Лепшыя аматарскія калектывы з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці прынялі ўдзел у XVI абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», што прайшоў у мінулыя выхадныя ў Мар’інай Горцы. Сярод удзельнікаў былі і калектывы Вілейшчыны.
«Напеў зямлі маёй» – галоўная культурная падзея ў жыцці цэнтральнага рэгіёна, і абласны выканаўчы камітэт надае фестывалю значную ўвагу: пераможцаў у кожным жанры заўжды чакаюць каштоўныя падарункі. Конкурсная праграма фестывалю насіла назву «Мая зямля – маё каханне», а нумары, якія ўвайшлі ў яе, мелі самую разнастайную тэматыку. Усе аматарскія калектывы Міншчыны прадэманстравалі высокі ўзровень выканальніцкага мастацтва. Як адзначыў на закрыцці фестывалю старшыня журы народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі: «Ва ўсім, што адбывалася на сцэне, адчувалася вялікая любоў да сваёй Радзімы, гучаў сапраўдны напеў роднай зямлі».
Вілейскі раён на фестывалі прадставіў Узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Чачуліна, а таксама ансамбль мажарэтак і ўдзельнікі харэаграфічнага аддзялення музычнай школы, кіраўнік – Ірына Сідарэвіч. Яны прадставілі музычна харэаграфічную кампазіцыю «Папуры на тэмы мінулых гадоў». Журы конкурсу не засталося раўнадушным да выступлення вілейскіх артыстаў і адзначыла калектывы дыпломамі і каштоўным падарункам – аўтаномнай акустычнай сістэмай.
Падчас фестывалю народнай творчасці было арганізавана шмат мерапрыемстваў, адным з якіх была дэманстрацыя традыцыйных вясельных касцюмаў, што бытавалі на тэрыторыі Міншчыны да сярэдзіны 20 стагоддзя ўключна. Вілейскі вясельны касцюм канца 19 стагоддзя з фондаў нашага краязнаўчага музея быў таксама прадстаўлены сярод дзясяткаў іншых рэгіянальных строяў.
Сяргей ГАНЧАР/Фота Святланы КУРЭЙЧЫК