Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Імпэт» адзначае 15-годдзе з дня прысваення яму наймення «народны»

Выступленне гэтага калектыву заўсёды вельмі кранае. Асабліва нас, сентыментальных жанчын, чые пачуцці так лёгка абуджаюць кранальныя радкі песень. І здаецца, што кожны радок – пра цябе, пра табою перажытае, яшчэ балючае ці ўжо адбалелае. Думаю, што некаторыя чытачы ўжо здагадаліся, пра які калектыў я вяду гаворку. Так-так, пра народны калектыў аўтарскай песні «Імпэт», які з поўным правам можна назваць сапраўдным скарбам Ільяншчыны. 7 красавіка гэтага года калектыў адзначае прыгожы юбілей – 15-годдзе з дня прысваення яму наймення «народны». Нядаўна я сустрэлася з кіраўніком «Імпэту» Галінай КУТАС. Вось пра што мы з ёй пагутарылі.

– Ільяншчына – маленькая радзіма многіх таленавітых людзей. І культура тут – свая, адметная, непаўторная… Дзейнасць Ільянскага сельскага Дома культуры па выніках мінулага года прызнана лепшай у раёне. Думаю, гэта заслужана.  Ці не так, Галіна Віктараўна?
– Так, ільянскія артысты заслужылі звання лепшых у раёне. Людзі ў нас таленавітыя, творчыя. Мяркую, што і наш калектыў унёс дастойны ўклад у агульную справу. «Імпэту» ёсць чым ганарыцца: маем пяць музычных альбомаў («Давай запомнім гэты міг»,  «Ад вясны да зімы», «Васільковы сон», «Смак дзяцінства», «Высокае неба кахання»), чатыры зборнікі вершаў сваіх пастаянных аўтараў – членаў сям’і Кутасаў. Вельмі прыемна, што да станаўлення калектыву спрычынілася ўся мая сям’я: муж Мікола Сямёнавіч, сын Генрых  – вядомыя на Вілейшчыне і за яе межамі паэты, на вершы якіх створана нямала песень. Вось і верш  Мікалая Сямёнавіча «Ілья дарагая» стаў нашым мясцовым гімнам. Я сама аўтар некаторых тэкстаў і мелодый нашых песень. Дарэчы, у рэпертуары  калектыву болей за семдзясят аўтарскіх песень.
– І ўсе яны пра каханне?
– Не. У рэпертуары «Імпэту» ёсць аўтарскія песні пра родны край, нашу Вілейшчыну. Мне здаецца, апошнім часам  патрыятычная песня неяк адышла на другі план. Усё болей на канцэртах гучыць твораў пра каханне. Справаздачная канцэртная праграма Ільянскага СДК і народнага калектыву аўтарскай песні «Імпэт» «Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду», якая праходзіла пад знакам Года малой радзімы, якраз  і паказала, што патрыятычныя песні ў нашым  рэпертуары займаюць дастойнае месца. У нас ёсць цыкл з дванаццаці песень, прысвечаных роднаму краю, нашай Вілейшчыне.
– За гады свайго існавання «Імпэт», напэўна, выступаў на самых розных сцэнах.
– Так, геаграфія нашых выступленняў даволі шырокая. Калі гаварыць пра Беларусь, то выязджалі з канцэртамі ў Маладзечна і Валожын, Любань і Беразіно, Докшыцы і Мядзел. Дарэчы, у 2016 годзе ў Мядзелі выступалі не адзін раз, за што атрымалі нават падзячны ліст ад Мядзельскага райвыканкама. Выязджалі з канцэртамі і за мяжу, у Расію і ва Украіну. Канцэрты прайшлі ў гарадах-пабрацімах Мажайск і Пераяслаў-Хмяльніцкі. Прыемна, што ў тым жа  2016-тым сталі лаўрэатамі фестывалю-конкурсу свецкай духоўнай песні  «За сонцам услед», які праводзіўся абласным цэнтрам  народнай творчасці. У мінулым годзе наша дзейнасць ацэнена граматай за асабісты ўклад у развіццё аўтарскай мастацкай творчасці Міншчыны, актыўны ўдзел у абласных мерапрыемствах і ў сувязі з 15-годдзем народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца».
– Насычана і цікава жывяце. І, думаю, самы час, Галіна Віктараўна, расказаць пра ўдзельнікаў калектыву.  
– «Імпэт» – гэта калектыў аднадумцаў, творцаў, людзей адукаваных, высокапрафесійных у сваёй галіне, якія ствараюць, спяваюць і такім чынам папулярызуюць беларускую песню. З самага пачатку ў калектыве Марына Шэрая, якая мае профільную адукацыю. Яна адказная за выканальніцкае майстэрства салістаў.
Лічу за шчасце мець у калектыве такіх маладых людзей, як Антаніна Галубовіч і Пётр Кулеш. За плячыма ў Антаніны Ільянская музычная школа, Маладзечанскі музычны каледж і Беларускі дзяржаўны універсітэт імя М. Танка. Пятра ж можна лічыць сапраўдным самародкам. Скончыўшы каледж, ён у свой час атрымаў прафесію аўтамеханіка.  Зараз працуе на «Кераміне» ў Мінску. За перыяд нашай сумеснай працы Пётр скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Мы рады, што нядаўна членам «Імпэту» стаў дырэктар нашай клубнай установы Мікіта Палтарэцкі. Чалавек малады і абаяльны, ён добра праявіў сябе на сцэне.
Нашы прыхільнікі добра ведаюць і дзвюх таленавітых і абаяльных артыстак – Святлану Міхалькевіч  і Галіну Кажура. Святлана – выкладчык замежных моў, выдатнік народнай асветы БССР, а Галіна доўгі час працавала загадчыцай бібліятэкі ў пасёлку Партызанскім. Усе гэтыя людзі, пра якіх я расказала, і аб’ядналіся ў калектыў, які жыве творча і цікава.
– А якія планы ў вас на бліжэйшы час?
– У бягучым годзе «Імпэт» запланаваў правесці акцыю для навучальных устаноў «Вілейшчына –  край верасовы, табе нашы песні і словы». Ужо прайшлі дзве сустрэчы з удзелам калектыву ў Ільянскай школе, канцэртная праграма на Ільянскім выбарчым участку і юбілейны канцэрт калектыву да 8 сакавіка «Свет жаночай прыгажосці» ў Ільянскім клубе.
Калектыў “Імпэт” немалады (нам ужо васямнаццаць!), але поўны планаў і цікавых задум. Так што будзем сустракацца, паважаныя сябры! Дзякуем усім, хто прыходзіць на нашы канцэрты. Хочацца ад усяго сэрца павіншаваць вас з прыгожым веснавым святам Вялікаднем і пажадаць усяго найлепшага. Да новых сустрэч!
– Усяго найлепшага і «Імпэту». Няхай ўсё ў вас ладзіцца, а задуманае – збываецца. Натхнення вам і ўдзячных цаніцеляў вашага таленту!
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО.
Фота  прадстаўлена Галінай КУТАС
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries