Да сустрэчы з паэтам Міколам Лешчуном мы рыхтаваліся загадзя. Пра гэтага чалавека нам расказаў настаўнік замежнай мовы Іван Іванавіч Міхалькевіч, калі прыехаў з курсаў павышэння кваліфікацыі. Ён перадаў у школьны музей зборнік вершаў Міколы Лешчуна “Белая завея”. Кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Роза Канстанцінаўна Шэрая запрасіла паэта да нас у школу.
Сустрэча з Міколам Лешчуном адбылася ў рамках свята Міжнароднага дня роднай мовы. У зале сабралася шмат людзей, сярод якіх былі вучні і настаўнікі. Напачатку мерапрыемства вучні 9 “А” класа прачыталі вершы паэта. Затым слова трымаў сам Мікола Ляшчун. Нам цікава было дазнацца, што паэт нарадзіўся на Палессі. Вёска Губарэвічы – гэта адна з тых вёсак, якія пацярпелі ад чарнобыльскай радыяцыі. Вельмі закрануў маю душу верш, у якім апяваецца загубленая вёска. Мікола Міхайлавіч кожны год прыязджае ў родныя мясціны і сумуе па роднай хаце, якой ужо няма.
Паэт працуе настаўнікам замежнай мовы ў Лагойску, ведае чатыры мовы: рускую, беларускую, англійскую і нямецкую. У дзяцінстве ён не марыў быць настаўнікам, але не шкадуе аб выбары прафесіі, бо кажа: “Калі б не стаў настаўнікам, не стаў бы паэтам”. Вось як ён піша аб гэтым:
Сярод паэтаў – я настаўнік,
Сярод настаўнікаў – паэт,
І незалежна ад абставін
Па-свойму ўспрымаю свет.
Свае вершы піша пад псеўданімам Мікола Згубарэвіч. Ён вельмі цікава расказваў нам гісторыі са свайго школьнага жыцця, узнёсла чытаў свае вершы. Гаварыў, што марыў у дзяцінстве аб тым, каб яго верш надрукавалі ў газеце. А калі мара збылася, то насіўся з гэтай газетай як угарэлы.
Мікола Ляшчун вельмі любіць, калі яго вершы чытаюць вучні. Кажа: “Магу слязу пусціць”. Мікола Міхайлавіч пажартаваў: “Ранкам босымі нагамі хадзіце па расе і будзеце паэтамі».
Паэту вельмі падабаецца слова “заманіха”. Ён у нас запытаў сэнс гэтага слова, але мы не змаглі адказаць. І ён папрасіў паглядзець у слоўнік. Я паглядзела, аказваецца заманіха – гэта пастка. “Заманіха” – так хоча паэт назваць свой новы зборнік.
Сваю творчасць Ляшчун пачынаў з мастацкіх перакладаў з замежнай мовы. Аўтар мае некалькі ўласных вершаў на англійскай і нямецкай мовах. Вельмі даражыць творчасцю Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Сяргея Законнікава, Генадзя Бураўкіна. Ляшчун прызнаўся, што зайдросціць нашай школе, бо ў нас усе размаўляюць на беларускай мове.
Самыя любімыя яго вершы пра маці. Таксама любіць вершы пра жонку і дачок. Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку. Я лічу, што Мікола Губарэвіч – паэт ад Бога, бо яму сняцца вершы.
Гэта цёплая сустрэча была падобна на маленькае свята беларускага слова.
Валерыя ГІРО, вучаніца 9 «А» класа Ільянскай сярэдняй школы
імя А.А. Грымаця