Ля сцен касцёла, які вельмі часта называюць нашым беларускім Нотр-Дамам, ва ўсю буяюць веснія першацветы: крокусы, нарцысы, на падыходзе – цюльпаны. Такі арыгінальны пачатак сезоннай ландшафтнай кампазіцыі прыдуманы дызайнерамі тэрыторыі храма Святой Троіцы, размешчанага ў аграгарадку Гярвяты на Астравеччыне. Буянне кветкавых фарбаў завершыцца хіба што з прыходам глыбокай восені.
Мне вядомы дзве святыні Айчыны, дзе навакольны матэрыяльны свет так удала і гарманічна дапаўняе духоўны. Адна з іх – касцёл Святой Ганны ў Мосары. Дзякуючы арыгінальнаму дызайну тэрыторыі храма, гэта сціплая вёска, размешчаная ў Глыбоцкім раёне Віцебшчыны, стала аб’ектам турысцкага паломніцтва. Яе, ва ўнісон Гярвятам, часта называюць беларускім Вярсалем. Пра знакамітага, светлай памяці ксяндза Ёзаса Бульку, ініцыятара сапраўды нябеснага пераўвасаблення акаляючых храм мясцін, можа быць тэма асобнай размовы. Магу толькі нагадаць галоўныя адметнасці мосарскага касцёла. Іх фон – каларытны дэндрапарк. На ім уразліва выступае роставая статуя Папы Рымскага Паўла Іаана другога. Зымітаваны дызайнерамі шлях на Галгофу – месца сканчэння нечалавечых пакут Пана Езуса і яго ахвярнай смерці… У Гярвят быў свой Ёзас Булька. Ксёндз Леанід Нясцюк стаў ініцыятарам стварэння акаляючага храм дэндрапарку. Людзі ўспамінаюць, што час нараджэння дэндрапарку і мясцовага аграгарадка пазначаны адной і той жа датай. Мясцовыя ўлады, а затым і абласныя, ухвалілі і падтрымалі ідэю ксяндза Леаніда. І не толькі маральна. На ініцыятыву была выдзелена пэўная сума бюджэтных выдаткаў.
Гярвяты – паселішча на поўначы Гродзеншчыны, на стыку беларускай і літоўскай культур. Едзеш са Смаргоні ў бок Астраўца – абавязкова спыняеш погляд на сціплым дарожным указальніку: «Гярвяты». Зусім побач – карпусы атамнай станцыі. А велічныя вежы касцёла раптоўна ўзнікаюць за паваротам шляху, над спакойнай хваляй ціхай рачулкі Лошы. На левым яе беразе, на мяжы 19 і 20 стагоддзяў, і пабудавалі гэты касцёл. Узведзены па праекту вядомага польскага і літоўскага архітэктара Вацлава Міхневіча, ён увайшоў у лік самых высокіх храмаў Беларусі. Да гэтага на яго месцы існаваў касцёл, заснаваны ў 1526 годзе. На будаўніцтве беларускага Нотр-Дама, які па прыгоству і архітэктурных формах нагадвае вядомую святыню Парыжа, штодзённа працавалі каля 70 чалавек. Узводзіўся будынак доўга і карпатліва. Многія матэрыялы дастаўляліся з-за мяжы. Грунтовыя воды пастаянна падмывалі падмурак. Каб вырашыць праблему, давялося змяніць рэчышча ракі Лошы. Кажуць, што па тэхналогіі ў раствор дабаўляліся курыныя яйкі, якія дзясяткамі тысяч набываліся ў мясцовых сялян. Вапну здабывалі ў Лошы, а чарапіцу на дах паставіла Германія.
Касцёл узведзены ў неагатычным стылі і стаў адным з найбольш значных культавых збудаванняў эпохі. Ён уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі. Вышыня – 61 метр – адпавядае памерам 20-павярховага дома. Уражвае афармленне храма. Па-мастацку выкананы металічныя дэталі, шкляныя вітражы, драўляныя статуі і крыжы. Гонар касцёла – нядаўна адрэстаўраваны старадаўні арган. У час урачыстасцей Святой Троіцы тут штогод праходзіць міжнародны Троіцкі фестываль.
Каларыт літоўскага дойлідства – галоўная адметнасць храма. На яго ўзвядзенне выдаткаваны немалыя сродкі. Тры тысячы рублёў ахвяраваў мясцовы памешчык Вацлаў Дамейка. Ён пахаваны побач з храмам разам з жонкай Марыяй. Як і заснавальнік унікальнага дэндрапарку ксёндз Леанід Нясцюк. Ён памёр раптоўна ад інсульту 24 сакавіка 2017 года. Парафіяне знайшлі месца, з якога праглядваецца парк, у абрамленні вечназялёных туй. Там устаноўлены фігуры 12 апосталаў – вучняў і паслядоўнікаў Пана Езуса, квітнеюць тыя веснія першацветы, якія становяцца для вернікаў сімвалам падараванага Збавіцелем вечнага жыцця.
– Касцельны ландшафт мяняецца у адпаведнасці з сезонам, – дзеліцца намеснік старшыні Савета храма, яна ж – арганіст, Алена Севасцьян. – Восенню ўсе цыбульныя кветкі прыводзяцца ў парадак. Асобна сартыруюцца цюльпаны, крокусы… Шматгадовыя, іх таксама шмат, – дзеляць на сарты і перасаджваюць, каб сфарміраваць для квітнення арыгінальныя арнаменты і сцежкі. Браткі, напрыклад, завозяцца ўжо ў кашпо. Так, некаторыя сарты кветак даводзіцца заказваць, паколькі аб’ёмаў сваёй цяпліцы яўна не хапае для забеспячэння належнага дызайну тэрыторыі.
Увесь цёплы сезон распаўсюджваюць водар далікатныя ірысы, пяшчотныя ліліі, ганарлівыя ружы. А да восені, да Дня Усіх Святых і памінання памерлых, на клумбах ужо распаўсюджвае водар хрызантэмавы рай. Кветкавая рапсодыя – толькі частка дэндрапарку, дзе кожны кавалак зямлі запоўнены зыходзячай ад яе прыгажосцю.
У кожнага парафіяніна – свая кветкавая клумба. Так некалі распарадзіўся ксёндз Леанід. Сёння гаспадар гэтай рукатворнай раскошы – жыхар аграгарадка Віталій Сыс. Ён раўняе дэкаратыўныя кусты, фарміруе кроны дрэў, палівае расліны ў летнюю спёку, хавае ад зімовых халадоў.
– Ксёндз Леанід праславіў Гярвяты на ўвесь свет, – разважае Віталій. – Ён імкнуўся данесці людзям гармонію паміж знешняй і ўнутранай прыгажосцю, якая павінна быць і ў самім чалавеку.
– Ды і не толькі Віталій, а ўсе нашы парафіяне беражліва адносяцца да свайго храма, – дзеліцца Алена Савасцьян. – Я такога нідзе не бачыла: пасля імшы ніхто не спяшаецца дамоў. Прагульваюцца сем’ямі вакол касцёла. Дзеці наперадзе дарослых бягуць. Ад хвойнікаў такі водар. Сапраўдны зямны рай.
Марыя КУЗАЎКІНА/Фота аўтара