Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

ФОТОРЕПОРТАЖ. В Вилейском Дворце культуры состоялся праздничный концерт «Свет Нараджэння Хрыстова» 

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Нараджэнню Хрыстову, пачалося загадзя, калі да пачатку канцэрта на другім паверсе Палаца культуры свае святочныя вітанні да гледачоў, якіх прыбывала ўсё болей і болей, адрасоўвалі фальклорныя калектывы Вілейскай гімназіі № 2 і народны калектыў «Весялінка» Вілейскага Палаца культуры. Тут можна было пачуць у выкананні дзіцячага калектыву народныя калядкі, пабачыць народныя танцы ў выкананні больш дарослых школьнікаў, а таксама паслухаць у жывым выкананні народныя найгрышы.

І вось гучыць святочны перазвон, які дае пачатак канцэрту ў гонар Нараджэння Хрыста. Першым на сцэну выходзіць хор храма Прападобнай Марыі Егіпецкай пад кіраўніцтвам рэгента Ніны Маркузавай. Святочныя песнапенні ў выкананні хору, якія былі па-сапраўднаму ўзнёслыя, не пакінулі гледачоў абыякавымі, аб чым сведчылі гучныя і працяглыя апладысменты і выхад хору «на біс».

– Зноў прыйшло вялікае свята Нараджэння Хрыстовага, свята гарачай веры і непасаромленай надзеі на промысел Божы, які вядзе да дабра кожнага чалавека! – Такімі словамі віталі ўсіх прысутных нязменныя вядучыя вечара – сябра грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз музычных дзеячаў» і рэжысёр канцэрта Таццяна Захарыч, а таксама акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Алег Вінярскі. – Нараджэнне Хрыстова! Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў чуецца ангельскае славаслоўе…

І сапраўды ангельскім славаслоўем быў насычаны ўвесь святочны канцэрт. Юныя прыхаджане храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы гэтаму былі яскравым пацвярджэннем.

Выкананыя маленькімі артыстамі вершы і спевы лагодна луналі над залам, а гледачы,затаіўшы дыханне,слухалі іх. Літаратурна-музычная кампазіцыя «Рождественская звездочка» ў выкананні таленавітых маленькіх прыхаджан пад кіраўніцтвам Галіны Гуркінай і прачытаны Святланай Доўгай верш «Рождественские розы» студыі «Домисолька» Цэнтра эстэтычнага выхавання далі гледачам момант асалоды і роздуму над сэнсам светлага свята Нараджэння Хрыстова.

Як заўжды, сапраўдным упрыгожваннем свята сталі прафесійныя канцэртныя нумары выхаванцаў і настаўнікаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў – гэта выкананыя творы Аксанай Наркевіч, творы вакальна-харавой групай пад кіраўніцтвам Аксаны Ткачэнкі, ансамбля народных інструментаў «Лібэра», кіраўнік Вольга Хвядзевіч, канцэртмайстар Іна Ляшчэвіч напаўнялі вечар чароўнымі мелодыямі.

Сапраўдную цішыню залы не мог парушыць ніводзін гук, калі на сцэне сталі выконваць літаратурна-музычную кампазіцыю «Благословен тот день и час» удзельнікі студыі мастацкага чытання «Ветразь» Вілейскай гімназіі № 2 пад кіраўніцтвам Мікалая Іваненкі (скрыпка – Ганна Патапава, раяль – Кацярына Літвіновіч), нядаўнія лаўрэаты літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова».

У іншым вобразе ў гэты вечар перад гледачамі прадстаў народны вакальны ансамбль «Велея казацкая», кіраўнік Марына Дударчык, удзельнікі якога выканалі твор «Колокольный звон» на словы іераманаха Рамана і музыку Аляксандра Захарчанкі. У гэты вечар на сцэне гучалі і непаўторныя гукі вальсу, пад якія вальсіравалі выхаванцы ансамбля «Карагод» Вілейскай гімназіі № 2, кіраўнік Ірына Новік. Гучалі на канцэрце вершы ў выкананні Алега Вінярскага, цудоўны нумар выканаў калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання і ўзорны ансамбль «Адэліта» Вілейскай школы мастацтваў, кіраўнікі – Таццяна Захарыч і Уладзімір Лапцік. Усё было па-ўзнёсламу прыгожа і святочна.

Сапраўдным падарункам у гэтым годзе для ўсіх гледачоў стала выступленне Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара Міхаіла Дрынеўскага. Хорам была прадстаўлена цікавая калядная праграма, у аснове якой спрадвечныя традыцыйныя спевы нашых бабуль, песні беларускай вёскі. Як на працягу ўсяго канцэрту, так і для нацыянальнага хору не змаўкалі доўгі час гучныя апладысменты.

У завяршэнні мерапрыемства для заключнага слова на сцэну запрасілі благачыннага Вілейскай акругі, настаяцеля храма Прападобнай Марыі Егіпецкай іераманаха Аляксандра Шмырко і намесніка старшыні Вілейскага райвыканкама Святлану Дзяруга.

– Свята Божага Нараджэння напаўняе сэрцы людзей дабрынёй, любоўю, дае надзею на выратаванне, вяртае да гістарычных каранёў і традыцый, што яскрава адчулі ўсе мы на сённяшнім канцэрце, – адзначыў у сваёй прамове благачынны Вілейскай акругі іераманах Аляксандр Шмырко. – Сардэчна жадаю ўсім здароўя, мірнага жыцця, шчасця, радасці і дабрадзенства.

– Адной са знамянальных традыцый у нашым раёне стаў калядны канцэрт, які штогод збірае поўны зал, – зазначыла і Святлана Дзяруга. – Гэта значыць, што ўсё больш людзей розных узростаў становяцца дабрэй і становяцца бліжэй адзін да аднаго. Я хачу шчыра ўсіх вас павіншаваць са святам Нараджэння Хрыстова і Новым годам і падзякаваць кожнаму, хто рыхтаваў і прымаў удзел у гэтым цудоўным канцэрце. Пажадаць кожнаму здароўя, цяпла і Бажага Благаславення.

І яшчэ па адной прыгожай традыцыі завяршыўся канцэрт сумесным выкананнем «Многая лета». Так, усе разам у спевах, вершах і танцах у гэты дзень віляйчане праслаўлялі Народжанага Хрыста. А калядны канцэрт, напоўнены чысцінёй, прыгажосцю і гармоніяй, з’яўляецца сапраўдным адгалоскам святла Божага Нараджэння, што сагравае нашы сэрцы і душы. Галоўнае, каб,выйшаўшы з залы, кожны змог данесці гэтае святло ў сем’і і свае дамы, усім знаёмым і калегам. Калі мы навучымся разам з гэтым святлом жыць, праз малітву размаўляючы з Богам, то мы зможам яго пастаянна ў сабе аднаўляць і дзяліцца ім з навакольнымі. Вось у гэтым і заключаецца сэнс калядных дзён, калі мы напаўняемся святлом Божага Нараджэння і дзелімся ім. І няхай гэтае святло заўсёды грэе кожнага з нас. Са святам Нараджэння Хрыстова!

Сяргей ГАНЧАР. 
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 48 queries