Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Паляванне з фотаапаратам

Увечары мінулага аўторка наведвальнікі музея сустрэліся з прыродай. Адмысловую назву мела выстава нашага земляка, які жыве ў Хаценчыцах і палюе на жывёлу з фотаапаратам «Canon», Віктара Казлоўскага.– З усіх шчаўчкоў затворам, якія я раблю на працягу месяца, выходзіць адзін найлепшы кадр, – распавядаў фотамастак прысутным. – Жывёлы, на жаль, не жадаюць быць героямі, калі іх здымаюць, таму патрэбна цярпенне і вялікае жаданне.
Яшчарка, што скідае шкуру. Пара лісянят, што чакаюць маму каля сваёй нары. Скачок зайца над снегам. Палуднаванне лася, які харчуецца на каленях. Бусел падчас заходу сонца. Усе сюжэты Віктара Казлоўскага розныя, але надзвычай трапна адлюстроўваюць прыгажосць прыроды і непаўторны свет жыцця братоў нашых меншых.
Захапляцца здымкай беларускай фауны Віктар пачаў яшчэ ў школе. Вывучыў звычкі жывёл і птушак, калі працаваў паляўнічым і ляснічым. У свой час нават прадаў трактар, каб купіць фотаапарат. Сёння ён з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага клуба фотапаляўнічых.
– Большасць здымкаў – нашы, вілейскія, – расказваў Віктар Казлоўскі пра тое, як удаецца «злавіць» імгненне. – Ваўкоў, напрыклад, фатаграфаваў у 30-кіламетровай зоне адсялення, якая пацярпела ад выбуху на Чарнобылі. Людзей перасялілі і разам з імі зышлі буслы, а ўся жывёла, што засталася, змяніла звычкі і рэжым жыцця. Цяжка здымаць цяцеркаў падчас такавішча. Адзін неасцярожны рух, і птушку вы ўжо ніколі не ўбачыце.
Сябра Віктара Казлоўскага і яго паплечнік Сяргей Плыткевіч дадаў, што мэта выставы – даць зразумець бацькам, што ў дзяцей патрэбна развіваць пачуццё да творчасці:
– Выхоўваецца цярпенне, воля і пры гэтым чалавек мае зносіны з прыгожым светам. Фота – адзін з відаў мастацтва. Для таго, каб стаць сапраўдным майстарам, як Віктар Казлоўскі, патрэбна не адна гадзіна і нават не адны суткі. Таму падтрымлівайце сваіх дзяцей і ў будучым будзеце імі ганарыцца.
Выстава «Сустрэча з прыродай» будзе адчынена да 20 лістапада ў выставачнай зале музея. Паглядзець на захапляльныя здымкі можна ў любы дзень, акрамя панядзелка.
Анатоль ЗАНКАВІЧ, фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 183 queries