Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Кошыкам, якія рабіў мой дзядуля, ужо 40 год

– Дзядуля, раскажы, калі ласка, як з’явілася кошыкапляценне ў Беларусі? – адважылася я на першае пытанне.
– Кошыкапляценнем у Беларусі і ў Расіі пачалі займацца вельмі даўно. Людзі былі бедныя. Трэба было знаходзіць матэрыялы, каб рабіць прыстасаванні для пераноскі гародніны і садавіны. Пачалі вырабляць кошыкі для сябе і на продаж, каб мець нейкія матэрыяльныя каштоўнасці. У вёсцы Талуць кошыкапляценнем займаўся родны дзядуля маёй жонкі Людмілы Паўлаўны – Дзям’ян Сямёнавіч Гіль. Ён быў прызнаны лепшым майстрам па вырабе кошыкаў. За іх платы не браў, хоць заказаў было шмат. Кошыкі Дзям’ян Сямёнавіч вырабляў у знак падзякі. Калі я ў 1964 годзе прыехаў у Беларусь і ўбачыў іх, яны мяне таксама зацікавілі, але займацца не было часу. І толькі пасля выхаду на пенсію я ўсур’ёз заняўся гэтай справай. Для ўзору я ўзяў дзядулеў кошык і засяроджана разглядаў яго. Калі дзядуля быў жывы, я бачыў, як ён працаваў, але не ўнікаў у падрабязнасці. Потым сам пачаў вывучаць тэхніку пляцення і нарыхтоўваць матэрыялы.
– Цікава. А якія матэрыялы патрэбны для гэтай справы?
– Лаза, арэшнік, дуб, – расказваў дзядуля, – з цягам часу з’явіліся новыя: дрот каляровы, дрот алюмініевы. Асноўныя дэталі кошыка вырабляюцца з дубу і лазы. Дадатковыя – з алюмінію і іншых матэрыялаў. Быў і рознакаляровы дрот, іменна яго я выкарыстоўваў для вырабу некаторых кошыкаў для сваіх родных. Першы кошык быў сплецены з рознакаляровага дроту для дачушкі Таццяны.
– Для маёй матулі? – не ўтрымалася я. – Калі ён быў зроблены?
– У 1992-м. Другі кошык я сплёў для сваёй нявесткі Людмілы Васільеўны. Трэці, з лазы, – для жонкі Людмілы Паўлаўны, – з асаблівай любоўю ў голасе сказаў дзядуля.
– А ці праўда, што стандартны кошык лепш захоўвае рэчы, чым звычайнае вядро?
– Так, канешне. У кошыку рэчы ветраюць. У ім можна ўсё захоўваць: яблыкі, слівы, агуркі і шмат іншай гародніны і садавіны.
– За які час можна сплесці адзін кошык? – спыталіся мы.
– Просты кошык, з лазы, я раблю за 8-10 гадзін. А мой першы рознакаляровы кошык я плёў 15 дзён. Вось так, дзяўчаткі.
– Ці карысталіся вы падручнікамі па кошыкапляценні? Або самі здагадваліся, як іх вырабляць? – пацікавілася мая сяброўка Люба Агарова.
– Спачатку я бачыў, як яны вырабляюцца, а потым рабіў сам. Потым мне купілі падручнік па кошыкапляценні, але я і раней рабіў так, як і паказана ў кніжцы.
– Пацвярджаеце Вы тое, што ў розных гарадах – свой спосаб кошыкапляцення? – гэта пытанне мы падрыхтавалі загадзя.
– Не. Я лічу, што ўсе бытавыя кошыкі плятуцца аднолькава і працэс вытворчасці такі ж. А дэкаратыўныя кошыкі выпускае прамысловасць. Праўда, гэта мая ўласная думка.
– Колькі год можна выкарыстоўваць кошык?
– Кошыкам, якія рабіў мой дзядуля, ужо 40 год, – з гонарам сказаў дзядуля і тут жа паказаў нам гэты «старажытны», які выглядаў даволі акуратна.
– А колькі можа важыць кошык? – сыпаліся нашы нецярплівыя пытанні.
– Ад паўтара да пяці кілаграмаў.
– Ого! Пяць кілаграмаў! А ці рада Ваша сям’я гэтаму рамяству?
– Так, канешне! Свой майстар – гэта цудоўна! Ці не так? – дзядуля звярнуўся да сваёй жонкі Людмілы, якая ў знак згоды адразу кіўнула галавой.
– Чым яшчэ, акрамя пляцення кошыкаў, Вы займаецеся? – працягвала задаваць пытанні Люба.
– Пляту кашпо пад кветкі. Калі выйшаў на пенсію, зацікавіўся пчоламі. І цяпер я займаюся яшчэ і бортніцтвам.
– Вялікі дзякуй за інтэрв’ю! – хорам сказалі мы.
Гутарка скончылася, а дзядуля, правёўшы нас, сеў за сваю любімую справу. Мы бачылі, як ён дастаў алюмініевы дрот, лазовыя галінкі. І нібы музыка загучала ў такт яго рухам, у такт яго душы…
Любоў Агарова, Ганна Грынцэвіч,  вучаніцы 8 «А» класа АСШ №3.
На здымку: Васіль Іванавіч Сакаленка і яго кошыкі.
Фота прадстаўлена Ганнай ГРЫНЦЭВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries