Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гран-пры

Гран-пры ХІІ Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістападзік-2010» атрымаў польскі фільм «Чароўнае дрэва». У сталічным кінатэатры «Піянер» 11 лістапада адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў кінафоруму.
Уладальнік Гран-пры фестывалю (прыз дзіцячага глядацкага журы) вызначыўся па выніках галасавання гледачоў і падліку рэйтынгавых балаў. А прафесійнае міжнароднае журы, якое ў гэтым годзе ўзначаліла прадзюсер расійскага дзіцячага кінафестывалю «Залатая рыбка» Вікторыя Лукіна, прыз за лепшы поўнаметражны ігравы фільм прысудзіла карціне «А вось і Лола» (Германія).
Вызначыліся і ўладальнікі спецыяльных дыпломаў фестывалю. Узнагароды за лепшую акцёрскую работу ўдастоены юны індыйскі акцёр Харш Маяр за ролю ў фільме «Мяне называюць Калам» (Індыя — Вялікабрытанія). Рэжысёр карціны «Прыгоды ў трыдзясятым царстве» Валерыя Іваноўская (Расія) атрымала прыз за самы казачны дэбют. Акрамя асноўнай узнагароды польскі фільм «Чароўнае дрэва» заваяваў спецыяльны прыз за сучасную інтэрпрэтацыю казачнай тэмы. Яшчэ адзін спецыяльны прыз дастаўся стваральнікам фільма «Фея дажджу» (Чэхія). Нагадаем, усяго ў конкурснай праграме фестывалю ўдзельнічалі шэсць карцін, разлічаных на малодшых школьнікаў, з Польшчы, Расіі, Нарвегіі, Індыі, Чэхіі і Германіі.
Кінафестываль «Лістападзік» прайшоў з 4 па 11 лістапада ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі відэацэнтр.

БелТА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries