Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гэтыя здымкі даслалі нашчадкі Валовічаў, апошніх гаспадароў Гануты

Маёнтак Ганута… Шмат хто з чытачоў спытае: «А дзе гэта?». Так, ад маёнтка, якому больш за 500 год, амаль што нічога не засталося. Дзве каплічкі, якія паціху разбураюцца ў вёсцы Ручыца (дарэчы яны найбольш старажытныя помнікі архітэктуры ў раёне 1765 г.), адзіныя сведкі мінулай велічы гэтага месца. «На парэштках замкаў зымшэлыя крушні…» – як спявае наш зямляк А.Наркевіч. А некалі тут віравала жыццё. Гальшанскія, Пацы, Агінскія, Валовічы… Гэтыя славутыя сыны зямлі беларускай, кожны ў свой час, былі ўладарамі маёнтка Ганута. С 1817 па 1831 год гаспадаром Гануты быў Міхал Клеафас Агінскі, аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Колішнюю прыгажосць гэтых мясцін пакінуў нам у сваёй акварэлі выбітны беларускі мастак Напалеон Орда. Сёння капліцы,акварэль Орды ды некалькі здымкаў пачатку мінулага стагоддзя – гэта тыя аскепкі велічы, па якіх мы можам сабе ўявіць, як выгдядаў раней паркава-палацавы комплекс. Але днямі нам пашанцавала атрымаць яшчэ некалькі «кавалачкаў», якія дапаўняюць карціну. Дзякуючы намаганням старшыні вілейскай суполкі «Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Дзяніса Канецкага, былі знойдзены яшчэ некалькі, раней невядомых, здымкаў маёнтка Ганута. Гэтыя здымкі даслалі нашчадкі Валовічаў, апошніх гаспадароў Гануты. На фота бачна,як выглядаў маёнтак ў 1915-1920 гадах, амаль напрыканцы свайго існавання (ён быў спалены ў 1943 годзе).
У хуткім часе сябры «Таварыства» плануюць зладзіць выставу старых фотаздымкаў Вілейшчыны, на якой усе жадаючыя змогуць убачыць і шмат «новых» здымкаў маёнтка Ганута – гэтай сапраўднай «перліны» архітэктуры,якая,на жаль, не захавалася да нашага часу.
Зміцер ХАЦЕНЧЫК,
сябра вілейскай суполкі  «Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries