Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Кавальства на Вілейшчыне

Адным з найстарэйшых рамёстваў Беларусі з’яўляецца кавальскае. Без уласнага майстра-каваля не абыходзілася ніводная вёска на Вілейшчыне, як і ніводнае паселішча на Беларусі. Калі трэба было падкаваць каня, назубіць серп, выкаваць завесу, ішлі да каваля. Добрага майстра ведала ўся акруга, ім ганарыліся, яго шанавалі. Пра традыцыі кавальства на Вілейшчыне, пра майстроў распавядзём у нашым артыкуле.

Сярод розных рамёстваў адно з самых пачэсных месцаў займае кавальства. Разнастайныя прыёмы гэтай справы, як і жалезная металургія, былі вядомыя розным народам яшчэ задоўга да з’яўлення славян. Зараджэнне кавальскага рамяства адбылося ў далёкай старажытнасці, а першыя кавалі з’явіліся ў жалезным веку. Ужо тады людзі заўважылі, што пры награванні пэўнай горнай пароды яна пачынае плавіцца. Паступова нашы продкі авалодвалі навыкамі апрацоўкі металу, пабудавалі першую кузню. Ужо ў III тысячагоддзі да нашай эры, у старажытнай шумерскай цывілізацыі прафесія каваля была вельмі распаўсюджанай. На тэрыторыі Беларусі кавальскім рамяством пачалі займацца з 7-6 стагоддзяў да нашай эры. Шырока запатрабаваныя кузні на вёсках былі да сярэдзіны 20 стагоддзя, пакуль іх поўнасцю не замянілі заводы і фабрыкі. Тым не менш, кавалі і кузні дайшлі і да нашых дзён. Коўка цяпер з’яўляецца эксклюзіўнай і непаўторнай, а каваныя ў кузні вырабы – адзінкавым унікальным таварам.

Каваль А.Сяргей за працай, в. Слабада (1983 год)

У кожнай сельскай кузні сапраўдныя майстры сваёй справы выраблялі цвікі і падковы, косы і сярпы, сякеры і нажы. Кавальскае рамяство заўсёды было акружана арэолам таямнічасці, загадкавасці. У беларусаў, як і ва ўсіх славянскіх народаў, кавальская справа лічылася таямнічым заняткам, а заступнікам кавалёў быў бог агню Сварог. Каваля нашыя продкі нават параўноўвалі з чараўніком, які валодае цудадзейнымі сакрэтамі апрацоўкі жалеза, бо ўменне выплавіць руду, вызначыць патрэбны працэнт дабавак, тэмпературу нагрэву, ступень загартоўкі лічылася амаль чараўніцтвам. Калі казаць агульна, то кавальства – вытворчасць вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-ужытковага прызначэння з жалеза шляхам яго гарачага ці халоднага кавання. З даўніх часоў жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі дзідаў, нажы, долаты, конскую збрую, упрыгожанні і інш. Затым з жалеза пачалі выкоўваць рэчы гаспадарчага і побытавага прызначэння: сякеры, долаты, нажы, нажніцы, цвікі, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы, свярдзёлкі, зубілы, шпоры, дзіды і іншае. Пачынаючы з 16 стагоддзя, на Беларусі пачалі ўзнікаць першыя кавальскія цэхі, якія маглі аб’ядноўвацца з іншымі, напрыклад, са слясарнымі. Статуты кавальскіх цэхаў рэгламентавалі характар працы кавалёў: акоўванне транспартных сродкаў, падкоўванне коней, выраб сякераў, крукоў, шлемаў, якараў, ланцугоў, кратаў, а таксама розных рэчаў мастацкага характару.

Вазок з в. Каловічы

Але кавалі на вёсках былі не заўсёды. Яшчэ гадоў 200-300 таму кавальства было амаль выключна гарадскім заняткам і шырока развівалася ў мястэчках і гарадах. Калі вывучаць архіўныя дакументы, то на Вілейшчыне асаблівага развіцця кавальства дасягнула ў 18–19 стагоддзях, калі ў Даўгінаве, Вілейцы, Ільі, Вязыні працавалі дзясяткі кавалёў розных спецыяльнасцяў: нажоўшчыкаў, замочнікаў, кацельшчыкаў і інш. Пераважная большасць беларускіх майстроў вырабляла агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы і інш. Да нашага часу захавалася каваная вілейскімі майстрамі ў канцы 19 стагоддзя балконная агароджа, што на будынку сучаснага вузла сувязі па вуліцы Савецкай, а некалі гэта быў адзін з першых будынкаў заможных яўрэяў і выкарыстоўваўся як гатэль. А на старых каталіцкіх могілках ва ўрочышчы Гарадзішча, што недалёка ад новага мікрараёна «Паўночны», да сённяшняга часу захавалася шмат шыкоўных каваных агароджаў на пахаваннях мясцовай шляхты. Вядома, што некаторыя вілейскія майстры працавалі нават у Маскоўскай дзяржаве.
Такім чынам, да сярэдзіны 19 стагоддзя кавалі на вёсцы былі рэдкасцю, хіба толькі пры панскіх маёнтках ці жалезаплавільных руднях. Натуральная сялянская гаспадарка спрадвеку абыходзілася вырабамі з лёгкадаступных прыродных матэрыялаў. А ўсе неабходныя металічныя вырабы, без якіх было не абысціся, такіх як нож, серп, каса, набывалі ў горадзе ці мястэчку на кірмашах. Часам, як апісана ў архіўных дакументах 18 стагоддзя, па вёсках Вілейшчыны вандравалі цыганы-кавалі, якія, прыпыняючыся каля якога-небудзь паселішча, раскідвалі на выгане свой шацёр, наладжвалі там пераносную кузню і выконвалі ўсялякія замоўленні навакольных сялян. Сталь самых лепшых гатункаў цыганы прывозілі заўжды з сабой, а жалезам і вуглем іх маглі забяспечваць і мясцовыя. Нават да сённяшняга часу ў некаторых вёсках нашага раёна добры серп завуць цыганскім, а пра жняю, што за аднолькавы час работы з іншымі нажала больш за астатніх, казалі, што мае, відаць, цыганскі серп. Акрамя таго, нож, нажніцы, касу ці бязмен можна было таксама набыць у вандроўных гандляроў розным дробным таварам, што ездзілі па нашых вёсках.

Кузня ў маёнтку Вязынь, 1920-я гг

Ужо ў 19 стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала, адначасова ўзрастала яго роля ў вёсцы, дзе яно задавальняла ў асноўным побытавыя і гаспадарчыя патрэбы навакольнага насельніцтва. Мець уласнага каваля лічыла за гонар кожная вёска. Добры каваль карыстаўся ўсеагульнай пашанай, а з заказамі да яго маглі ісці здалёку. Кавальскае рамяство было пераважна спадчынным. Кожны бацька-каваль лічыў патрэбным перадаць хоць бы аднаму сыну сваю справу, якая гарантавала пастаянны заробак, а добраму майстру – яшчэ і высокі аўтарытэт у акрузе. Хлапчукі пачыналі далучацца да рамяства з дзяцінства, затым звычайна дапамагалі ў кузні як малатабойцы. Калі ў сям’і кавальствам не займаліся, рамяству навучаліся ў мясцовых кавалёў, нярэдка – у панскіх ці дворскіх кузнях, маглі і ў мястэчках, дзе працавалі майстры. Як распавядалі мясцовыя кавалі, за навуку трэба было плаціць, а калі не было грошай, то адрабляць па два-тры гады. У 1920-30-я гады на Вілейшчыне арганізоўвалі і спецыяльныя курсы, пасля навучання на якіх трэба было здаваць экзамены і атрымаць адпаведны дыплом – так званую рамесніцкую карту.

Каваныя крыжы з вёскі Каралеўцы

У працэсе работы кавалі выраблялі вялікую колькасць прадметаў, неабходных чалавеку. Гэта і такія простыя вырабы, як нажы, падковы, абручы, цвікі, сярпы, косы, якія не патрабавалі ў вырабе спецыяльных прыёмаў. Іх у адзіночку мог зрабіць кожны каваль. Для больш складаных вырабаў, напрыклад, ланцугоў патрабаваліся адмысловыя прыёмы ў працы і старонняя дапамога. Памочнікі прафесійнага каваля адначасова былі яго вучнямі. Асновы рамяства яны спасцігалі на працягу доўгага перыяду ад 3 да 10 гадоў, і толькi тады вучань станавіўся чаляднікам. Каб атрымаць статус майстра, патрабавалася яшчэ некаторы час работы ў іншых рамеснікаў. Кавальства – адно з нешматлікіх рамёстваў, якое патрабавала абавязковай наяўнасці спецыяльнага памяшкання. Каб наладзіць самастойную працу, кавалю трэба было займець кузню. Часам яна магла быць грамадскай і здавацца ў наём, але сталыя кавалі звычайна імкнуліся мець кузню ў асабістай уласнасці. Будавалі кузні паводдаль ад будынкаў, пажадана каля вады. Яна ўяўляла просты будынак квадратнай ці прамавугольнай формы, без столі, з земляной падлогай. Да нашага часу падобная кузня з горнам захавалася ў вёсцы Слабада. Некалі ў ёй працаваў мясцовы каваль, які вырабляў розныя сялянскія прылады і шмат іншага (на здымку). Вось як апісвае кузню ва Урэччы вілейскі архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг: «У кузні стаяла адкрытая печ-гарно з паддувалам і мехам для раздзімання агню. Мех прыводзіўся ў дзеянне кавалём з дапамогай палкі, зачэпленай за бэльку. Побач стаяла вялікая дубовая калода з прымацаваным да яе кавадлам. Каля калоды – цэбар з вадой для ахалоджвання і гартавання каваных вырабаў. Пад сцяной стаяў варштат з ціскамі, каля варот – вялікае тачыла на ножках з паддонам, запоўненым вадой. На сценах віселі падковы і мноства незвычайных інструментаў». Амаль ва ўсіх вёсках, ці на некалькі бліжэйшых вёсак былі свае кавалі, а часам і некалькі.
3 першага погляду кавальскія вырабы не ўражваюць ярка выяўленымі мастацкімі якасцямі, якія характэрны для тканых, вышываных ці разьбяных. Але пільнае вока сярод мноства каваных рэчаў знойдзе нямала цікавага і арыгінальнага. У розных кутках Вілейшчыны можна сустрэць нямала цудоўных узораў кавальскага майстэрства: вароты, агароджы, крыжы на старажытных храмах, нават адметныя завесы на дзявярах і клямкі. Вельмі часта такія вырабы нагадваюць далікатныя ажурныя карункі. У многіх падручніках размешчаны фотаздымкі каваных мясцовымі майстрамі крыжоў з Каралеўцаў, акаваных вазкоў з Каловічаў, Іжы, Рабуні, Сліпак. Да нашага часу захаваўся будынак панскай кузні, што была ў маёнтку Сэрвач. Усё гэта наша спадчына.
У наш час кавальства пачало адраджацца для аздаблення інтэр’ераў, рэстаўрацыі старой забудовы, а вырабы прафесійных кавалёў карыстаюцца вялікім попытам сярод многіх. На Вілейшчыне гэтыя традыцыі таксама зберагаюцца, пры вілейскім раённым Доме рамёстваў працуе гурток па кавальству. Як бачна, старажытнае кавальскае рамяство было адным з найбольш запатрабаваных у нашых продкаў, а многія каваныя рэчы ўяўляюць сабой сапраўдныя творы мастацтва.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries