Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Конкурс: мой востраў радасці – бібліятэка

Куток духоўнасці прыносіць кожнаму з чытачоў асалоду пазнання свету.

Адчыняеш дзверы ў бібліятэку Вілейскага каледжа – і чапляешся поглядам за разлапістае лімоннае дрэва. Яно – своеасабівы брэнд нашай бібліятэкі. Яму ўжо каля двух дзесяткаў год. Калі лімон цвіце, ён распаўсюджвае духмяны пах, які зыходзіць ад далікатных сціплых суквеццяў. У спелых пладоў зусім іншы водар. Экзатычнае дрэўца- як першая прыступка пазнання свету, з якой пачынаецца для нас бібліятэка.

Звернем увагу на стэнд, размешчаны крыху наўзбоч ад лімоннага дрэва. “Клуб “Юны журналіст” на старонках “ШП” – Як кажуць, назва гаворыць сама за сябе. Так, гэта нашы публікацыі ў раённай газеце. Безумоўна, ім яшчэ далёка да прафесійнай дасканаласці. Але мы імкнемся падаць акаляючы свет у нашым бачанні. Нашым разуменні падзей. І тых, што адбываюцца ў нашай навучальнай установе, і горадзе, дзе мы нарадзіліся і жывем. І хто ведае, магчыма, з Вілейкай будзе і ў далейшым звязаны наш лёс.

Падыдзіце, калі ласка, бліжэй да гэтага стэнда. “Тры дні з энергіяй маладосці”… Гэта публікацыя расказвае пра чарговы агляд мастацкай самадзейнасці, які традыцыйна ладзіцца ў каледжы.У рэпартажы мы расказваем пра намінацыі конкурса, пра тое, як праходзіць сяброўскае саперніцтва будучых кухараў, электрамеханікаў, вадзіцеляў, слесараў па рамонту аўто… Тут яны праяўляюць свае творчыя здольнасці: спяваюць, танцуюць, дэкламуюць вершы, у жартаўлівых інсцэніроўках выказваюць адносіны да будучай прафесіі.

“Дыялог у сценах музея” – наш эмацыянальны расказ пра экспазіцыю, якая найбольш нас уразіла. “Праз прызму часу” – так яна называецца. Сабраны багаты інфармацыйны матэрыял супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея прысвяцілі 75-годдзю вызвалення нашага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры падрыхтоўцы публікацыі мы выкарыстоўвалі навыкі, атрыманыя падчас заняткаў у клубе “Юны журналіст”, імкнуліся весці зацікаўлены і кампетэнтны дыялог з нашай суразмоўцай, старшым навуковым супрацоўнікам музея Вольгай Коласавай.

Сучасны свет з яго імклівасцю, інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія ўладараць над чалавечымі душамі, пазбаўляючы іх духоўнага стрыжня, усё ж пакідае для нас магчымасць думаць, разважаць, асэнсоўваць рэчаіснасць. Апеліруючы да сваёй геннай памяці, мы чэрпаем у ёй жыццёвыя урокі. Асабліва важныя тыя, што засцерагаюць нас ад паўтарэння памылак мінулага, бароняць свет ад рэцыдыву. Таму раім звярнуць увагу на нашу публікацыю “Горкі боль праўды”, змешчаную на стэндзе клуба “Юны журналіст”. Перадгісторыя яе з’яўлення такая: кіраўнік клуба, яна ж – бібліятэкар, Марыя Кузаўкіна на адным з чарговых заняткаў параіла нам пагартаць гэту нічым не прыкметную кнігу ў сціплай вокладцы. Адразу заінтрыгавала назва: “Я – з вогненнай вёскі”. Аўтары – вядомыя айчынныя пісьменнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік расказваюць у выданні пра лёс тых беларускіх вёсак, якіх напаткала трагедыя Хатыні. Аб сваім успрыняцці іх болю, горкай долі свайго народа на пэўным прамежку яго гістарычнага шляху мы расказалі ў гэтым матэрыяле.

А яшчэ ў нашай бібліятэцы маецца музей пісьменнасці. Адкрыты ён па ініцыятыве дырэктара каледжа Ігара Кіцікава. З чаго ёсць і пачалося пісьменства ўвогуле, якія існавалі папярэднікі ў зносінах паміж людзьмі яшчэ да таго, калі з’явілася сучасная азбука? Калі ласка: знаёмцеся. Гліняныя табліцы з клінапісам. У ім замест слоў выкарыстоўваліся сімвалы. Берасцяныя граматы: запісы на бярозавай кары. Васковыя кнігі ўяўлялі сабой дошчачкі з паглыбленнямі, у якія заліваўся воск. Тут можна ўбачыць пано “Навучэнне грамаце” па матывах мініяцюры з “Жыція Антонія Сійскага”і папірус, распаўсюджаны ў старадаўнім Егіпце матэрыял для пісьма. Выставачны экземпляр выраблены згодна сучасных тэхналогій.

“Шлях перамогі”: сучаснае на фоне мінулага. Запрашаем вас засяродзіць сваю ўвагу і на гэтай выставе. Пагартайце падшыўкі раённай       газеты мінулага веку. Паверце: вам прадстаўляецца ўнікальны выпадак ў літаральным сэнсе крануцца рукамі сваёй памяці.Вось фотаздымкі, на якіх занатаваны твары вашых дзядоў і прадзедаў, вось інфармацыя аб падзеях, пра якія ўжо можна прачытаць у падручніках па гісторыі…На такім падмурку мінулага ствараецца сучасная газета, з іншымі сюжэтамі, у новым мастацкім афармленні, з новымі імёнамі герояў і аўтараў…

Асобная экспазіцыя прысвечана творчасці кіраўніка нашага клуба. Можна азнаёміцца з публікацыямі Марыі Кузаўкінай ў часопісе “Союзное государство”, выданні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Музей Першай Сусветнай вайны ў Заброддзі, лёс маёнтка князя Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, Будслаўскі фэст з яго ганаровым статусам нематэрыяльнай сусветнай спадчыны – гэтыя і іншыя старонкі гісторыі роднага краю гартае перад чытачамі аўтар. Дапытлівыя наведвальнікі бібліятэкі знойдуць сярод усіх гэтых выстаў дадатковы матэрыял да таго, што займае яе кніжныя паліцы .

Куток духоўнасці, бібліятэка прыносіць нам асалоду пазнання свету. Тут для нас ладзяцца дыспуты, гутаркі, інфармацыйныя гадзіны. Тут мы вучымся адстойваць свой пункт погляду на розныя з’явы рэчаіснасці, весці карэктны дыспут, паважаючы, а не прыніжаючы чалавечую годнасць апанента. Сёння ў нас- дыспут, прысвечаны творчасці вядомых беларускіх паэтаў. Мы будзем даводзіць інфармацыю і выказваць уласныя думкі на роднай мове. Пра тое, што адбылося, мы абавязкова паведамім у чарговай публікацыі клуба “Юны журналіст”.

Аляксандра ЖУК, Яраслаў БАБАРЫКА, навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries