Працягваючы эпахальную храналогію вілейскай гісторыі праз помнікі і скульптурныя кампазіцыі, што месцяцца ў межах нашага горада, безумоўна, хочацца яшчэ раз адзначыць унікальнасць нашай Вілейкі. Усё ў горадзе жыве сваім непаўторным жыццём, трэба толькі ўмець бачыць «душу» кожнага будынка, кожнай вуліцы, кожнага элемента ў горадзе. Узгадваецца той час, калі на сценах будынкаў па вуліцы Савецкай былі намаляваны «вулічныя карціны» – адметны, прыгожы «шык» надавала гэта вуліцы, на той час яшчэ пешаходнай. А гэтага вельмі не хапае зараз.
Давайце працягнем размову пра помнікі і скульптуры горада, якія ўпрыгожваюць яго зараз.
Скульптура «Вілляна»
Скульптура «Вілляна», якая ўстаноўлена каля кніжнай крамы ў невялікім скверыку, з’яўляецца падарункам да 400-годдзя горада нашага земляка, загадчыка кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў, скульптара Уладзіміра Слабодчыкава.
Падарунак быў задуманы да мерапрыемстваў, што праводзіліся ў горадзе ў 1999 годзе. Аднак, з-за тэхнічных затрымак скульптура была ўстаноўлена толькі ў 2007 годзе.
Вілляна з’яўляецца сімвалам нашай ракі Віліі. Менавіта са слёз Вілляны, па старажытнай легендзе, утварылася наша рака, што з’яўляецца сведкам амаль ўсёй тысячагадовай гісторыі горада.
Цікавы факт, першапачаткова, сквер перад кніжнай крамай планавалася зрабіць вялікай стаянкай, а скульптуру ўстанавіць у іншым месцы. Аднак, тагачаснае кіраўніцтва раёна падзялілася ў меркаваннях на дзве пазіцыі, і ўсё ж такі большасць вырашыла не рабіць стаянку, а добраўпарадкаваць невялікі сквер. За што ім вялікае дзякуй.
Помнік А.А. Асланаву
3 ліпеня 2009 года, да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі, у Вілейцы быў адкрыты новы помнік – двойчы Герою Савецкага Саюза Азі Асланаву, камандзіру 35-й гвардзейскай танкавай брыгады, якая вызваляла горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Танкісты пад камандаваннем Азі Асланова былі ў авангардзе аперацыі «Баграціён», Вілейку занялі з мінімальнымі стратамі і рушылі далей на Захад.
Амаль пяціметровая скульптура размяшчаецца ў скверы перад Вілейскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на вуліцы Савецкай. Аўтар скульптуры Каміль Камал – скульптар, член Саюза мастакоў Беларусі.
Пры абмеркаванні месца ўстаноўкі помніка разглядалася некалькі прапаноў. Першая – устанавіць ў гарадскім парку, другая – на ўездзе ў горад з боку Вілейскага вадасховішча (мікрараён Воўкаўшчына) і трэцяя – на вуліцы Савецкай. Выбар камісіі спыніўся на трэцім , дзе мы зараз і бачым скульптуру героя-вызваліцеля.
Помнік воінам-інтэрнацыяналістам
У 2015 годзе, у рамках святкавання 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у мемарыяльнай зоне гарадскога парка Вілейкі ўрачыста адкрылі помнік воінам-інтэрнацыяналістам.
Ініцыятарам ушанавання памяці загінуўшых і памерлых удзельнікаў баёў у Афганістане стаў Савет Вілейскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
Шмат ураджэнцаў раёна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Пяцёра з іх атрымалі раненні, калецтва і кантузіі, а 19-гадовы радавы Мікалай Каляда з вёскі Ляскі загінуў у баі, пасмяротна узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Помнік пабудаваны на народныя ахвяраванні жыхароў і арганізацый раёна, і ўяўляе сабой вобраз каплічкі – чатырохбаковую канструкцыю з пліт з эпітафіямі на кожнай. Яго вышыня – 2,7 м. Аўтар праекта – вілейскі архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг.
Скульптурная кампазіцыя «Прысвячэнне Ул. Стрэмінскаму»
Скульптурная кампазіцыя-прысвячэнне творчасці мастаку-авангардысту Уладзіславу Стрэмінскаму, якая размяшчаецца каля кінатэатра, насупраць увахода ў рэстаран «Вілія». Скульптура прадстаўляе сабой камень ў незвычайных формах-пераходах і металічную кампазіцыю – зборны вобраз авангарднага мастацтва Ул. Стрэмінскага. Аўтарамі скульптурнай кампазіцыі з’яўляюцца Ф. Саратцаў (г. Вілейка) і С. Шашкоў (г. Мінск).
Уладзіслаў Стрэмінскі (1893-1952) – герой Першай сусветнай вайны, беларускі і польскі мастак, вучань і паплечнік Казіміра Малевіча, прадстаўнік авангарднага мастацтва. Доўгі час жыў і працаваў у Вілейцы.
У 1914 гадзе ён быў накіраваны сапёрным афіцэрам у крэпасць Асавец, дзе пры аблозе крэпасці камандаваў «атакай мерцвякоў». У 1916 годзе ў баі каля горада Пяршаі Валожынскага раёна, ён быў цяжка паранены, зачыніўшы сабой у акопе выбух гранаты. Ул.Стрэмінскаму ампутавалі правую нагу і левае перадплечча, выбух таксама пашкодзіў вока, што паставіла крыж на ваеннай кар’еры. Падчас рэабілітацыі Стрэмінскі далучыўся да сучаснага мастацтва, а пазней пазнаёміўся з Малевічам.
З 1920-х па 1940 год Уладзіслаў Стрэмінскі жыў і працаваў у Вілейцы, дзе выкладаў малюнак у мясцовай польскай гімназіі імя Г.Сенкевіча. У 1940-м годзе Стрэмінскі быў прызначаны галоўным мастаком-афарміцелем ў абласным горадзе Вілейка. Менавіта тут Стрэмінскі пачаў маляваць свае першыя сінтэзаваныя вобразы і стварыў свой знакаміты цыкл «Заходняя Беларусь».
Брама-помнік па вуліцы 1 Мая
Брама-помнік у выглядзе капліцы перад уваходам на гарадскія могілкі па вуліцы 1 Мая створана ў гонар усіх загінуўшых пры вызваленні горада ў верасні 1915 года.
«Бой за Вілейку» ў 1915 годзе быў адным з самых вырашальных у ходзе Першай сусветнай вайны. Пасля заканчэння баёў за Вілейку і Маладзечна на станцыю “Вілейка” прыехаў імператар Мікалай II, каб правесці агляд войска, адзначыць і падзякаваць усіх, хто вызначыўся на палях бітвы.
Афіцэраў і салдат, якія загінулі ў час вызвалення Вілейкі, пахавалі на гарадскіх могілках. На жаль, пасля магілы герояў вайны былі зруйнаваны і на сённяшні дзень існавала толькі адна магчымасць увекавечыць іх памяць – размясціць вядомыя нам імёны на гранітных плітах на браме-помніку.
Ініцыятарам будаўніцтва капліцы стаў мастак і краязнаўца Барыс Цітовіч, які ўнёс значны ўклад у аднаўленне памяці аб воінах Першай сусветнай вайны. Аўтарскі калектыў стваральнікаў помніка складаецца з архітэктара Анатоля Капцюга (г. Вілейка), Віктара Бурава (г. Мінск) і Людмілы Луцэвіч (г. Мінск).
Брама-капліца ўзведзена на саборныя сродкі віляйчан і мецэнатаў. Менавіта так планавалася зрабіць яшчэ ў 1915 годзе, калі быў створаны спецыяльны Савет для будаўніцтва капліцы на могілках. Вышыня сучаснай капліцы складзе 6,5 метраў.
Мемарыяльная пліта Юзэфу Пілсудскаму
Яшчэ адзін унікальны помнік знаходзіцца ў Вілейцы. Помнік, які мала хто бачыў, але пра яго існаванне ведаюць многія «невіляйчане». Гэта мемарыяльная памятная пліта ў гонар Юзэфа Пілсудскага з в. Будзькі Хаценчыцкага сельсавета. Адзіны, які захаваўся да нашых дзён на тэрыторыі Беларусі, помнік Ю.Пілсудскага – польскага ваеннага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, першага кіраўніка адроджанай Польскай дзяржавы, заснавальніка польскай арміі, маршала Польшчы.
Помнік прадстаўляе сабой апрацаваны прыродны граніт, на якім размяшчаецца мармуровая пліта з надпісам. Яшчэ ў 1935 годзе гэты мемарыяльны знак быў урачыста ўстаноўлены каля польскай школы імя Ю.Пілсудскага ў в. Будзькі. Увесь перыяд савецкага часу пасля яго разбурэння і ажно да 2004 года помнік праляжаў у лесе каля вёскі. А ў 2004 годзе быў перавезены вілейскім краязнаўцам Анатолем Рогачам для таго, каб яго не змаглі вывесці з тэрыторыі раёна.
У 2005 г. яго ўсталявалі на тэрыторыі РЭС Вілейскага раёна, дзе ён знаходзіцца і зараз.
І гэта далёка не ўвесь пералік помнікаў і скульптурных кампазіцый Вілейкі. Яшчэ можна адзначыць памятны знак Іосіфу Лашутку па вуліцы Камарова, былую стэлу, якая некалі размяшчалася на сучаснай стаянцы каля завода “Зеніт” і Еўраопта, скульптуру «Дворнік» каля тэрыторыі ЖКГ і яшчэ шмат іншых адметнасцей горада, якія надаюць яму непаўторны каларыт. Але аб гэтым іншы раз…
Магчыма, надыйдзе той час, калі будуць знойдзены і вернуты многія былыя помнікі – Пілсудскага дастануць са дна ракі, Сталіна адкапаюць – і мы зробім найцікавейшы аб’ект «Гарадскі пантэон правадыроў», паставіўшы побач помнікі сучасныя і мінулыя. Усё гэта наша гісторыя і мы яе павінны памятаць і шанаваць.
P.S. Пасля выхаду першай часткі артыкула мясцовы каязнаўца і старшыня вілейскай суполкі Таварыста аховы помнікаў Дзяніс Канецкі прыслаў у рэдакцыю факсімілію газеты «Kurjer Wilenski» за 1938 год, дзе быў змешчаны артыкул пра адкрыццё помніка Ю.Пілсудскаму ў Вілейцы. Аказалася, што помнік мае выгляд пастаманта, на якім размешчаны і барэльеф на пярэднім баку, і наверсе бюст польскага маршала. Вось так гісторыя адчыняе свае сакрэты…
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва ШП
Часть 1. Гісторыя Вілейкі праз помнікі Пілсудскаму, Сталіну, Леніну