Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

К юбилею М.Казинца в Вилейке прошёл концерт (ФОТО)

Ах, як хораша гучаць цымбалы. Як лёгенька, нібы пара белых крыл, узлятаюць над струнамі жаночыя рукі. І падуладная волі маэстра лунае над сцішанай залай мелодыя. Варыяцыі на тэму румынскай песні, у выкананні салісткі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча Галіны Лазовік, – вырашаны ў тэме агульначалавечых матываў. Фон народнай музыкі, віртуознае валоданне інструментам, мелодыя, што пакідае прастору для імправізацыі… Творчае супрацоўніцтва дырыжора і выканаўцы разгортваецца прама на вачах зачараваных гледачоў. У Міхаіла Казінца, кіраўніка аркестра, прафесара музыкі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», носьбіта іншых пачэсных рэгалій – 75-гадовы юбілей. Ураджэнец вёскі Цынцавічы, ён, апантаны любоўю да сваёй малой радзімы, і адзначыў яго на Вілейшчыне. Падарыўшы землякам незабыўныя хвіліны сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.
Артыстызм, чалавечая абаяльнасць, нейкая асаблівая лёгкасць і плаўнасць рухаў – Міхаілу Антонавічу Казінцу, Артысту з вялікай літары прырода поўнымі прыгоршчамі адмерыла тыя якасці, якімі і можа валодаць асоба неардынарная, творчая. Адной толькі назвай аркестра вызначаецца канва яго ўзаемаадносін з першакрыніцамі, імя якім – народная творчасць.
Духоўнасць – гэта вышэйшы і, напэўна, найбольш цярністы шлях да самаўдасканалення асобы. Яна ўносіць у бытавы інтэр’ер нашага існавання той высокі дух, які надае жыццю сэнс. Менавіта гэтыя думкі набягаюць на памяць падчас такіх вось узнёслых момантаў сустрэчы з маэстра і яго музыкай.
– Артысты – людзі, якіх стварыў сам Бог, – успамінаецца сказанае ім падчас адной з нашых папярэдніх размоў. І дзея на сцэне гарадскога Палаца культуры зноў пацвярджае гэту непадуладную сумненню думку. Выдатныя вакальныя здольнасці, высокі густ і сцэнічнасць дэманструюць салісты Ігар Задарожны, Наталля Салава, наша зямлячка, Марына Васілеўская, Пётр Ялфімаў. Жанравая разнапланавасць іх творчасці не пашкодзіла выканаўцам знайсці аднолькава кароткую дарогу да сэрцаў слухачоў. Аляксандр Крамко, майстар-віртуоз, жывыя гукі дастае з дрэва. Менавіта з гэтага прыроднага матэрыялу зваяны музычныя інструменты, на якіх выконвае артыст народныя мелодыі. Тыя, што закладзены ў дрэве вякамі ў выглядзе агромністых энергетычных матрыц, акумуляваўшых людскую радасць і боль.
Увогуле, яе высокасць музыка – аднолькава высокая. Усё залежыць ад таго, які бар’ер для стварэння нашай духоўнай дасканаласці ёй удасца пераадолець. Нехта і да «Ave Maria» застанецца раўнадушным, а кагосьці і «Сэрца на снезе» ўзнясе да нябесных вышынь.
Вальс з музыкі да кінафільма «Майстра і Маргарыта»… Хто памятае яго сюжэтную прывязанасць, па новаму здолеў расставіць акцэнты ў папулярным творы Булгакава. І сапраўды бліскучым фейерверкам даведзенай да дасканаласці гармоніі эмоцый і гукаў успыхнула на сцэне і нястрымным энергетычным патокам хлынула ў залу бессмяротнае «Бесаме мучо» (“Цалуй мяне мацней”). Гэта быў фінальны, магутны акорд канцэрта, які падараваў віляйчанам Маэстра.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Фото Кузовкиной М.Р.











Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries