Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фотавыстава «Вілейка: падарожжа ў часе»

У нядзелю ў зале выстаў краязнаўчага музея адбылося адкрыццё фотавыставы «Вілейка: падарожжа ў часе» – падзея, безумоўна, важная і цікавая найперш для жыхароў нашага горада. Бо як можа не быць цікавай гісторыя тых вуліц, па якіх ходзім мы сёння, спяшаючыся на працу або па якіх-небудзь іншых неадкладных справах?
Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік музеяНекаторыя з прадстаўленых фотаздымкаў – з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», іншыя – з фондаў нашага краязнаўчага музея. Да ўвагі гледачоў прадстаўлены і два арыгінальныя фота-здымкі – сапраўдныя артэфакты, а таксама рэпрадукцыі старадаўніх паштовак і копіі фотакартак.
Адметнасцю экспазіцыі стала тое, што разам з відамі нашага горада, што застылі ў часавым прамежку пачатку дваццатага стагоддзя, размешчаны і сучасныя каляровыя фотаздымкі. Таму наведвальнікам выставы было зусім проста падарожнічаць у часе. Спачатку – здзейсніць праменад па вузкіх вулачках Вілейкі, у той час брукаваных, затрымацца каля мураваных храмаў, наведаць маляўнічыя куточкі горада, спыніцца позіркам на драўляных будынках, сустрэцца з тагачаснымі вілейчанамі, разгледзець іх аблічча – і, можа, знайсці ў рысах іх твараў адбітак сваіх продкаў. А потым – імгненна перанесціся ў нашы дні, каб параўнаць, як выглядае тая ці іншая мясціна сёння, калі мінула ўжо сто год, і адзначыць для сябе, што захавалася ў абліччы горада, а што – з’явілася новага. Што ставілі на мэце перад сабой арганізатары выставы? З гэтым пытаннем я звярнулася да старшага навуковага супрацоўніка музея – Вольгі Коласавай.
Эдуард Мацюшонак "У Вілейку"– Падзею гэту ў Вілейцы чакалі ўжо даўно. Тым больш, што выстава – працяг сяброўства і супрацоўніцтва з Уладзімірам Ліхадзедавым, аўтарам шэрагу публікацый у газеце «Советская Белоруссия» пад рубрыкай «У пошуках страчанага». І гэта ж назва з’яўляецца назвай сумеснага нашага праекта.
– Спадзяюся, што яго рэалізацыя дасць плён. Вольга Аляксандраўна, а якія планы на перспектыву?
– Наперадзе – работа па падрыхтоўцы да выдання аднайменнай кнігі, якая для кожнага віляйчаніна і госця нашага горада стане сапраўдным падарункам. Тым больш, што сам Уладзімір Ліхадзедаў стаў амаль нашым земляком і ў мінулым годзе набыў домік у Вілейцы.
– Вольга Аляксандраўна, сярод фотаздымкаў і рэпрадукцый я заўважыла работы Эдуарда Мацюшонка. Якім чынам яны звязаны з экспазіцыяй?
Эдуард Мацюшонак "Ідуць"– Карціны «Ідуць» і «На беразе Віліі», датаваныя 2004 годам, – гэта мастацкая рэканструкцыя старадаўніх фотаздымкаў. Таксама прадстаўлены дзве пазнейшыя яго работы, на адной з якіх увасобленая цэнтральная плошча з фантанам і касцёлам, а на іншай – берагі Віліі ў чароўным іх харастве.
– Колькі часу будзе доўжыцца выстава?
– Яна працягнецца да канца красавіка, таму кожны жыхар Вілейкі зможа знайсці час, каб пазнаёміцца з родным горадам, тым самым, якім ён быў напачатку дваццатага стагоддзя.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries