На днях адзінаццаты дзіцячы садок Вілейкі наведалі незвычайныя госці – людзі творчыя, людзі цікавыя: Віктар Кажура, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ірына Карнаухава, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца», і Бажэна Ганушкіна, адказны сакратар часопіса «Полымя». А прымеркавана сустрэча была да міжнароднага Дня роднай мовы.
Да гэтай сустрэчы наведвальнікі дзіцячага садка падрыхтавалі казку «Зайкава хатка». Канешне ж, ролі свае вучылі па-беларуску, старанна і адказна – і ў маленькіх артыстаў усё атрымалася. Калі апладысменты, адрасаваныя іх таленту, супакоіліся, госці пазнаёмілі маленькую аўдыторыю са сваёй творчасцю – імправізуючы, чыталі вершы, задавалі дзеткам пытанні. І атрымаўся жывы дыялог – на роднай мове паміж роднымі людзьмі.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара