Экскурсаводы народных музеяў “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды” віталі былую выпускніцу школы Язерскую Святлану Анатольеўну ў сваіх музеях. Святлана Анатольеўна не толькі выпускніца Ільянскай сярэдняй школы, яна першых пяць год пасля заканчэння педагагічнага інстытута імя М.Горкага працавала настаўніцай у роднай школе, выкладала беларускую мову і літаратуру, музыку і спевы.
Пазней была аспірантура і набытая спецыяльнасць “Методыка выкладання беларускай мовы”. Пачалася праца па метадычным забеспячэнні гуманітарнай адукацыі. У арсенале С. А. Язерскай 167 навуковых прац: каляндарна-тэматычнае планаванне, падручнікі, нарматыўныя дакументы, метадычныя дапаможнікі для студэнтаў і настаўнікаў…
Святлана Анатольеўна – удзельнік рабочай групы пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы новай рэдакцыі “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, член журы Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, удзельніца канферэнцый і семінараў у сферы адукацыі, лектар для настаўнікаў-моваведаў…
Прафесар С. А. Язерская з’яўляецца каардынатарам секцыі беларускай мовы і літаратуры Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам рэдакцыйнай калегіі навукова-метадычнага часопіса “Беларуская мова і літаратура”.
Нам было надзвычай прыемна атрымаць ад паважанай госці кнігі з аўтографамі, падпіску за тры гады часопіса “Беларуская мова і літаратура”, цікавыя фотаздымкі, шматлікія падзякі за яе вялікую шматгадовую працу.
Экскурсаводы атрымалі ўрок беларускага маўлення, новы матэрыял для экскурсійнай справы і экспазіцыі музея і, безумоўна, прыклад працавітасці, мэтанакіраванасці, умення ўпэўнена ісці да пастаўленай мэты.
Школа з поўным правам можа ганарыцца сваёй выпускніцай.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік народнага музея “Вілейшчына літаратурная” .
Фота прадастаўлена аўтарам




