаліся ў мінулыя паездкі на радзіму пісьменніка. Фёдара Іванавіча не стала мінулай зімой. Шасцікласнікі сцішана слухалі пра даўняе (хаця і завочнае) сяброўства Яўгена Іванавіча з нашым музеем, пра яго брата, які ветліва сустракаў нас ля хаты, паіў халоднай вадзіцай са студні («Папіце, дзеткі, з дарогі») і спакойна распавядаў пра свайго знакамітага брата – народнага пісьменніка Беларусі.
Ля ўваходу на могільнік, на камені, – словы пісьменніка. Хтосьці паклаў два чырвоныя яблыкі, а Ягор Лашутка ад усіх нас – чырвоныя астры. Два шчыльна прытуленыя адзін да аднаго крыжы, як нам падалося, сімвалізуюць вечнасць мудрасці, дабрыні і кахання, кахання Любы Асаевіч і Жэні Скурко, – Любові Андрэеўны Скурко і Максіма Танка.
Паклон вам ад нас, шчырая павага і памяць, якая жыве і будзе жыць у кожным новым пакаленні!
Нашы дзеткі так шчыра пасябравалі з бабуляй Марыяй Іванаўнай. Яна, такая добрая, гасцінная, адкрытая, паказала нам хату ў дварышчы – апошні прыстанак Максіма Танка. У ёй утульна кожнай рэчы: і печы, і куфэрку, і лавам, і сталу, і ложку, і этажэрцы з кнігамі пісьменніка, і двайному партрэту яго і жонкі… І так хораша бачыць захавальніцу гэтага багацця. Яна па-гаспадарску села на ложак, засланы перабіранкай ў залаціста-чорным колеры і была тут так да месца,што проста не адарваць вачэй. Гэта яна, Марыя Іванаўна Скурко ( жонка дзядзькі Фёдара) выслала ўсё хатняе начынне сваімі сурвэткамі, настольнікамі, перабіранкамі, якія ткала ў маладосці, вышыванкі ўпрыгожылі сцены. Дай, Божа, ёй здароўя на доўгія гады! Яна паказала нам дуб, які быў пасаджаны ў гонар нараджэння, слыннага паэта Максіма Танка. Мы падабралі жалудочкі, каб пакласці ў сваім музеі да экспазіцыі Максіма Танка і выставы, прысвечанай яго стагоддзю.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік народнага музея
«Вілейшчына літаратурная» Ільянскай СШ
імя А.А. Грымаця



img class=»alignleft size-full wp-image-20337″ src=»https://www.peramoga.by/wp-content/uploads/2012/09/IMG_2850.jpg» alt=»» width=»450″ height=»300″ /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries