Святкаванне Дня праваслаўнай кнігі ў гэтым годзе прымеркавана да юбілею беларускага кнігадрукавання. У 1517 годзе ў Празе беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром Францыскам Скарынам быў выдадзены Псалтыр. Затым вялікі асветнік і гуманіст падрыхтаваў і выдаў астатнія кнігі Старога Запавету пад агульнай назвай «Біблія Руска».
Галоўная мэта Дня праваслаўнай кнігі – прывіццё любові да чытання ў падрастаючага пакалення, развіццё цікавасці да рэлігійнай літаратуры і абазначэнне яе асаблівай ролі ў жыцці кожнага чалавека. Для Беларускай праваслаўнай царквы Дзень праваслаўнай кнігі – гэта прызнанне вялізнага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.
24 лютага ў Вілейскай благачыннай акрузе ў рамках правядзення Дня праваслаўнай кнігі прайшла тэматычная канферэнцыя «Хрысціянская сімволіка ў пісьмовых крыніцах». З уступным словам у пачатку мерапрыемства выступіў благачынны Вілейскай царкоўнай акругі іераманах Аляксандр (Шмырко).
Падчас канферэнцыі з дакладамі выступілі протаіерэй Аляксей Васін, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя з тэмай «500-годдзе выдання святой Бібліі Францыскам Скарынам» і Генадзь Лаўрэцкі – выкладчык царкоўнай археалогіі Мінскай духоўнай акадэміі з дакладам «Вобраз Крыжа ў хрысціянскім мастацтве».
У сустрэчы прынялі ўдзел духавенства благачыння, прадстаўнікі адміністрацыі горада, устаноў культуры і адукацыі, а таксама прыхаджане.
У завяршэнні мерапрыемства з невялікай канцэртнай праграмай выступіў хор храма прападобнай Марыі Егіпецкай пад кіраўніцтвам рэгента Ніны Маркузавай.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота і матэрыялы molod-eparchy.by